1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

– Снег! – крыкнуў Дубавец і кінуўся адцягваць з кармы буі. – Наваліся, малойцы! Наваліся, як на боршч навальваецеся!Караблі, што ішлі паўночней, танулі і знікалі ў сцяне на вачах, адзін за адным, быццам яна жарліва глытала іх. З ненатуральнай, пачварнай хітрасцю. Знікалі ў нічым… Нібы навекі… Другі… Пяты… Шосты.Потым белая сцяна прагным рыўцом спаймала “Тайфун” і пачала нібыта сціскаць і абвалакваць яго. Нос, мосцік, труба, мачта – усё знікла ў белым шаленстве бурану. Свет ператварыўся ў першатворны хаос, нібы нічога не было да гэтага і нічога не будзе пасля. За нейкія дзесяць метраў ужо нічога нельга было заўважыць.І тут з кармы разануў усіх па вушах адчайдушны крык Кані:– Міна!!!Грукат ног па палубе выбыхнуў у адказ на гэты крык, але першага, нібы ветрам, перанесла да тралбалкі старлея. Дубавец убачыў ягоны малады прыгожы твар, які дзіка, жаласна і грэбліва перакрывіўся, калі Сцівен націснуў нагою на аварыйны педаль. Лябёдка, заскрыгатаўшы, стала.Злосць, амаль адчай, гнеў былі на ягоным твары. А старлей усё ціснуў.“Нібы нешта брыдкае нагой давіць, - недарэчна падумаў мічман. – А Каня аболтус. Стаіць, язык высалапіўшы, як, скажы, марскога змея ўбачыў”.…Амаль ля самай кармы скакаў на хвалях вялізны, чорнага колеру шар. Быццам ваду тараніў, быццам заігрываў, быццам заляцаўся да карабля: ірванецца бліжэй – і адстане, кінецца да яго – і адскочыць.Шар густа аброс крышталічнымі калоніямі мідзій і яшчэ нейкай дрэнню. І, чакаючы ўдару, пагрозліва і здзекліва стырчалі на корпусе міны свінцовыя, вострыя на выгляд каўпакі.Як чорт з блізкага пекла рогі паказвае, - шапянуў Сцівен і, нават з некаторым непаразуменнем, быццам у гэтым была віна матросаў, спытаў: - Што ж вы гэта, хлопцы, такое чартаўё мне прыцягнулі?Зразумелая збянтэжанасць цягнулася, аднак, нядоўга. Сцівен збялеў, і ў цяжкай цішыні ягоны голас, які раптам сеў, выдушыў:– Травіць? Давай ходу! За кармою – міна!Не было ў гэтую хвіліну на палубе чалавека, які не падумаў бы, што нельга чакаць, пакуль дадуць ход, што хвалі кідаюць і карабель і ягоную смерць, што вось-вось адзіны ўдар і карабель – не, цяпер ужо караблік – нахіліцца, пачне рваць бортам хвалі і, як распоратая, іржавая бляшанка з-пад кансерваў, пойдзе на дно. І выбух выкіне гэтых людзей, толькі што жывых і вясёлых. Выкіне, як сардзін з бляшанкі, у ледзяную ваду, дзе ўжо ніхто не знойдзе іх у снежнай кашы. Бо нават SOS падаць не паспееш, бо ніхто не спахопіцца раней чым за гадзіну-дзве, а пасля нельга будзе адшукаць у буране. Бо нават той, хто пратрымаецца, ухапіўшыся за нешта, проста замерзне.Старлей скідваў рэглан, блытаўся ў ім і ніяк не мог пазбавіцца ад рукавоў.– Адпорнік! – І ўсе не пазналі ягонага здзічэлага голасу.І тут мічман са здзіўленнем пачуў ненавісны голас Кані:– Дазвольце ў ваду?Сцівен вагаўся. У ледзяной вадзе скакалі, збіваючыся ва ўсё большыя і большыя, зеленаватыя камякі снегу. Крутая хваля кацілася з белай імглы… Але ж людзі, але ж караблік!Твар ягоны скрывіўся. Ён сам схапіў адпорны крук і пачаў асцярожна адводзіць ім міну ад борта.– Дабро, - ён не глядзеў у вочы. – Дабро.І адразу ж глуха чабарохнула ў ваду.Мічман не пазнаваў старлея. Звычайна такое маладое і нястрымна легкаважнае аблічча зараз быццам падсохла і скамянела… Але ён не пазнаваў і Кані ў адчайдушным ягоным учынку, у гэтым кідку ў невядомае, магчыма, у смерць. На парозе такога шчасця. Халера яго пабірай.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15