1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

І тут здарылася тое, што прыскорыла нашу з ім разлуку. Калі праз дваццаць год я расказаў гэта знаёмаму натуралісту, ён сказаў, што недзе чытаў нешта падобнае. Мо ў Брэма, мо ў папулярызатара М. Хана, аўтара “Нарысаў з жыцця малпаў” і “Жывёлы нашых лясоў”, а мо ў нейкім часопісе.У Брэма гэтага не было. Хана я пасля гэтай размовы прачытаў і таксама не знайшоў нічога падобнага, акрамя баек пра тое, што мядзведзі могуць красці жанчын, і разважанняў, што “разве верность и преданность теряет свое высокое значение в человеке вследствие того, что и собака обладает этими благородными качествами”, ды яшчэ сказамі накшталт таго, што “все существа … созданы и поддерживаются… согласно вековым… законам, установленным непостижимым для нас Творцом”, што ў прынцыпе, наконт адзінства жывога, правільна, ды таго, што “не стыдится же никто из ученых или поэтов, стяжавших громкую славу, что родился тем же путём, как и грубый невежа”. Але я нідзе не чытаў падобнага. А калі нешта такое і было – што ж, гэта азначае толькі, што жывёлы адной пароды ў схожых абставінах робяць схожыя ўчынкі.Калі я адыходзіў, Бурык звычайна ляжаў, безнадзейна паклаўшы галаву на лапы. Я аглядаўся, бачыў яго, наш двор, пасыпаны жвірам, бэльку, што падпірала сцяну лядаштай пуні, і матку, якая стаяла на ганку, сыпала з рэшата зерне і клікала:– Пылі-пылі-пылі-пылі!Курэй у нас было шмат. І вось куры пачалі знікаць. Спачатку думалі: ліса. І толькі потым смурод выявіў за сабачай будкай цэлыя курыныя могілкі. А пасля ўдалося падсачыць, як гэты паскуднік Бурык зграбае жвір, устае на заднія лапы і паволі высыпае яго з пярэдніх. Няма птушкі, дурнейшай за курыцу. Тыя падыходзілі, і тут мядзведзь, цвёрда ведаючы, наколькі дазволіць яму гэта ланцуг, рабіў кідок і жыва скручваў курыцы вязы. А пасля закопваў за будкай. Ён у нас не быў прывучаны да мяса. Ды мядзведзі й ядуць яго свежым толькі вельмі галодныя, аддаючы перавагу тухляціне. Спецыяльна закопваюць мяса, каб пратухла.І гэта рабіў ён, сыты, як ні адзіны звер ва ўсім Зафееўскім бары.– Звярэе, – сказаў бацька. – Ну, Сяргей, хочаш не хочаш, а час развітвацца. Іначай будзе паскудна. Можа быць бяда....Вырашылі адвезці яго ў пятніцу, а ў чацвер здарылася тое, што старыя назвалі б “промыслам божым”, а бацька сказаў, збялеўшы: “Ну, пашанцавала”.Я пайшоў у школу, а хвілін праз дваццаць Бурыку ўдалося сцягнуць з сябе нашыйнік. Ці то зацягнулі не на тую дзірку, ці яшчэ што, але ён круціў-круціў галавою дый вызваліўся. А вызваліўшыся, кінуўся даганяць мяне. Як адчуваў, што гэта апошні паход. А можа, і нешта іншае адчуваў.Узлессе толькі-толькі засвяціла наперадзе, сонцам праз дрэвы, як я, азірнуўшыся, убачыў белы ажарэлак з клінам наперадзе, і мехаваты зад, які матляўся з боку ў бок, і лапы, якія ён нязграбна выкідаў наперад. Дагнаў і захукаў, засоп, забурчаў. І я вырашыў, што дазволю яму апошні раз давесці мяне да ўзгорка. Паклаў руку яму на загорбак і так, злёгку абапіраючыся, пайшоў далей. Так мы адышлі далёка ад лесу, калі я ўбачыў......Я не ведаў, што ў той дзень удалося вызваліцца не толькі аднаму Бурыку, што ў той дзень выкруціў з ноздраў кальцо яшчэ й саўгасны бугай Гром. Проста выпаў вінт, яно распалася на два паўмесяцы ў выглядзе лацінскага “S”, і Гром датуль цёр пысай аб траву, пакуль не пазбавіўся ад адзінай рэчы, якой можна ўтаймаваць бугая, кальца, трымаючыся за якое нават сямігадовае дзіця можа весці жывёлу куды захоча.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13