1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Я змоўкнуў. І наступная наша размова адбылася падчас вайны, калі я, заўчасна пасталеўшы, зведаўшы і небяспеку, і цану жыцця, сапраўды шмат зразумеў. Харошы быў чалавек мой бацька. І правільна, да канца правільна глядзеў на свет....Але пра гэта пасля. Вернемся да нашых мядзведзяў.У тое лета я, ідучы з Маркам у лес, пачаў усё часцей і часцей барць з сабою Бурыка. Спачатку той баяўся лесу, ціснуўся да ног, але з часам пачаў прывыкаць. Нават мог знікнуць, але як толькі крыкнеш, з усіх ног валюхаў да цябе, смешна матляючы віслым задам.Марка спецыяльна, на вачах у яго, адкідаў і перакульваў камяні і калоды, браў чарвякоў, што спяшаліся ў зямлю, ды лічынак і харчыў імі Бурыка. Той аж чамкаў. З месяц нічога ў нас не атрымлівалася. І якая ж была радасць, калі ён упершыню паспрабаваў адцягнуць калоду. Невялікую. Ён быў гладзенькі, і сыты, і ўжо досыць моцны.– Пакрыўдзілі мы яго, – сказаў Марка, – то трэба выправіць, як здолеем. Каб не збыткаваўся з яго лес, як выпусцім.Аднойчы я заспеў яго, калі Бурык знайшоў цецеручынае гняздо. Узяў адзін прыемны круглы прадмет у пашчу – хутчэй як цацку – і выпадкова раздушыў. Выраз ягонай морды ў гэты момант немагчыма апісаць. Спярша нязмернае здзіўленне, – а куды тая цацка падзелася? – а пасля нечаканае ўразуменне, што гэта ежа, і смачная ежа.– Дураў, – сказаў пра Марку тата. – Гагенбек. Цырк Чынізелі.Той сапраўды паказваў дзівосы цярпення. Аднойчы, напрыклад, выкупаў мядзведзя ў Водры, а пасля падвабіў яго цукрам да бліжэйшага мурашніка. Паклаў цукар на ягоную макушку. Бурык палез па яго спачатку лапай, пасля мордай. Пасля пачаў адступаць і церці морду лапамі, і лізаць іх, і сліна, змешаная з цукровым сокам, цякла па лапах і жываце. І ён злізваў яе разам з мурашкамі. Марка зрабіў гэта некалькі разоў, і вось у адзін са днёў, калі Бурык раптам прыціхнуў у гушчары, дзед асцярожна паклікаў мяне.Мядзведзік сядзеў ля мурашніка, слініў лапу і разграбаў гліцавую піраміду. Трымаў там лапу і пасля аблізваў яе. Без усякага цукру.– Глядзі ты, сук-кін сын, як саабражае, – здзівіўся Марка. – Нездарма ж кажуць, што мядзведзі – гэта людзі, якія ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць... Каб прыганятага над імі не было. Цівуна... Ну, а ты чаго ж, Сярожка? Няўжо цябе даўжэй за мядзведзя вучыць трэба?– Як?– А так, – дзед зламаў дзве арэхавыя віцы і абабраў, абдзёр з іх кару. – Вось толькі горкага дрэва не бяры. Вольхі, скажам, асіны. А цяпер пасліні сваю, – ён паслініў белую віцу і, прысеўшы да мурашніка насупраць мядзведзя, паклаў віцу на паверхню конуса. – Кладзі і ты.Мурашкі абляпілі хлюдзінку. Марка пачакаў хвілінку, страхнуў з дубчыка насякомых і чыстае лясное смецце і пачаў абсмоктваць яго, нібы на флейце граў.Я зрабіў тое самае. Кісленькі, неймаверна прыемны смак адразу выгнаў сліну. Некуды знікла смага, ўто ўжо даўно мучыла мяне.– Што, Сярожка? Смачнае мурашынае піва?У Бурыка аж на зубах храбусцела. І так мы сядзелі трох ля мурашніка і раскашавалі, ласаваліся. Два чалавекі і мядзведзь....Да маліны яго і прывучаць не трэба было. Ён дужа цікава еў яе: абшморгваў разам з лісцямі, соваў у рот, чамкаў, аж заплюшчываючы вочы ад асалоды, а пажмаканае лісце пасля выплёўваў.Так мы пражылі лета. А за ім прайшла восень з яе жалудамі і брусніцамі. І зноў засерабрыўся дах пуні, а Бурык стаў вялы і сонны і не хацеў гуляць са мной.Адразу за нашай хатай ужо з год ляжала яліна-выварацень. Ніяк не даходзілі рукі распілаваць яе. А пасля бацька забараніў. Таму што ў яму пад каранямі нанесла шмат сухой літоты, і аднойчы ён убачыў, як Бурык залез у гэтую яму і топчацца, і топчацца там. Бацька загадаў мне кожны дзень, як прыйду са школы, награбаць граблямі два мяхі сухой лістотыі высыпаць туды.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13