1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Мой траюрадны брат Алік, сын дырэктара школы, і яшчэ два хлопцы пагналіся за ашалелай жывёлінай. Да таго часу Гром паспеў перакінуць на рагах цераз высокі хмыз пастуха, зламаўшы яму пяць рэбраў. Ад смерці таго ўратавала толькі тое, што бык, дзякуючы хмызу, згубіў чалавека з вачэй... І вось тры коннікі, сцёбаючы пугамі, дзве гадзіны ганялі быка, пакуль не загналі ў пустое гумно. Ім удалося зачыніць усе трое варот. Брат забраўся на бэльку, завязаў на ёй тоўстую вяроўку і пачаў спускаць другі яе канец, з бягучай пятлёй, туды, дзе соп, рыкаў і пароў паветра страшнымі рагамі бугай.Яму пашанцавала закінуць пятлю на гэтыя рогі і зацягнуць яе, але тут звер, адчуўшы няволю, таргануўся, кінуўся наперад, і таўшчэзная вяроўка толькі дзынкнула, як перацягнутая струна. Брат, які ўсё яшчэ трымаўся за яе, ад рыўца не ўтрымаўся і ляснуўся з бэлькі проста пад капыты пачвары. На шчасце, бугай не зразумеў, што да чаго, і, не звярнуўшы на яго ўвагі, рынуўся наперад, высадзіў рагамі даўно не рапараваныя вароты і кінуўся бегчы. Пакуль сябры паднялі брата, пакуль той здолеў дыхнуць, пакуль лавілі коней і сядалі на іх – таго і след прастынуў.– Страляць яго! – крычаў дырэктар. – Усё адно кроў пачуў.– Не, – сказаў брат, – занадта гэта дарагая штука, чыстапароднае мяса.– А заб’е каго? Ты адказваць будзеш? Ты яму кальцо ўвернеш?– Зловім, – сказаў брат.Прынеслі новыя вяроўкі, і тройца прыпусціла ў пагоню......Калі я ўбачыў, як наперадзе паўстала воблака пылу, і, матляючы галавой, каб скінуць з рогаў пятлю, падскокваючы на ўсіх чатырох і дугою выгнуўшы над зямлёй хвост, імчыць на мяне вялізная, як зубр, чырвоная пачвара швейцарскай пароды, зразумеў: уцякаць не было куды. Ад лесу я адышоў далёка. І вакол хаця б кусцік, хаця б яміна.Я не спалохаўся тады. Проста ўсё ўва мне нібы скамянела. Бугай спыніўся: заўважыў. Налітыя крывёй вочы глядзелі на мяне, пена валіла з пысы. Ён рыў капытамі зямлю і напружваўся. І ўсё ніжэй апускаліся вострыя і бліскучыя, нібы паліраваныя, канцы рогаў.Кінуўся з дзікім рыкам.Я паспеў адскочыць. І яшчэ раз адскочыць. І яшчэ. Доўга такая гульня цягнуцца не магла. Ногі ў мяне пачалі павольна млець. І тут, калі Гром у чацвёрты раз кінуўся на мяне, з нечаканай хуткасцю мятнуўся на яго збоку, здавалася б, такі нязграбны, буры цень.Бурык адвесіў цяжкай лапай удар па загорбку пачвары і раздзёр яго. Але нават не рана прывяла Грома ў прытомнасць. Ён урэшце заўважыў мядзведзя., зразумеў, з кім мае справу, адчуўшы ненавісны і страшны, дзікі, звярыны, лясны пах....Калі ўрэшце падскакалі коннікі, Гром адступаў, дрыжучы ад нянавісці і жаху, задкаваў, усё яшчэ капыцячы зямлю, але ўжо не асмельваючыся рынуцца наперад. Нізка рыкаў і адступаў перад зверам, які на задніх лапах наступаў на яго. Бугаю накінулі на рогі і на заднюю нагу распетлі і павялі. Бурык ішоў ззаду, як канваір, і давёў усю гэтую мілую кампанію да кузні, дзе Грому зноў укруцілі кальцо....Маці дазволіла адвесці мядзведзя толькі ў нядзелю, усе тры дні адкормлівала яго, як кабана, і калі мы вялі Бурыка ў машыну – дырэктар, у падзяку за бугая, даў дзеля гэтага старэнькую саўгасаўскую палутарку, – цалавала яго ў морду і плакала.Звера завялі па сходцах у кузаў. Бацька і я селі побач. Марка – у кабіне з шафёрам. Мядзведзь устрывожыўся было, калі затурчаў матор, але хутка супакоіўся. Глядзеў маленькімі вочкамі, як плылі назад лясы, і бліскучая, нібы цыратавая, цюпка ягонага носа рухалася: чытаў баравыя пахі. Мне было да болю шкада расставацца, але я разумеў, што ён увесь час аддаляецца, што хутка пачнуцца мядзведжыя гульні, што мядзведзя майго цягне да сабе падобных і яму там будзе лепей, чым сярод нас. Усё ж ён быў народжаны для свабоды.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13