1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

Жыватворнае, яно ўварвалася ў лёгкія, і, быццам разам з ім, уварваўся ў напаўаглушаныя ад рыку вушы крык. Крычаў Дубавец:– З рук вырвеш, чорт, канёк марскі! Мацаваць памагай! Ма-ца-ваць!Ён крычаў гэта так настойліва і злосна, што Каня зразумеў, стаў мацаваць канец за рым. Мічман трымаў трос і міну, і іх, разам, нібы ў смяротных абдымках, кідала з грабяня ў правал.Даўно ўжо нічога не было відаць. У свеце засталося толькі іх трох. Касая лятучая снежная імгла закрыла ўсё. Валы білі іх, неслі, напаўняючы громам вушы, адрывалі, грукаліся зверху шматтонным цяжарам на іхнія распластаныя целы.Кожны такі ўдар мог адарваць іх ад міны, укрыць снегавой заслонай, і тады знайсці іх не магла б ужо ніводная сіла ў свеце. Што там парушынка тытуню, якая ўпала ў пыл? Чалавек у бурхлівым моры – вось хто загублены раз і назаўсёды.І таму яны трымаліся за гэтую круглую смерць.Можна было, вядома, кінуць яе і па адцяжцы дабрацца да карабля, да цяпла і святла, да людзей. Але міну магло падсячы. Яна магла, калі яе кінуць, пайсці ў імглу. Яна, смерць, магла месяцамі і гадамі маўкліва калыхацца, імчаць на шляхах караблёў, магла воляй выпадку выйсці на фарватар. Усё гэта за долі імгнення праляцела ў галаве мічмана.…Белыя-белыя пасажырскія караблі. Смяюцца дзеці, старыя пакурваюць у шэзлонгах, лындае і дурэе на палубе моладзь. Ласкавае мора, сіняе-сіняе неба, чайкі пікіруюць за кінутымі кавалкамі хлеба… І раптам – удар!!! І раптам – да неба смяротны слуп вады. І ўсё разламана напалам… І праз некаторы час толькі заклякоча паверхня мора, калі схаваецца пад ёю нос карабля… Каўтаючы ўсё, усё… І не будзе каму ўжо ні заляцацца, ні смяяцца, ні пакурваць.– Мацуй, – захлынаўся мічман. – Мацуй канец!Адною рукою ён дапамагаў яму. Пальцы не згіналіся. І ўсё ж ім удалося надзейна завесці за міну трос.“Каб трос падсекла і зараз, - Дубаўцова думка замірала, - заставалася б адно……Сіняе-сіняе мора… смяюцца дзеці… хвалі нясуць ім насустрач… плывучую… удар… кіпіць на гэтым месцы мора… можа, над ёю… няма каму смяяцца……заставалася б адно… ударыць па адным з ражкоў… І тады плыве сабе і плыве белы параход… Жыццё куплена жыццём… а над імі ўстане слуп вады… І ўсё вырашыцца само сабою”.Мічман усім застылым целам адчуваў гэтае апошняе заспакаенне. А пасля ён глянуў на твар Кані і дзіка спалохаўся. Твар быў скажоны нейкім невядомым болем і пакутай.– Толя… што? – захрыпеў мічман. Што?– Уаб-буа-уаб, - адказаў той, захлынаючыся.Дубавец ледзь паспеў схапіць яго за абледзянелыя слізкія валасы – на ягонай галаве таксама была ледзяная шапка, - выцягнуць на паверхню і прывязаць рамнём за трос. І ўсё адно мінёр так знясіліўся, што то выплываў, то зноў хаваўся пад вадою.І раптоўна мічман спалохаўся, смяротна спалохаўся, што ён не ўратуе гэтага чалавека. Толькі тут ён успомніў пра выратавальны круг, надзеты ў яго на нагу (паспеў-такі прыхапіць, то ж бо нешта так перашкаджала). Ён зняў яго, накінуў на матроса зверху, а пасля падняў Каню за каўнер і прасунуў круг яму пад рукі.Мінёр бязвольна матляўся побач з Дубаўцом. Яго даводзілася трымаць адной рукой, каб не падламіліся плечы, каб цела не саслізнула ўнутр круга. На дно.І раптам бязмерная, “ідыёцкая”, як падумаў ён сам, пяшчота авалодала мічманам. Ён разумеў, што калі гэты… зараз… замерзне або пойдзе ўглыб, ён ніколі не даруе сабе. І тады лепей яму, мічману, таксама пайсці туды ж, услед за гэтым паршывым мінёрам, які раскалашмаціў яму… удрузг… чорт пабірай… якога менавіта таму трэба было…

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15