1 2 3 4 5 6 7

Блакіт і золата дня

І цеплыня. І знямога. І крыкі пеўняў. – Прыйдзі, сейбіт! Нічога такога яна не магла б расказаць. Яна магла толькі ўсміхацца, склаўшы рукі на каленях. Нават маці не зразумела б гэтага. Як поле, якое ўсё аддало, не можа зразумець поля, якое чакае. Яна і не разумела, а толькі бурчала на жаўтавусага мужа, лічыла грошы ў хусцінцы, пераклікалася з суседкамі на другіх чаўнах. І, як заўсёды вядзецца ў вельмі занятых жанчын, першай прыкмячала, што трэба і што не трэба. Яна першая заўважыла лёгкі доўблены човен, вельмі вялікі і вёрткі. Човен выслізнуў з гаю, што стаяў па пояс у вадзе, і лёгка стаў даганяць непаваротлівую флатылію. На карме сядзеў чалавек у шэрай ваўчынай шапцы і спрытна арудаваў адным вяслом. – Хто ж гэта такі? Наталька! Наталька! Ну, зірні сваімі вачыма... Дзяўчына павярнулася і з усмешкай, што ўсё яшчэ гуляла на яе вуснах, нездаволена сказала: – Юрка з Выселкаў вяслуе. І зноў адвярнулася. Таму што гэты Юрка зусім ёй не падабаўся. Увесь нейкі тугі, як спружына, вочы гарэзлівыя. І заўсёды скаромныя жарты на языку. І заўжды на бойку лезе. Без дай прычыны, проста так: пабачыць, што дзве кампаніі б’юцца, абярэ тую, у якой аднаго чалавека не хапае, – і давай. Ды і не гэта ў ім самае дрэннае. Вочы ў яго трывогу наводзяць. Няладныя яны, не такія, як у астатніх. Гэтай зімой ён паспрабаваў быў у сенцах абняць яе. Ёй было смешна, што ў яго дрыжаць рукі, што ён так няроўна дыхае. І ўсё ж яна ўзвілася на дыбкі, як неаб’езджаны конь. Людзі ў хаце чулі толькі, як грымнулі вёдры і ўпаў каромысел. Калі яна ўвайшла ў хату, дзе сустрэлі яе песні скрыпкі, пералівы гармоніка і ўздыхі бубна, нехта спытаў яе: – Што гэта там упала? – Юрка вёдры зваліў. П’яны прыцягнуўся. – І прыбавіла: – Угаварыла, каб дадому ішоў. Яе твар быў такі непранікнёна спакойны, што ўсе паверылі. І вось цяпер яна злавала, што новы чалавек парушыць гэты сонны, гэты бяздумны і лянівы спакой. А Юрка тым часам стаў на ногі і ўхапіўся за борт бліжэйшай байды карычневай ад загару рукою. Човен глуха стукнуўся аб байду. Яго прывязалі. І тады Юрка нахіліўся і лянівым рыўком ускінуў на плечы двухгадовага секача, ашчаціненага, брудна-бурага, са злосна ашчэранай мордай. Гуляючы, кінуў яго на байду. – Ану, наваліся, таечкі. Разабраць адразу ж. Мужыкоў накарміць. Усё адно да горада сапсавацца можа. Бабы з захапленнем загалёкалі над тушай. А Юрка глядзеў на іх падазрона-спакойнымі вачыма. – Нашто ж квахтаць? – сказаў ён нарэшце. – Добра каб япрук, а то ж так, нядаўна з галавасцікаў выйшаў. Галавасцікамі ён называў галавастых дзікіх парсюкоў. – Ну, гэта ты не кажы, – сказаў Наталін бацька, – добры дзік. Бач, іклы ўжо якія! – Добра, давайце, бабы. Тады ўжо і мне адваліце смажанага. Бо ў мяне ўвесь хлеб скончыўся, паміраю з голаду. Ён нагнуўся ў чаўне. І раптам бабы з віскам кінуліся ў бакі. Над бортам байды з’явілася круглая галава рысі з грэбліва адкрытай пашчай, белазубай і крывава-чырвонай. Вушы на галаве былі шчыльна прыціснуты, вочы – прымружаныя. У тую ж хвіліну паказаліся грудзі, моцныя лапы. Рысь, здавалася, упаўзала ў байду. І адразу ж над ёй вырасла галава Юркі. Ён рагатаў. У шэрых вачах хітрыкі, рудаватыя валасы хвалямі падаюць на лоб. – Спужаліся? – спытаў ён. – Добра, кабеткі, не буду. Ён шпурнуў забітую рысь на дно байды і сам пералез цераз борт. – А гэта ўжо мне, – сказаў ён, падымаючы звера за карак. – Можа, будзе ў мяне жонка, дык буду класці ёй на ногі, каб са мною не мерзла.

1 2 3 4 5 6 7