1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Пасля лістота стала мокрая, пасля змерзлая, жорсткая, як шкляная, аж звінела, а Бурык пачаў часцей і часцей знікаць. Спачатку на дзень, пасля на дзень і ноч. Бацька сказаў, што гэта ён шукае траву і карэнні, а можа, і змерзлыя мухаморы, каб выгнаць паразітаў, калі яны ў яго ёсць, іначай яны яго з’ядуць. І што гэта называецца інстынкт, памяць продкаў, бо ніхто Бурыка гэтаму не вучыў. Пасля ён залез на дзень у свой барлог, але вылез, бо зноў стала цяплей. Пасля аж на тры дні. А аднойчы я з’явіўся са школы, – якраз выпаў першы сухі сняжок – і не ўбачыў яго, а тата сказаў, што ўначы той канчаткова лёг і што непакоіць яго ані ў якім разе не трэба.Паваліў, паваліў снег, засыпаў нашу сядзібу, пуні, яліны ў лесе, стагі і ядлоўцавыя хмызы. Уставалі і клаліся пры газавых лямпах. Вечарамі стралялі грубкі, і зменлівы, бягучы водбліск бегаў па старонках кнігі. І мне было шкада, што за сцяной, не так ужо і далёка, спіць у снезе мой звер. Хаця я ведаў, што ён добра ўпасвены, а ўкормленаму лёгка перажыць зіму.Зрэдку я браў татаў бінокль і глядзеў на снежную гару вываратня, на цёмную адтуліну ў ёй і на лёгкі, амаль нябачны парок, што ў моцныя маразы віўся над дзіркай. Ён быў як міраж, і тата сказаў, што гэты міраж каштаваў жыцця не аднаму паляўнічаму, бо калі мядзведзь выскачыць з барлога, то ў гэтакай пары ён здаецца нібы вышэй, і таму стрэл заўсёды трэба крыху заніжаць, іначай справа можа скончыцца кепска.– А ўрэшце, няма чаго табе думаць пра гэтую гадасць.Я падзяляў ягоныя думкі....Бурык устаў, калі снегу было ўжо куды менш, чым зямлі. Увесь нейкі нібы аблезлы, з праваленымі бакамі, з вострай, нібы ў беспароднай свінні, мордай. Я не бачыў, як ён устаў. Толькі разрыты лаз – пуста глядзеў. На ўсход, як заўсёды ў мядзведзяў. Бацька супакоіў, што ён не ўцячэ, што гэта ён проста пайшоў пагрызці крушынавай кары ці яшчэ чагосьці, што яму трэба выгнаць корак, бо мядзведзі ўзімку не толькі не ядуць.І сапраўды, на трэці дзень ён з’явіўся, крыху больш здзічэлы, але ўсё яшчэ свой. Мы далі яму хлеба, уціснуўшы ў бохан драбкі цукру, і ён захрабусцеў, як раней.Цяпер ён часам знікаў на дзень, а то й на два, але заўсёды прыходзіў і канючыў ежу, бо ў лесе яе было яшчэ мала. Але паступова ўсё больш прыгравала сонца, сонечна закалыхалася між дрэў мора мора заечай капусты, выпаўзлі мурашкі, пярэстымі, як у фіялкі, падкоўкамі лісцяў рассыпаліся над ярамі падалешнікі. Ежы стала болей, і ён еў і ў лесе, і ў нас.Сярод усіх людзей ён, па-ранейшаму, адзначаў мяне. Нават узяў прывычку праводзіць мяне ў школу. Да ўзлесся. Страшэнна падрос. Калі ставаў на заднія лапы, быў ужо вышэйшы за мяне, і мне забаранілі дужацца з ім, бо ён у запале можа не суразмерыць сілы. Але ўсё адно мне было прыемна хадзіць з ім, ведучы яго за вуха, або паваліць і ўсперціся на яго. З таго часу заўсёды, калі я гляджу на ілюстрацыі да “Кнігі джунгляў”, дзе Маўглі размаўляе з Балу, я заўсёды ўспамінаю яго і той час.Пэўна, не адзін чалавек шчыкаў тады сябе за руку, убачыўшы, як купаюцца ў Водры або разам выходзяць на адхон хлопчык і мядзведзь, якога хлопчык вядзе за вуха.Аднойчы ён да паўсмерці спалохаў нейкіх баб, што збіралі для аптэкі познія смаржкі і розныя зёлкі. І тады, каб не цягаўся за мной, вырашылі садзіць яго на ланцуг на тую гадзіну, што патрабавалася мне, каб дайсці да школы.Тут і я зразумеў, што азначае ланцуг, калі выходзіў з лясніцтва, і неасцярожна азірнуўся, і ўбачыў ягоныя вочы і тое, як ён стаіць дыбкі і перамінаецца, і пераліваецца яго сытае, святлейшае колерам, пуза. І як ён цягне тоўстыя лапы. Не дай вам бог бачыць гэта, калі вы любіце звяроў і людзей! Гэта кажу вам я, даўно ўжо дарослы чалавек, які па глотку сыты сцэнамі смерці і тых, і другіх.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13