1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

– Хай яго, можа, вы і сапраўды дасцё яму зноў сваю затычку, – сказаў таксіст. – Хаця не. А раптам падкіне на яміне. Трымайце толькі за галаву. Дасць бог, можа, усё і абыдзецца.Шафёр гнаў, уцягнуўшы галаву ў плечы, але зрэдку хмыкаў, відаць, задаволены і заінтрыгаваны. Добра, што мы пад’ехалі да майго дома ў прысмерку і ў двары не было цікаўных. Шафёр, калі мы выцягнулі Тупа, настолькі акрыяў духам, што гулліва спытаў:– А шчанюка б?– На жаль, фізіялагічна немагчыма. Кабялёк. Вось павяжам, можа, тады.Таксіст загыгыкаў і рвануў з месца....Жыў я тады ў кватэры на пятым паверсе. Мы ўсцягнулі звера туды і перш за ўсё накармілі. Я схарчыў яму бохан хлеба, паліты паловай банкі згушчонага малака, а пасля спаіў два пакеты малака звычайнага. За гэта час наплала ванна, і мы, распрануўшыся да трусоў, агульнымі сіламі перавалілі яго туды. Ён ведаў толькі летняе купанне ў рэчцы і таму спачатку ўзвыў ад гарачаватай вады, як грэшная душа ў пекле. Але паступова пачалі адыходзіць лапы – мядзведзі ж не прыстасаваныя бадзяцца па снезе, бо ў іх голыя пяткі, – і ён супакоіўся.Чатыры разы давялося яго мыліць, пакуль чацвёртая вада не стала празрыстая, а мыльная пена белая. А пасля я расшчодрыўся і закаціў яму пятую ваду з “Бадусанам”, і ён блажэнна ляжаў у пене, цяпер ужо зялёнай і пахнучай лесам, і сніў пра верасовыя паляны ў векавых соснах.А пасля мы насуха выцерлі яго, узвалілі на тахту, укрылі посцілкай, так, што стырчала адна галава – так нам здалося больш смешна, – і ён засоп, салодка, як немаўля. А мы селі да яго спінамі і распілі дзве бутэлькі каньяку за Тупа, за яго шлюб з Вялікай Мядзведзіцай і за хуткае з’яўленне Малой. Словам, за ўсё, за што п’юць мужыкі, калі яны адчуваюць, што непасрэднай прычыны для выпіўкі няма, а што яны проста харошы народ....Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з лепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў ля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад’язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?..Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана. Хіба што спачатку, дні тры, маёй маўрскай мартышкай па мянушцы Лявонька, а калі паважліва, то Леанідам Юльевічам, таму што прынеслі мне яго ў ліпені.Сусед мой па пляцоўцы, аднак, зваў Лявоньку часцей за ўсё лацінскай відавой назвай cercopithecus fuliginosus, рыпучай у першай частцы і намякаючай – у другой. Ён быў вучоны чалавек, сусед. – Фулігінозус ты.І прыбаўляў:– Экая преподлая обезьяна!Малпа была, сапраўды, падлючая... Варта было засмяяцца з Лявонькі, і ён у адказ круціў пальцам ля лба. Пакрыўдзіць нехта – і ён, калі прыйду я, скакаў да мяне і лапатаў на вуха нешта яраснае. “Наводил ябеду” – па словах таго ж суседа. Паспрабаваў Лявонька даводзіць сваім подласцямі і Тупа, але той урэшце страціў цярпенне і так рыкнуў на яго, што бедалага ўзляцеў на шафу і, дрыжучы, сядзеў там з гадзіну. А назаўтра я застаў ідылічную сцэнку: Леанід Юльевіч сядзеў на мядзведзі і з самым падхалімскім выглядам перабіраў ягоную поўсць, хаця нічога там не было і быць не магло.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13