1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

Ён прыцягнуў да сябе абмяклае цела, адчуў слабую цеплыню і заторгаў трос (гэта й былі тыя рыўкі, што адчуў на караблі старшына), а пасля, абхапіўшы мінёра левай рукой, пачаў прасоўвацца па гэтым тросе, з усёй сілы працуючы нагамі.Гэтая раптоўная пяшчота да суперніка была, як ён думаў, зусім не для яго, а для той… Усё адно як быццам гэта ён ратаваў яе… А ўвогуле ён і сапраўды дзеля яе… гэтага смаркача… і гатовы быў з лёгкім сэрцам заплаціць за гэта адзіным, што ў яго было.Ён спрабаваў прывесці яго да прытомнасці, і гэта яму ўдалося. Лепей бы не ўдавалася. Бо твар мінёра зноў не па-чалавечы перакасіўся.– Толечка. Мілы. Толечка!.. Што?! Што, галубок?!– Су… сутар… Зноў. – У мінёра падламіліся плечы.Прыўзняўшы яго, мічман нагамі стаў здымаць, сцягваць з яго боты. Ён біўся над гэтым неймаверна доўга, але боты, у рэшце рэшт, усё ж такі пайшлі на дно. І тады мічман нырнуў, ледзь не знепрытомнеўшы ад ледзянога абруча, які сціскаў чэрап, адшукаў скурчаную, цвёрдую, як дрэва, нагу Кані і моцна, мабыць, да крыві, укусіў яе. Нага тарганулася.…Хутка яны ўжо цягнуліся да карабля. Мінёр, хаця й слаба, таксама боўтаў нагамі. А пасля трос нацягнуўся, ледзь не вырваўшыся з рук, і пацягнуў іх убок. Сцяпан зразумеў: іх цягнуць. Да карабля. Разам з замацаванай мінай.Трос слізгацеў у задубелых руках, яны спаўзалі да яго канца і хутка зноў апынуліся побач з мінай. Дубавец упёрся ў яе нагамі, замкнуў рукі вакол пояса суперніка і так, страціўшы апошнія сілы, чапляючыся хутчэй таму, што ніякая моц не магла расціснуць іхнія зведзеныя, скурчаныя пальцы, яны павіснулі на тросе, павольна набліжаючыся да далёкага, вельмі далёкага карабля.Мічман адчуваў пад пахаю холад троса, замком рук – шырокія грудзі мінёра, нагамі – яго бязвольныя ногі. Валы раз-пораз накрывалі іх, але ён ведаў, што вочы ягоныя гараць не ад марской солі. Занадта цёпла было вачам.Нікнучы галавою, ён адчуваў, што робіцца цяплей і ўнутры.Перад вачамі зыбка ўставалі, увесь час чаргуючыся, майскія сопкі, рабізна пяску на перакатах маленькай беларускай рачулкі, печкуры, што пакусваюць за пальцы босых ног у цёплай вадзе, пяшчотныя жаночыя локці ў далонях. І зноў, нібы пасля ўдару, цяжар нерухомага цела ў замку рук, цела, якога нават коштам жыцця нельга было выпусціць у цёмнае прадонне горка-салонай купелі, якая неразрыўна звязала іх.А цеплыня лілася і лілася па шчаках. І ўставалі перад вачамі мядовыя таполі, ружовы лотас на азёрах вострава Пуцяціна, жанчына, што стаіць па плечы ў зялёнай крыштальнай вадзе… і цела яе хісткае, бо па вадзе змяіцца рабізна… І трэба сціскаць рукі, каб не адступіць, хаця ўсё незваротна скончана, скончана, скончана.…Апошнія кроплі цеплыні стынулі на веях.…Згасала прытомнасць. І апошняе, што ўбачыў чалавек, быў ледзяны хаос, успененыя грабяні валоў, пена, што рвецца з іх у неба, і снег, снег, снег… снег…...У снежным буране нічога не было відаць за кармой.– Колькі ўсё ж гэтыя чэрці паспелі стравіць? – сам сабе, дужа ціха сказаў Андрэй Сцівен.– Апошня, – таксама дужа ціха адказаў кубічны, нязмерны па ўсіх габарытах Красоўскі.У белым свісцячым вэлюме праз нейкую хвіліну цьмяна паказаўся, заскакаў на хвалях чорны шар. Людзей не было відаць.Толькі дужа напружыўшы вочы, Сцівен, здалося яму, заўважыў на чорным дзве галавы, якія быццам прыкіпелі да міны. Бліжэй падцягваць яе было падобна смерці. Старлей цяжка ўздыхнуў, убачыў камандзіра, што стаяў ля кармавога клюза і таксама сачыў за ходам выбаркі-адцяжкі, і сказаў:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15