Надежный стабилизатор для дома с гарантией в Киеве и по всей Украине.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

– Такі малы? Смяешся, так?Я шмат разоў бачыў мядзведзяў і не паверыў яму.– Э-ех, Сяргейка, розуму ў цябе, – сказаў Марка. – А яшчэ лесавік. Мядзведзі ж узімку не ядуць. Вось мядзведзіха такіх і нараджае. Малака ім з напарстак трэба, і яны ўсю зіму амаль не растуць. Іначай высмакталі б ушчэнт. Здохла б матка з голаду. Затое ўжо вясной, як выйдуць на лясны хлеб, пачынаюць як на дражджах перці. Гэта ж не людзі прыдумалі, а натура. Тыя б неадменна прыдумалі нейкае глупства, дый яшчэ горшае, чым у Маркавічах, бо маркавічане хаця са сваёй дурнасцю за вёску не лезуць. А яна му-удрая!Тады я яшчэ не ведаў анекдотаў пра нібыта фенаменальную дурасць жыхароў вёскі Маркавічы, беларускага Пашахоння, але першы ўрок аб мудрасці прыроды завучыў цвёрда і назаўсёды.Мядзведзіка занеслі ў хату, і там маці, узяўшы яго на рукі, пачала мачаць палец у цёплае малако і даваць яму злізваць. Язычок у таго быў шэры і толькі ледзь-ледзь у ружовае. А пасля Марка вярнуўся з гарадка, з пакупак, і прывёз аранжавую, як апельсін, спрынцоўку, і тады справа ўвогуле пайшла на лад.Мабыць, з той прычыны, што было ўдосталь покарму, мядзведзік не стаў чакаць вясны, каб пачаць расці. Распірала яго, сапраўды, як на дражджах. Хутка мы пачалі даваць яму ўжо і крышаныя яйкі, і мёд, разбоўтаны ў вадзе. У гэтых выпадках ён асабліва чыста вылізваў сподак.Спаў ён у маім мезанінным закутку на старым кажусе, пасцеленым ля грубкі, але часамі ўначы пачынаў так жаласна енчыць і квіліць, сумуючы па чымсьці, што я браў яго да сябе ў ложак, пад коўдру, хаця рабіць гэта мне забаранялі. Трапіўшы туды, ён адразу супакойваўся і пачынаў цмокаць языком усё саладзей і саладзей, аж пакуль не засынаў, а тады ўжо толькі соп. А я баяўся толькі прыспаць яго, ненарокам наваліўшыся ў сне. Занадта ўжо ён быў малы.Раніцаю бацька, каб не лезці па сходах, грукаў кіем у столь, і я хутка адносіў медзведзяня на месца... Часцей за ўсё ён і не прачынаўся пры гэтым.А я, пасля ўсіх гэтых ненавісных умыванняў і парэчкавых чаёў, ставаў на лыжы і ішоў пяць кіламетраў у свой трэці клас. І заўсёды шкадаваў, што мядзведзь застаецца дома адзін. Узяць яго з сабой я, аднак, не наважваўся, інстынктыўна адчуваючы, што прысутнасць мядзведзя ў класе асаблівага захаплення ў настаўнікаў не выкліча.Бурык рос, і ў маім пакоі зніклі аконныя занавескі, бо ён меў звычай караскацца на іх і гайдацца. І знікла сурвэтка са стала, бо ён двойчы сцягваў яе разам з чарніліцай і сшыткамі. Сшыткі ён акуратна дзёр на часткі, седзячы, як чалавек, на падлозе, беручы карэньчык у рот, а астатняе давяршаючы лапамі. І мне давялося хаваць сшыткі, і чарніліцу, і туфлі, што, між іншым, мела вялікае выхаваўчае значэнне. За год ён так прывучыў мяне не раскідваць рэчы, што жонкі і дагэтуль ставяць у прыклад мужам, маім сябрам, маю акуратнасць. У гэтым выпадку праклёны сяброў, па-мойму, павінны падаць не на маю галаву, а на галаву бедалагі Бурыка.А той раскашаваў у вялізным доме. Аднойчы забраўся ў камору, перакуліў на сябе банку з мёдам, а пасля высыпаў на сябе мяшэчак з мукой. Калі яго заспелі на гарачым, ён з дзелавітым буркатаннем аблізваў з сябе мярзотную бела-аранжавую кашу. Аблізваў плечы. Здымаў гэтую кашу з дзіцячага, амаль голага, круглага пуза. Перакульваўся на спіну і стараўся злізаць гэта яшчэ і з тоўстых голых пятак. Матка ахнула, схапіла яго за вуха і павалакла на кухню мыць у балеі. Я дужа баяўся, што бацька возьмецца за шпандыр, хаця ні мяне, ні сабакі, ні каня, нікога ён ніколі не біў. Так, матляне карбачом над крыжам каня, і той слухмяна пераходзіць у намёт.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13