1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Заўсёды так з гэтымі нахабамі. Гаркнеш – і стануць лізаць. Так што і тут усё абышлося як найлепей. І я рад быў, што звер уратаваны, што яму добра.А на пачатку мая выйшла нарэшце згода наконт “маёмасці”, і я завёз Тупа ў запаведнік і пакінуў там. Жыць на волі і для волі.Недзе праз год з’явіўся да мяне чалавек, які пабываў “непадалёк ад запаведніка”. Адзін з тых някепскіх увогуле людзей, якія, аднак, больш за ўсё любяць перадаваць вам жа непрыемныя для вас чуткі і плёткі пра вас.Ён і перадаў мне, што Тупа застрэлілі. Спачатку нібыта ён выйшаў проста на дзевяцігадовага хлопчыка і пяцігадовую дзяўчынку, якія збіралі маліну. Хлопчык павёў сябе па-геройску: уцёк, кінуўшы сястру. А калі прыбег з дарослымі – мядзведзь і дзяўчынка гулялі. І ён нават хацеў пайсці, але яна чаплялася за яго і смяялася. І хаця ён вырваўся б і ад дзесяцёх дарослых – ён цярпеў.Тупа занадта добра ведалі і на гэты раз нібыта “даравалі”. Але хутка здарыўся канфлікт “міжнародны”. Яго панесла на нейкую замежную дэлегацыю, і там ён задумаў пагуляць ужо не з дзіцем, а з дарослай сцервай, якую вызвалілі ад яго ў стадыі моцнага шоку.Я прымерна ўявіў сабе, як магло адбыцца такое “вызваленне”. Мядзведзі почасту паміраюць, як людзі, стогнучы і прыціскаючы лапу да раны. І грызучы зямлю. І ў ціхім непаразуменні адыходзячы на ёй. Каму ўжо і ведаць гэта лепей за мяне, паляўнічага, сына і ўнука паляўнічых? І менавіта таму я з’еў бы жыўцом усе гэтыя паляўнічыя заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі на качыных азёрах, дзе звер адзін супраць многіх узброеных, і ўсё такое іншае. Паляванне толькі тады паляванне, калі яно адзінаборства. То што ўжо казаць пра звяроў, якіх мы кідаем у рабства, прывучаем любоўю, а тады забіваем толькі за тое, што яны любяць нас і шукаюць нас.Было гэта так, як быццам я сам адвёў сябра ў камеру смяротнікаўЧаму я не меў магчымасці прывучыць яго, як таго, першага? А дзе я мог яго прывучыць? У каменнай клетцы, куды яго сілаю ўзялі з вольных лясоў? Чаму той, падчас вайны, калі людзі звярэлі, гатовы быў пазнаць мяне, калі б я паказаўся? Толькі таму, што на яго не шкадавалі цеплыні. І дзе яна была ў гэтых, з “імушчаствам”? Куды яна падзелася?Пасля, праўда, мне расказалі зусім іншае. Той самы аператар, з якім мы купалі Тупа. Я расказаў яму пра чутку, і ён сказаў, што гэта лухта, што мой звер ходзіць і зараз. Але я баюся гэтаму паверыць. Ён ведаў мае адносіны да мядзведзя і як чалавек душэўны і тактычны мог схлусіць.Часам я ўсё ж сню, як малады мядзведзь ідзе лесам, выварочваючы калоды. І сыплецца на яго вінна-чырвонае і залатое лісце. І выходзіць яму насустрач сівы патрыярх, той, першы мой мядзведзь. Яны сядаюць ля мурашніка, і побач з імі сядаюць бацька, дзед Марка і я, ці то яшчэ падлетак, ці ў сённяшнім веку. У іх лапы, у нас дубчыкі ў руках. І мы, усе жывыя, сядзім за адным сталом, і ападае-ападае на нас лістота.Так, былі ў мяне мядзведзі.І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду – адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13