1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13

Былі ў мяне мядзведзі

Мы адвезлі яго за пяцьдзесят кіламетраў, у самы глухі кут, дзе найчасцей сустракалі мядзведзяў, выпусцілі, агладзілі яго і пайшлі да машыны. Некалькі разоў ён імкнуўся быў за намі, але пахі першабытнага лесу перамагалі, і ён усё аддаляўся. Бацька і Марка ўбачылі, як ён праводзіць нас позіркам, і далі ў паветра некалькі стрэлаў. Тады ён пабег трушком і знік сярод дрэў. Марка схадзіў і праверыў: гною не было. Значыць, спалохаўся, але не да хваробы.Машына аддалялася. І я марыў, што вось будуць суніцы і чарніцы, будуць маліны і слімакі, а там жалуды. І ён жа ведае, як зімаваць. І жонка ў яго будзе, і дзеці. Усё яго чакае, а галоўнае – свабода....Праз некалькі тыдняў немцы бамбілі гарадок. Першыя бомбы трапііл ў пошту, універмаг, тэатр. Палясоўшчыкі казалі, што звяры скопам перакачоўваюць ад шуму і ад дарог у нетры лясоў. І адзіным слабым суцяшэннем сярод усеагульнага гора мне было тое, што звер, якога я любіў і які ўратаваў мне жыццё, цяпер напэўна не пойдзе да дарог, на якіх выбухаюць бомбы і гудуць танкі, над якімі праносяцца на брыючым самалёты.На другім тыдні вайны мы ўсе пайшлі ў лес.Не буду расказваць, як ствараўся ў нашым раёне адзін з першых атрадаў, якія памылкі па нявопытнасці былі дапушчаны, як гэта скончылася ледзь не поўным разгромам, як рассеяныя рэшткі атрада, пераседзеўшы небяспечны час, зноў пачалі збірацца ў адно. Не буду казаць і пра тое, як я быў сувязным. Для мяне, дванаццацігадовага падлетка, гэта было – у параўнанні з сувязнымі дарослымі – лічы што бяспечна. Калі, вядома, не спаймаюць на гарачым. Што расказваць? Пра гэта ўжо столькі пісалі. Дадам толькі яшчэ некалькі слоў....Восенню сорак другога года мы з дзедам Маркам прабіраліся лясамі на сувязь. Абодва ў кужалі і шарачку, абодва з торбамі. Марка, што адпусціў сівую бараду, сапраўды быў падобны на старца, а я быў у яго павадыром.У нас і “легенда” была някепская. Бацька з маці “загінулі ад бомбы, а Марка, шкадуючы, падабраў мяне”. Прыдрацца не было да чаго.Лес быў увесь засыпаны звонкай сухой лістотай, залатой, іржавай, чырвонай, вішнёвай. Яна шастала пад нагамі і аж звінела, калі праносіўся подых ветру: мільёны лімонных і вінных матылёў узляталі ў паветра і мільгалі між дрэў.І вось калі мы падыходзілі да яра ў вярхоўях Водры (з яра якраз выбівалася крынічка, што ўпадала ў яе), Марка раптам паклаў мне на плячо руку і спыніў.Яр быў ледзь не па самы верх засыпаны лістотай. Зрабі крок – і ўтонеш. І дрэвы ўсё дабаўлялі і дабаўлялі ў яго золата і чырвані. І, мабыць, гэты шолах даў нам магчымасць падысці непачутымі так блізка.На тым беразе адвальваў тоўстую, зялёную ад моху калоду магутны буры мядзведзь. Віслы зад, страшныя крываватыя пярэднія лапы, куды таўсцейшыя за заднія. І нават адсюль было відаць, як пераліваюцца мускулы на вялізным падвойным загорбку.Калі ён адваліў калоду, сеў і пачаў выбіраць з-пад яе нешта і чамкаць, я ўбачыў белы ажаролак, і радасць гарачай хваляй абліла маё сэрца: “Няўжо ён? Ой, не ён. Ой, вядома ж, ён!”– Бурык! Бурчынька! – шэптам паклікаў я.Марка паклаў мне далонь на вусны. А мядзведзь насцеражыўся, і сеў, і стаў паводзіць сваёй цюпкай, і зыркаць ва ўсе бакі. Але паветра веяла ад яго на нас, а заўважыць нас ён не мог (мядзведзі кепскавата бачаць). І я маўчаў. Тады ён вытаргнуў, як мне здалося, амаль прызыўнае крактанне. Ласкавае, жаласнае, падобнае на мурканне. Ці, можа, я хацеў у гэта верыць?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13