1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Мы маўчалі, і паступова ён супакоіўся, даеў тое, пад калодай, і павольна, перавальваючыся, завалюхаў у нетры. Павеў ветру ўзняў між ім і намі чырвона-залатую сець. Пасля лістота пасыпалася з урвішча на дно яра. Мяккім хвалістым вадаспадам. І лісце нібы празвінела наўздагон яму. А пасля стала ціха.Мінула вайна. Я даўно скончыў мастацкі інстытут, і даўно працаваў, і дабіўся вядомасці. Калі часам даводзілася ўспамінаць пра тыя дні, я пераконваў сябе, што звер мой стаў мацёрым магутным мядзведзем, “дзедам” і “прадзедам”, патрыярхам вялікай мядзведжай сям’і, і мірна заснуў ад старасці недзе на сонечным, укрытым кветкамі схіле.Так цягнулася да таго часу, аж пакуль мяне не запрасілі мастаком на фільм пад назваю “Гісторыя аднаго мядзведзя”. Рэжысёру “в порядке бреда”, кажучы словамі ідыёцкага кіношнага выразу, здалося, што цікава будзе ўвесці ў гісторыю мастака-анімаліста (нехта расказаў яму пра маю кватэру якраз, калі творцы марна імкнуліся выціснуць нешта з галоў), да якога трапляе мядзведзік Туп. Я не бачыў прычыны, каб адмаўляцца і не дапамагчы майму сябру-аператару, які дужа прасіў мяне. Акрамя таго, у фільме мне трэба было рабіць амаль тое, што і ў жыцці: маляваць, карміць звяроў, гаварыць з імі. А я навучыўся гэтаму за дваццаць пяць гадоў практыкі.Там я і пазнаёміўся з Тупам і з ягонай сястрой, дублёршай Тапай. Здымаліся яны цераз дзень. У сястры быў злосны і сварлівы характар, і таму, калі здымкі падыходзілі да канца, яе завезлі ў запаветны лес і выпусцілі, прычым яна нават не азірнулася на людзей, урачыстай хадой аддаляючыся ў пушчу.А Туп быў поўнай процілегласцю і таму быў агульны ўлюбёнец.Яму дазвалялі лізаць мёд, забірацца ў гарачыя дні ў рэфрыжэратар і храбусцець там лёдам. Нават свавольствы яму дараваліся за яго рахманы і пяшчотны характар. Акрамя таго, ён меў прывычку, калі яго возьмуць на шворку, учыняць бег на месцы, у якасці доказу свабоды сваёй волі. Ён увогуле любіў свабоду.Калі здымкі скончыліся, яго аддалі на станцыю юных натуралістаў, і я ўзрадаваўся, што не ў звярынец. Прасторныя пакоі, вялікі парк, дзеці, якіх ён любіў і, падобна разумным сабакам, ніколі не крыўдзіў.І вось праз пару месяцаў я прыйшоў на студыю і, ідучы вялізным няўтульным здымачным павільёнам, дзе выбухалі галасы, ляскала жалеза, грукаталі малаткі ў руках рабочых, рухаўся кран і ўсё было заліта мёртвым, бязлітасным святлом дзігаў, я ўбачыў у куце, сярод хламу, вузкую і вельмі нізкую клетку, у якой, на тоўстым пласце гною, ляжаў сціснуты з усіх бакоў, страшэнна брудны Туп.– Гэта яшчэ што? Чаму ён тут?– А, – сказаў аператар, – сволачы. Ён жа да пяшчоты прывык. А тут знайшліся раздураныя вырадкі, пачалі дражніць, цягаць. Я яго ведаю, ён да канца цярпеў. Ну, а пасля цяпнуў нейкага. Так проста, узяў у пашчу, нават следу не было. Напалохаць хацеў. Я ж ведаю, значыцца, зусім сілаў не стала трываць. – Друг аж кулакі сціснуў. – Ну, тут маменька ў кулонах – адзадак, як ступа, а мазгоў і напарстку няма. Як жа, рабёнка пакрыўдзілі. Ну, тыя і вярнулі.– То чаму ў запаведнік не аддалі?– Грошай, кажуць, няма. Ну, мы кажам: не трэба, вазьміце так. А яны: звініце, але трэба дакуманты, адчотнасць... Гэта імушчаства... Вось і цягнецца гэтая “справа аб імушчастве” месяц. І папомні, яшчэ два месяцы будзе цягнуцца. А звер мучайся.Туп пазнаў мяне. А вочы ягоныя глядзелі з такой смяротнай, не звярынай, а амаль чалавечай тугой, што мне раптам сціснула сэрца. Нібы гэта не малы чатырохногі артыст пакутаваў тут, а той, даўні, што ўратаваў мне жыццё. Такі горды і вольны звер быў кінуты зараз у клетку, у гной, у подлае і ганебнае рабства.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13