1 2 3 4 5 6 7 8 9

Белае полымя

Нiзкае-нiзкае сонца вiсела над раўнiнай. Роўным белым пакроем рассцiлалiся вакол снягi, i не было вакол нiякай раслiннасцi, нiводнага арыенцiра. Падкова ведаў, што тут ён толькi выпадкова можа натрапiць на людзей, што адзiнае патрэбнае яму – не збiцца з напрамку. Таму ён ехаў па карце i трымаў напрамак па компасу.Яшчэ да Завеi – Андрэй памятаў гэта – не вiдаць было птушак, не плямiлi снег сляды звяроў. I гэта азначала, што паблiзу няма жытла чалавечага i няма ракi. Жыццё зiмою цягнецца туды, дзе можна хоць штосьцi ўварваць з рук чалавека або мачыхi-прыроды.Злева павiнен быць адзiн з прытокаў Калымы, але гэта вельмi далека: тры днi дарогi.А пакуль снег ляжыць у туманным марыве, злiваецца з гарызонтам i страта гарызонту стварае нейкае дзiўнае адчуванне, адчуванне руху ў прасторы. Толькi праз каляровае шкло акуляраў бачыш ледзьве ўлоўную лiнiю небасхiлу.Ветру няма за што было затрымацца, каб быць чутным, i таму вакол стаяла непарушная цiшыня, вялiкае маўчанне снягоў.Андрэй размаўляў з сабакамi, i тыя слухалi яго i не звярталi ўвагi. Толькi пачуўшы знаёмую мянушку, азiралiся на iмгненне.– Г’ё, Джэк! Г’ё, Сняжок! Ты што ж гэта лайдачыш, на важака не глядзiш, сабачая твая душа?! Чакай, дабяромся да эскiмосаў – Джэку дам сушанай iкры, а ты так i будзеш сядзець на юколе.Сняжок пачынае хутчэй варушыць пушыстымi, бы ў валенках, лапамi. Усё наладжана, сабакi бягуць дружна, у вокамгненне слухаюцца каманды. Сiвуч, як заўжды, цягне за траiх, Воўк iмкнецца ўхапiць пярэдняга за лапу – жартачкi знайшоў.Прыгнятае мёртвая цiша, а пачнеш спяваць, – голас нейкi глухi, застаецца тут, поруч, не адыходзячы анi на крок: тундра не дае рэзанансу.Было дзве гадзiны дня, i Андрэй ведаў, што хутка пачне змяркацца. Трэба было яшчэ гадзiн дзве ехаць у цемры, а потым ставаць на начлег.Калi першыя сiнiя адценнi ляглi на снег, ён заўважыў, што сабакi сталi неспакойныя. Вушы у iх насцярожвалiся, i было ясна, што яны нешта чуюць. I раптам, зусiм нечакана, перадавы пёс, Джэк, забрахаў i рвануў нарты ўбок. За iм з ярасным, захлынаючымся брэхам паiмчалi астатнiя сабакi. Падкова зразумеў, што хоць напрамак зусiм другi, але нюх нiколi не падманвае сабак: паблiзу жыллё або звер.I ён пусцiў сабак. Ен ведаў, што ўзiмку буйных i страшных звяроў у тундры няма. Заяц, лiсiца, гарнастай, расамаха – гэта было бадай што ўсё.Праз некалькi хвiлiн з ледзь прыкметнага ўзгорка Падкова пабачыў у кiламетры ад сябе гiганцкую стракатую пляму: вялiзны табун аленяў.Сабакi цягнулi да яго, цягнулi з узбрэхам, з задыханнем, з ярасным вiскам. Гэтыя страшныя звяры, ездавыя камчацкiя лайкi, нашчадкi вялiкага ваўчынага племя, бязлiтасныя, як ваўкi i перавышаючы ваўкоў сiлай, – пры сустрэчы з будзь-якiм зверам шалеюць. Усё адно, хатнi гэта звер цi дзiкi. I забiваюць яны гэтага звера трапным ваўчыным кiдком на карак i паступовым перахватам да шыi. Некалькi год таму ездавыя сабакi Падковы, якiх ён не мог стрымаць, у некалькi хвiлiн расправiлiся з тройкай аленяў. Чукча-пастух прыбег з вартавымi сабакамi запозна i нават не лаяўся, толькi сказаў сумна:– Э-эх, бачка. Вялiкi начальнiк, а сабак, прыяцель, трымаць не ўмееш. Дурны, аднак, як дзiцёнак.Горш за ўсё было тэта спакойнае пахiтванне галавою.Цяпер Андрэй быў ужо спрактыкаваным каюрам i таму, даўшы сабакам магчымасць наблiзiцца на палову кiламетра, спрытным рухам перакулiў нарту i сеў на яе.Добра ўвязаныя пажыткi не маглi рассыпацца, i нарта ўсёй паверхняй забаранавала снег. Андрэй ведаў, што метраў праз 200 – 300 сабакi знясiлеюць i з iмi легка будзе справiцца.

1 2 3 4 5 6 7 8 9