1 2 3 4 5 6 7

Блакіт і золата дня

– Ды ён і так мяне сёння... пахрыстосаваў, – і агаліў руку. Яна ўбачыла тры падоўжныя раны на яго прадплеччы. Адразу недзе ў глыбіні, пад лыжачкай, нарадзілася трывога. – Ты чаго ж не сказаў нікому, дурны? – Нічога, я порахам засыпаў. – У-ух-х ты, – яна, спяшаючыся, выхапіла з-пад лаўкі свой хатулёк, выцягнула адтуль белую анучку, – дай сюды... Юрка паклаў ёй на калені тонкую і моцную руку. Яна нават не заўважыла гэтага. Хіба што цеплыню, якая ішла ад яго рукі праз тканіну. Гэтыя неглыбокія, але доўгія драпіны раптам абудзілі ў яе сэрцы нейкі амаль мацярынскі жаль да гэтага адчайнага хлопца. – Ну вось, – сказала яна, не заўважаючы цяжару яго рукі, – парадак. – Ясачка ты ў мяне, – сказаў Юрка. – Ясачка, ды не твая, – сказала яна, таму што зноў з’явілася ў ёй ранейшая млявасць, чаканне чагосьці і дрымота. – Крыўдуеш усё, – ціха сказаў ён, – а я як той алень увосень. Нават жывот яму падвяло, так ён кліча. – З голаду ў цябе жывот падвяло. Хлеб, пэўна, з’еў увесь... паляўнічы. Ад агнёў, раскладзеных на цаглінах, ужо даносіла пахам смажанага мяса. – Правільна, – згадзіўся Юрка з ценем крыўды ў голасе, – трэба падсілкавацца. Устаў і пайшоў да агню. Вярнуўся ён адтуль з бацькам Наталі. Абодва прынеслі ежу. У руках у Юркі былі дзве лусты хлеба з заціснутым паміж імі кавалкам смажанай япручыны. Румянае мяса раставала, прасякаючы тлушчам свежы наздраваты хлеб. – На, еж, – сказаў Юрка да Наталі. Стары Даніла сеў поруч з Юркам ля ног дачкі і выцягнуў біклагу. – Вазьмі глыні, сынок. – Заборыстае віно, – сказаў Юрка, адпіўшы глыток, – як выпіў, так за забор хапаешся. І ўзяўся за мяса. Наталька амаль не ела, а глядзела на хлопца. Юрка еў без прагнасці, хоць бачна было, што ён вельмі згаладаўся: у вачах насалода, рукі спрытна падмінаюць хлеб. І раптоўна яна спаймала сябе на нечаканай і цёплай думцы: «З гэтым і з адной місы есці прыемна». І засаромелася. Ежу прыкончылі. Даніла пайшоў. Юрка кончыў са скурай, скруціў яе і панёс у свой човен. “І чаго пайшоў? – падумала яна. – Спакайней на месцы сядзець”. І яшчэ падумала: “Нічога, зараз прыйдзе”. Потым адразу спахапілася. “Чаго гэта я? Нашла аб чым шкадаваць! Прыйдзе – не прыйдзе”. Ён прыйшоў і зноў сеў ля яе ног. Зноў лётаў над плынямі пяшчотны і волкі ветрык, гуляў яго валасамі і махрамі яе хусткі. Часам ён сціхаў і зноў вяртаўся слабымі ўздыхамі. І ў такт гэтым уздыхам нараджаліся ў вачах залатыя іскры. Мірыяды іскраў. Блакітнае было ўверсе. Блакітнае было ўнізе. Юрка прыхіліўся грудзьмі да яе нагі, і яна адчула, як моцна і пругка калоціцца ягонае сэрца. І зноў нешта перашкодзіла ёй адштурхнуць яго, не чуць гэтых удараў. Яна толькі варухнулася. – Ты сядзі, – папрасіў ён, і ёй спадабалася, што ён быццам просіць у яе літасці – здаровы, смелы, а перад ёю такі слабы, што яна можа рабіць з ім што захоча. Гэта ўсведамленне сваёй раптоўнай улады было небяспечным, але яна не ведала пра гэта. Бадай што гэта было і лепш. Яна адчувала ўдары яго сэрца цэлы дзень. Гэты трывожны і пяшчотны стук паступова перапаўняў цеплынёй яе калені і рукі. А ён адчуваў, як мякка казычуць яго шыю махры квятчастай хусткі. Урэшце яна пацягнула хустку вышэй, але адразу ёй стала шкада гэтых махроў, што сталі варушыцца дарэмна, і яна зноў апусціла хустку ніжэй. І ён усміхнуўся, зноў адчуўшы ласкавы дотык. Чаўны плылі і плылі ў блакітным і залатым. Гэта лазурнае толькі часам перарывалася празрыстай сцяной затопленага лесу, – і зноў загаралася іскрамі. Сплюшчылі павекі, глыбокая цеплыня перапаўняла цела. Блакітнае і залатое, залатое і блакітнае.

1 2 3 4 5 6 7