1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

– Ты не бі яго, – сказаў я.– А чаго яго біць, – спакойна сказаў бацька і нібы растлумачыў: – Мядзведзь. Узялі, то цярпець маем. Мёд – гэта ўжо вышэй за яго і за дысцыпліну. Гадзіць прывучылі за дзвярамі, а ўжо да гэтага, Сярожа, яго не прывучыш. Усё адно як дзённікі не дзерці. Праўда ж?Я пачырванеў, бо і сапраўды аднойчы, грэшным чынам, назнарок пакінуў дзённік на стале. У дзённіку было першае маё “пасрэдна”, адзнака, што адпавядае сучаснай тройцы. Карысці мне гэта не прынесла. Паршывец Бурык, як назнарок, падзёр у дробныя шматкі ўсе старонкі дзённіка, акрамя той, на якой была злашчасная адзнака.Я быў досыць праўдзівы хлопец, бо мяне ніколі не каралі звыш меры і патрабавалі “толькі не хлусіць”.І тата ведаў, што я раскайваюся, а таму і перавёў размову на іншае:– Таму і і імя яму – мядзведзь. Мёд ведае. Ведае, дзе мёд. Або мёдам ведае, як, скажам, Сялюк ведае райфа, я – лесам, Мурашэвіч – сельэлектрам, а Падута, скажам, дэпутат – Вярхоўным Саветам. Кожнаму свая пасада.– Дык гэта ж пасада, абавязкі, – сказаў я, – мядзведзь. А імя яму як?Бацька паглядзеў на мяне з цікавасцю.– Глядзі ты, кеміць пачынаеш. Кораня шукаць. Гэта добра. Без гэтага, хлопец, толькі дурні жывуць... Хаця, магчыма, ім жыць і лягчэй. Толькі... мала ў гэтым гонару для чалавека.Памаўчаў.– Чуў, як Маркава бабця гаворыць? Ніколі не скажа “вадзянік”, а заўсёды “зялёны” або “мокры падол”, бо ў таго, хоць ён чалавекам прыкінься, заўсёды з падолу капае. І не “чорт”, а “рагаты”, і не “воўк”, а “шэры пан”. І калі сабакі зімой небяспечныя бываюць, то “паны, што на саломе спяць і зубамі ішчуцца”.– Гэта чаго? Чаму гэта?– Забабонная. Верыць, што “пра ваўка размова, а воўк у хатку”. А калісь так усе людзі баяліся. Вось і назвалі звера, “той, хто мёд ведае”, мядзведзь. – А сапраўднае імя забылі?– Забылі. Мянушку за сапраўднае палічылі. Унь Маркава нават кліча яго “дзядзька”, або “таўстапяты”. Хіба толькі ўскосна можна адзначыць першародную беларускую назву. Як называецца месца, дзе ляжыць?– Барлог.– “Бар-лог”, “бара логава”. Можа, і сапраўды зваўся ён калісьці, як у немцаў “Вar“? Агульнае было слова. Тым больш што і “барлог” у нас і ў іх падобна гучыць “Вarenloch“, мядзведжы склеп. У нас жа таксама кажуць і “склеп” і “лёх”. І, хутчэй за ўсё, менавіта немцы ў нас гэтае слова запазычылі.– Не хачу, як у немцаў, – сказаў я. – Фашысты яны.Бацька зноў зірнуў на мяне. Занадта ўважліва:– Гэх, Сярожа-Сярожа. Далёка не ўсе яны і фашысты.– То чаго ж тады?.. – абурыўся я.– Я вось усё думаю. Нарадзіўся б ты, скажам, там.– Яшчэ чаго, – ускіпеў я. – Як гэта магло быць? Я – тут.– Ну так, ты беларус. І гэта, павер, зайздросная бацькаўшчына. Ну, а раптам... Або проста нарадзіўся б там такі самы някепскі хлопец. І пачалі б яму талдычыць, што Гімлер – цаца, што Гітлер – бог. Не давалі б ні адпачынку, ні часу. Казалі б, што адзін ты такі на зямлі, што трэба вось другіх хлопцаў, бо ім не адкрытая праўда фюрэра, забіць. Дзяўблі б і дзяўблі. І ўдзяўблі б. Галава ў цябе доўгая, валасы і вочы светлыя. Будзеш высокі і стрункі. І глядзеў бы ты з пагардай і нянавісцю і на Маркава ўнука, бо ён паляшук чарнявы, і на Пінева Хоню і на Мамедава Асана з Татарскага Канца. А людзям, як і мядзведзям, усім патрэбна павага.Памаўчаў.– Многае, брат, можна ўбіць у галаву чалавеку. Часам – усё. Ну, ладна, нясвоечасовая гэта размова. Падрасцеш – пагаворым яшчэ.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13