1 2 3 4 5 6 7

Блакіт і золата дня

Востраў нягуста абляпілі чаўны. Гарэлі паходні. Гарэла смаллё на невялічкіх плытах. Залаты водбліск клаўся на цяжкую, як ртуць, чорную ваду. Юрка ўстаў і стаяў на карме, абапіраючыся на вясло. І ёй ужо не хацелася глядзець на маўклівы рэдкі натоўп, на агні па вадзе. Толькі на яго. Худы, з вузкімі клубамі, ён высіўся над ёю, медна-чырвоны, як індзеец. Валасы яго сталі зусім бурштынавымі. Цені і святло на твары. Зменлівы, добры, суровы. Ёй стала страшна, што хутка ўсё скончыцца і зноў будзе плывучы кірмаш. – Не трэба чакаць канца, – сказала яна, – лепш дамоў. І ён паслухмяна павярнуў човен і стаў веславаць у цемру. Азораная ззяннем паходняў, абкружаная шматкаляровымі карагодамі чаўноў згасала і танула ў водах адразу за імі імгненная праява. Дрэвы закрылі яе, паглынулі воды і цемра, і адразу стала ясна, што тая праява чужая, што на шмат кіламетраў няма нічога, акрамя воднай роўнядзі, вычварнай вязі плыняў, пены ў вірах, пагружаных у ваду лясоў і цішыні. І па гэтых водах, па залітай вадою зямлі імчаў толькі адзін іхні човен, іхні каўчэг. Недзе, напэўна, былі іншыя чаўны, але для гэтых двух нікога не існавала. Наталя зноў падумала, што зноў давядзецца вярнуцца да сноў мінулага дня, што давядзецца расстацца з гэтым чалавекам, які цэлы дзень дакранаўся плячом да яе кален. Яна ўзрадавалася і адначасна да дрыжыкаў спужалася, калі ён паклаў у човен вясло, і іх пачало плаўна праносіць паўз караван, што стаяў на якары. Яна яшчэ знайшла сілы спытаць: – Нашто гэта? – Ты хочаш туды? Я давязу... Яна не адказала яму нічога. Ён пачакаў трохі і падсеў да яе, абняў за моцныя і тонкія цлечы. Лёг поруч у сена, што пахла ліпеньскім сонцам. Моцна і пяшчотна прытуліў да сябе. Яе скура яшчэ не аддала цеплыні дня. І хлопец, заблытаўшыся пальцамі ў яе валасах, пачаў пакрываць яе твар незлічонымі пацалункамі. Яна адчувала шыяй цёплую футру рысі, вуснамі – цёплыя вусны хлопца, целам – усё яго напружанае гарачае цела. Але яна дрыжала, як ад холаду, яму стала так шкада яе, што ён прыўстаў, выцягнуў з-пад ног тонкае і калючае навобмацак, вельмі цёплае пакрывала і старанна накрыў яе, падторкнуўшы краі пад гнуткую спіну. Літасці ў яго хапіла толькі на гэта, таму што ён бачыў у змроку яе твар з вялізнымі вачніцамі. І ён ведаў: іншай дарогі няма ні яму, ні ёй. Усё вяло да гэтага: блакіт і золата дня, іскры на вадзе, фіялетавае свячэнне рыбы ў паўзмроку. І гэтыя плечы, што дрыжалі пад яго рукой. – Юрка, любы, родны мой, не трэба, – казала яна, усё шчыльней прыціскаючыся да яго. І ён ведаў, і шкадаваў, і не мог злітавацца. Таму што ўсё гэта была мана. Каўчэг гнала, злёгку пагойдваючы на хвалях, і зверху глядзелі на яго зоры, якія тысячы разоў бачылі гэта і ўсё ж не стамляліся зайздросціць зямной цеплыні. На хвіліну яму здалося, што ён памыліўся, што маны няма, – і ён адхіліўся. Але яна адчувала яго дыханне, ёй больш за ўсё на свеце было шкада яго. І яна, нясмела ўзяўшы яго руку, пацалавала павязку на яго прадплеччы. І ўжо нічога не засталося, акрамя дрыготкіх адбіткаў зор у яе вачах. Яны не пачулі, што іх лодка стала, што плынь надзейна пасадзіла яе на схіл кургана, які ўздымаў над вадою сваю макаўку. Ды гэта было між іншым. Галоўным быў дзень, ноч, што наступіла, жорсткія мужчынскія далоні на плячах і кароткія пацалункі. А потым ён заснуў, прыціснуўшыся да яе. “І гэта ўсё? – спытала ў сябе яна. І сама сабе адказала: – Так, усё. І што яшчэ трэба? Ён са мною, я з ім”.

1 2 3 4 5 6 7