1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

– Давай шворку, – сказаў я, адчыняючы клетку.– Ты што?– Давай, трасца іхняй праклятай матары. Не патрэбен стаў – забылі. Як чалавека. А ён з намі і пад дажджом, і па снезе. Гэтак многіх... спісаць можна. Ён жа здохне тут, пакуль яны... з “імушчаствам”.Я вывалак яго з клеткі, і ён, узрадаваны, стаў дыбкі і “абняў” мяне, запэцкаўшы зялёным гноем мой блакітны світэр. Мыкаў і лізаў-лізаў мне аблічча. Здорава падрос, быў ростам з мяне амаль, а я вымахаў не на хлопчыка з мізінчык. І галава была вялікая, з вялікай пашчай.Я вывеў яго на двор, пакачаў па снезе, каб хаця крыху ачысціць – снег у тым месцы стаў амаль чорны, нібы на ім выбівалі дыван, і павёў дваром да прахадной. Вахцёр паспрабаваў быў затрымаць мяне, але не дужа заўзята, бо Туп у калідорчыку стаў дыбкі і забурчаў, нібы разумеючы, што гэты заслон пахне зноў клеткай. Службіст, нібы сам сабою, адскочыў з дарогі і толькі прабрахаў мне наўздагон нешта здзеклівае.– Слухайце, – сказаў я, – мне нічога не каштуе зняць шворку. На такіх турэмшчыкаў, як вы тут, трэба па закону спускаць мядзведзяў. Вось пачакайце, унясу законапраект.Ён закрыўся знутры. Мы з сябрам зарагаталі, і я павёў Тупа да прыпынку таксі. Я павінен быў зрабіць дзеля яго тое, што хацеў зрабіць. Хаця б у памяць Бурыка і ў знак таго, што людзі вінаватыя ва ўсіх смяротных грахах перад звяр’ём.– Я патрымаю яго ў сябе, пакуль не дамовяцца з запаведнікам.– Угм, – сказаў сябар.Ля віннага магазіна прыядналіся да нас яшчэ два дружкі: гукааператар і асістэнт аператара. І так упяцёх мы падышлі да стаянкі таксі з самотнай “Волгай” на ёй.– Чацвёра, – сказаў я таксісту. – Законная колькасць. Парушэння правілаў няма.У таксіста палезлі на лоб вочы, калі ён убачыў Тупа:– А г-гэта?– Мале-енькі сабачка, – нявінна сказаў аператар. – Малю-юсенькая бясшкодная істотка.Таксіст збіраўся газануць, але перамагла цікаўнасць.– Шчыры друг чалавека, – сказаў я. – Ніхто не асмеліцца абразіць яго, выказаць хаця б цень сумлення ў тым, што ён бязвінны, як верабейчык.Я ведаў, як мядзведзі любяць смактаць лапу, не сваю, дык чужую, і часта вытвараў такое – як з Бурыкам, так і з Тупам. Закасаў рукаў світэра і працягнуў локаць Тупу.Да самага локця, ну, ва ўсякім разе, дзюймы на тры вышэй кісці, змясцілася ў ягонай пашчы мая рука. І ён пачаў смактаць яе, стогнучы ад асалоды.

– М-мну... м-му... М-м-мну-м.Ніякай небяспекі тут не было. Я ведаў, што калі ён забудзецца ад шчасця, не суразмерыць сілы і пачне сціскаць сківіцы – досыць злёгку ляснуць яго далонню другой рукі па мордзе, каб ён апамятаўся і, пяшчотна-вінаваты, адпусціў. Але ж шафёр гэтага не ведаў. Ён бачыў схаваную ў пашчы руку і трохкутныя белыя зубы, сантыметры на чатыры даўжынёй, бачыў, як зубы труць, нібы перапілоўваючы.– Пане мой божа, на ўсё святая воля твая! Вы з цырка? Выньце, выньце, калі ласка!– Н-не выну, пакуль не павязеце. Бясшкодная, маленькая тварынка. Мініяцюрны калматы сабачка. Скочтэр’ер, не, нават балонка. Ціхенька ляжа ў нагах на радасць міліяцыянеру, які надумае правяраць. Улічыце, небяспекі ніякай. Падумае, што звар’яцеў. Тры рублі за дастаўку сабачкі на вуліцу рэвалюцыйнага дэмакрата Міхайлава.– А чорт бы з вашымі грашамі, – ускіпеў таксіст. – Цягніце яго хутчэй на задняе сядзенне, пакуль не бачаць.Я вызваліў руку, укрытую густой зялёнай слінай, і выцер яе снегам. Мы паклалі Тупа ў праход між пярэднім і заднім сядзеннямі і, не без выгоды, размясцілі на ім свае ногі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13