1 2 3 4 5 6 7

Блакіт і золата дня

Без канца. Без краю. Без мяжы. Зрэдку ён мармытаў пад нос нейкія песні, таксама небывалыя, таксама сонна-трывожныя. Дзень быў бязмежны. І бязмежным было падарожжа. А калі пачаў спускацца лянівы надвячорак, стала яшчэ лепш. Падсохла луска ў вынятага з вады кляпца. Яны глядзелі і чакалі. І раптам у паўзмроку вочы кляпца загарэліся фіялетавым агнём. Гэта было так нечакана, што яна падалася наперад, і грудзі яе дакрануліся да галавы хлопца. Так усё і засталося. А рыба сохнула. Луска на яе спіне стала цёмна-фіялетавай, збягаючы па баках да пяшчотна-сініх адценняў. Здавалася нават, быццам водбліск гэтага слабага ззяння кладзецца на іхнія твары. Яна ўздыхнула і падумала, што гэта ёй, толькі ёй, прынёс ён і паказаў гэткае дзіва. А ён раптам амаль прашаптаў: – Высахну вось па табе, як гэты кляпец. А каб ты са мною была – я ад хлеба толькі скарынку гарэлую браў бы, а астатняе табе. – Не трэба, Юрка, – таксама шэптам сказала яна. І на повень лягла ноч. І паходня запалала на носе галаўной байды. Чырванаватае ззянне выхватвала з цемры дрыжачыя галіны дрэў з цэлымі шапкамі пены, што круціліся ў іх. А вакол была вада. Дзяўчына накінула нарэшце хустку, як быццам для таго толькі, каб ён мог грэць пад ёю рукі. Абое маўчалі. Юрка пакінуў яе толькі тады, калі трэба было ставіць на прыкол увесь караван. Града вырасла перад імі цёмнай смугою дрэў. І раптам востры жаль пранізаў яе. Няхай бы бясконца сядзець вось так з ім, адчуваючы цеплыню яго рук. А голас яго ўжо гучаў па ўсіх байдах. – Пятрусь, ты чаго сядзіш? Заводзь нос, заводзь нос, табе кажу. Спрацаваўся мне, пад носам мух лавіўшы... Ану, узялі... І куды ты лявей тычкі прэш? Ану, яшчэ раз! Нарэшце караван трывала стаў на водмелі. Людзі пачалі адвязваць чаўны. Але як толькі яна паспрабавала прабрацца да бацькавага чаўна, яго рука лягла ёй на далонь. Лёгка сціснула і адразу адпусціла пальцы. – Не трэба. Сядай у мой човен. У вас будзе цесна. Яна сказала сабе, што не хоча гэтага, але ногі самі па сабе пераступілі цераз борт. У яго човен. Юрка марудзіў, адвязваючы канец. Апошнім сеў у чыйсці човен дзед Бяскішкін. І толькі потым, калі астатнія чаўны аддзяліліся сажняў на сорак, пачала цурчаць вада за кармою іх чаўна. Ноч адразу ахапіла іх, пагладзіла халаднаватай лапаю твары, заміргала ў вочы касматымі зоркамі. Выразная – па вадзе – размова далятала ад чаўноў. А гэтыя двое маўчалі, і калені іхнія сутыкаліся. Яна адчувала, як ад кожнага руху вясла мерна скарачаюцца мускулы яго ног. – Не паварочвайся, – шэптам сказаў ён, – пацярпі трошкі. Я табе сам скажу, калі трэба... Абагнём гай. – Ды я і не хачу паварочвацца. Ён быў вельмі ціхі. І чамусьці толькі адзін раз кінуў на хвіліну вясло і паклаў ёй руку на плячо. Якраз у гэтую хвіліну на ваду, масліста-чорную і густую, на дрэвы, на іхні згублены човен упаў першы ўдар звана. Яна здрыганулася, і ён адчуў гэтае дрыжанне. Ёй здалося, што па яго твары слізгоча нейкі дзіўны ружаваты водбліск. Гэты водбліск наліваўся святлом, гусцеў. І нарэшце ўвесь яго твар – з глыбокімі ценямі ў вачніцах, і таму асабліва дарагі і страшны, – абліўся глыбокім, трапяткім барвянцам. – Глядзі, – сказаў ён. Яна лягла на бок, на сена, і ўбачыла астравок, што ўзнімаўся з вады. Трохі ўбаку быў другі астравок, большы. На ім бялелі ствалы голых бяроз. Гэта былі клады. А на маленькім астраўку ўздымалася да неба нешта як шацёр, белае, азоранае агнямі. Менавіта адтуль даляталі ўдары звана, а потым – спевы.

1 2 3 4 5 6 7