1 2 3 4 5 6 7

Блакіт і золата дня

– З табою змерзнеш, – іранічна сказаў Натальчын бацька. – Дзень добры, людзі, – голасна сказаў Юрка і потым дадаў выразна: – Дзень добры, Наталечка. Тая не адказала. Ані не збянтэжаны такой акалічнасцю, ён палез у човен, дзе сядзела дзяўчына. – Вы разбірайце, – растлумачыў ён бабам, – а я буду тут. Не каля мяса быць кацінаму паху... Ач ты, д’ябал, пра нож забыўся. І зноў палез у човен. Наталя краем вока бачыла яго худую, налітую рухомай сілай постаць, шэрыя адчайныя вочы. Юрка ўжо сядзеў на кукішках каля гарадскога хлопца, які другі год швэндаўся па Палессі з блакнотам. Хлопец амаль любоўна казаў яму: – Шыцікі цябе ведаюць, што ты за чалавек. Такі ўжо беларус тыповы – далей няма куды. Губы Юркі склаліся ў іранічную ўсмешку. – А што, гэта добра ці дрэнна? – Па-мойму, нядрэнна... Здольны народ. – У-у, – працягнуў Юрка, – выключна здольны народ... Пакінуў хлопца, пералез у човен Наталі і кінуў перад ёй на лаўку серабрыстую вільготную рыбу. – На вось, Наталечка. – Нашто мне гэта? – Кляпец. Няхай пакуль што ў вадзе паляжыць. А падвечар ён абсохне, і мы тады з табою дзіва пабачым. – Ты што, думаеш, я так і буду з табою да вечара сядзець? – Не з дзедам жа ж Бяскішкіным табе сядзець. Са мною весялей. І зрабіў першыя надрэзы на лапах рысі. Абое маўчалі. У вадзе нараджаліся, скакалі па зыбу і згасалі, каб зноў успыхнуць, залацістыя іскрачкі. – Вы куды? – ціха спытаў ён. – У Карпілавічы, – неахвотна адказала яна, – ды вось спазняемся. – Ну так, – сказаў Юрка, – сёння ж вялікдзень. Не даплывеце раней, чым за суткі. Памаўчаў трошкі: – А табе нашто? – Мне не трэба. Гэта старыя бабы так захацелі. Іх тут палова. Шкада, няхай бы пацешыліся на старасці год... – Так, – сказаў Юрка і раптам зажмурыўся, нешта абдумваючы. Праз хвіліну ён паклікаў ужо да сябе дзеда Бяскішкіна і Натальчынага бацьку. – У Карпілавічы не даберацеся, бацькі. Спазніліся. – Ну дык што, – раззлаваўся Бяскішкін, – ты што, таксама мяне гарэліцай папікаць хочаш? – Позна, – сказаў Юрка, – ды я і не пра тое. Чаму б вам замест Карпілавічаў не падацца ў Пагост? – Сяла няма, – сказаў дзед, – адна царква на востраве. – Старым бабам гэта і трэба, – сказаў Юрка. – А вы ў сяло раніцай паспееце. – Не ў тым справа, – сказаў Наталін бацька, – туды не праплывеш. Каса пясчаная па дарозе. Размова ішла пра паласу выспаў, што цягнуліся паміж пратокай, дзе яны плылі, і Пагостам. – Цю-цю твая каса, бацька, – сказаў Юрка, – вада верхам ідзе. Глыбіні палова сажня. Сам сёння мераў. – Байды не пройдуць. – А байды мы на касе пакінем. Самім да Пагоста і на чаўнах дабрацца можна. Падумайце, мужчыны... Старыя вунь як узрадуюцца. Напамін аб старых вырашыў усё. Наталін бацька тут жа аддаў каманду і сам наваліўся на стырно, заварочваючы стырнавую байду, а з ёю і ўсю нехлямяжую флатылію ўлева. Ударылі па вадзе вёслы, і хутка плынь панесла плывучы кірмаш яшчэ хутчэй, чым дагэтуль. Юрка зноў сядзеў ля ног дзяўчыны. Рукі яго спрытна арудавалі нажом. – Ну вось, паглядзіш сёння, як на Пагосце даўгагрывыя арудуюць. Нічога не скажаш, прыгожа. Яго плячо раз-пораз дакраналася да яе ног. Яна бачыла буры загар на яго шыі, смуглату пад носам і на шчоках. Гэтыя дотыкі, моцныя і лёгкія, чамусьці не турбавалі яе – ён жа ж працаваў, а не назнарок. – Можа, і пахрыстосуемся, – сказаў Юрка, узнімаючы вочы. – Са зверам сваім пахрыстосуйся, – спакойна адказала яна.

1 2 3 4 5 6 7