1 2 3 4 5 6 7 8 9

Белае полымя

Трашчаў чэрап ад думак, балелi рукi ад працы, балеў каршэнь ад намаганняў з Хабараўска.I гэта яшчэ не было самым цяжкiм. Чукчы i каракi з аленямi качавалi па ўсёй “Францыi”, тыя чукчы i каракi, што, бадай, больш за ўсiх людзей на зямлi любяць сваiх дзяцей: нiколi не б’юць iх, не лаюць, размаўляюць з iмi, як з дарослымi. Яны, споўненыя любовi да дзяцей, нiколi б не аддалi сыноў i дачок у iнтэрнат. Кожны трэцi чалавек – дзiцёнак школьнага ўзросту. Што рабiць з iмi?I ён знайшоў выхад: качавыя школы.Хай школа iдзе за чародамi ў некалькi тысяч аленяў, хай яна спыняецца, калi спыняюцца i ставяць юрты пастухi, хай iдзе далей, калi аленi з’ядуць ягель.Святла чакаць нельга, як хлеба, як волi.I вось таму ён, Андрэй Падкова, загадчык аблана, ляжаў тут у задыханай вiльготнай палатцы, еў вяленае мяса i баяўся выпiць глыток спiрту, каб не заснуць мацней, чым трэба. О Мацi-Завея, мацi-Завея, Белае Полымя, якое рвецца з узвышшаў у каламутнае неба!Якая свiнцовая, якая чыгунная стома! Ад яе перадчасна сiвеюць скронi i твар, выдублены марозам, стае чырвоным, як сасновая кара. Здзiўляцца нечаму. За спiною пяць тысяч кiламетраў, наперадзе яшчэ тры. I ўсё гэта за тры месяцы.Колькi давялося практыкавацца, каб стаць добрым каюрам, каб не браць лiшняга са сцiплых дзяржаўных сродкаў. Асабiста для сябе, каб не залежаць ад другiх у часе, купiў ён запрэжку санак, пераабсталяваў нарты.Стома!Пяты год Андрэй адзiн выязджаў у свой шлях па школах вобласцi. Выязджаў звычайна 15 – 20 лiстапада i вяртаўся ў першых чыслах мая. У гэты год ён быў павiнен, хоць нiхто не загадваў гэтага, праехаць па ўсiх школах заходняга ўзбярэжжа, перасячы бязлюдную ўсходнюю тундру, праехаць па школах на ўзбярэжжы Ледавiтага акiяна да Чукоткi, потым наведаць эскiмоскiя i чукоцкiя школы, спусцiўшыся да Анадыра.I толькi там чакаў першы адпачынак: плаванне на караблi ў Петрапаўлаўск.Пакiнуўшы ў апошнiх чыслах студзеня апошнюю сялiбу Гіжыгiнскага раёна, падгатаваўшы сябе i сабак, папоўнiўшы запасы, Андрэй паглыбiўся ва Ўсходнюю тундру, у якой можна блукаць тыднямi i не сустрэць людзей.Тэрмiны былi сцiслымi, шлях вялiкiм, але трывалыя i непераборлiвый сабакi былi здаровымi, i Падкова ведаў, што не загiне у снягах.Першыя днi былi добрымі, i ён рабiў па сто – сто дваццаць кiламетраў у суткi, зусiм як звыклыя мясцовыя людзi. Ён ведаў, што i яны не вельмi любяць такiх далёкiх шляхоў, i ганарыўся, што ён iдзе тут сам, адзiн.Але потым прыйшла яна, Завея. З цiхiм звонам паiмчала тундраю замець, выпусцiла з шырокага рукава мiльёны белых пчол.– Вымаражу! Задушу! Пу-у-ста зраблю-у-у!I вось ён трэцiя суткi ляжаў тут, пад снегам, як пясец. Думкi ад безрабоцця лезлi у галаву дурныя, слабыя, нiкчэмныя: пра чмялiны мёд, пра верасы падзалатымi соснамi на Нёмне, куды зараз усё адно не было дарогi. Плюнуць на ўсё, паехаць туды, дзе зялёныя дрэвы.З гора ён заснуў, а калi прачнуўся i паварушыў харэем белую па душку над галавою – Завея знiкла i было сонца.Ледзь выдраўшыся са снежнай магiлы, ён, не трацячы марна час, уклаў i ўвязаў паклажу на нартах i пачаў шныпарыць па гурбах, шукаючы сабак. Iх выдавалі дзiркi, вакол якiх блiшчэлi крышталiкi лёду i курыўся пар.Важак, цудоўная камчацкая лайка па мянушцы Джэк, шыракагруды, жаўтавата-рабы па беламу фону, выдраўся першым i пачаў будзiць астатнiх: пароцца да iх i хапаць зубамi за розныя далiкатныя часткi цела.Нагадаваўшы сабак юколай i прасачыўшы, каб хтосьцi з iх, праглынуўшы сваю порцыю, не адабраў рыбы ў суседа, Андрэй запрог iх i рушыў у дарогу.

1 2 3 4 5 6 7 8 9