1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

У глыбіні душы ён ведаў, што для самапавагі гэтага мала. Ганебна мала. А ўжо для такіх дзяўчат, як Жэня – і пагатоў.…У адмірала Ахотнікава была фенаменальная памяць на абліччы, імёны, факты жыцця падначаленых. У многіх і многіх соцень камандзіраў, старшынь, матросаў ён памятаў нават імёны па бацьку жонак, і колькі дзяцей, і калі праштрафіўся, і калі, наадварот, быў адзначаны. Дый хто ўрэшце не ведаў яго, Сцяпана Дубаўца, які са сваіх амаль сарака год дваццаць восем на караблях, з таго самага дня, як узялі яго, беспрытульнага, на тральшчык юнгам, “сынком”. І вось ён аднойчы выпадкова пачуў, як Ахотнікаў у канфідэнцыяльнай бяседзе сказаў аб ім, Дубаўцы:– Слyжыць аж занадта старанна.А што заставалася рабіць яму, Дубаўцу, калі акрамя гэтага ды яшчэ нескладанай сталярскай работы ў доме “для душы”, ён амаль нічога не ўмеў? Дый служыць “занадта старанна” нельга. Глупства гэта, хаця і адмірал сказаў.А Ахотнікаў тады яшчэ прыбавіў:– Не прывёў бы тады лёс на карабель – быць бы яму старшынёй нейкага калгаса. Такога сабе моцна і ўстойліва сярэдняга. Уся матчастка ў поўным парадку. Людзі жывуць, нібы ў Хрыста ў запазусе. Начальства не ездзіць, давярае. Журналісты таксама, бо лаяць няма за што, а й хваліць дужа – таксама. І, вось глядзіце, мы суседзі, я сам бранскі воўк, а ні Балтыка, ні Поўнач, ні тутэйшыя мясціны з яго ніколі не вышыблі і не вышыбуць магілёўскага мужыка… Палова слоў, палова фраз – адтуль. А ён і жыў там без года тыдзень, дзесяць год, ды ў водпуск часам наязджаў. Гэта як зразумець, га?Памаўчаў.– Акцэнт незнішчальны… І вось што цікава, капітан, я такіх дактароў навук нават ведаў. Гэта ўжо ад натуры. Бываюць такія, што й тры універсітэты ім не дапамогуць. Ні французскі, ні рускі, ні нямецкі. Непрабівальныя мужыкі. У мяне знаёмы быў, таксама сусед, з-пад Барысава, з-пад Студзёнкі. Ну, той, дзе на Бярозе Напалеон армію пагубіў. Доктар навук, адзін з лепшых матэматыкаў у Саюзе, галава, тры гады ў Індыі выкладаў. Некалькі моў, у прыватнасці англійскую, як бог ведае. А “The” ў яго ўсё адно як “дзе” гучыць, а думае ўсё роўна па-барысаўску. Ведаеце, што ён адчудзіў, калі яго ў Парыж паслалі? Гуляў, убачыў калону Напалеона і з гэткім першабытным гумарком спытаў: “Што, падла, помніш Бярэзіну?”Адмірал з капітанам засмяяліся і адышлі. Ды ён і без таго даведаўся зашмат. І хаця параўнанне з доктарам, які выкладаў у Індыі, палесціла Дубаўцу, у душы нешта ўсё ж варухнулася. Не зусім прыемнае. Што зробіш, калі галовы ва ўсіх розныя: у адмірала, капітана, доктара і ў яго? А значыцца, розны лёс. Той жа капітан Кулінчанка – Дубавец ведаў гэта – сказаў аб ім аднойчы так:– Усё ў яго будзе ў ажуры. І тэхніку зберажэ, і людзей… да пэўнай мяжы. Наколькі гэта прадугледжана. Бадай што і не вышэй. Толькі наколькі самога хопіць. А людзі гэта чуюць.Мічман у глыбіні душы адчуваў справядлівасць гэтых слоў. Усе так лічылі. А ўсе заўсёды маюць рацыю перад адным. Гэта ён чуў з самых малых год.Ён зноў закурыў і, моршчачыся, пацёр ключыцу.“І ўсё ж ён так і дажыве свой век на караблях, бо куды ж яшчэ? Карабель узяў яго тады, у вайну, калі ён, Сцяпан, паміраў з голаду. Узяў “сурова”, бо разумеў, што бэсціць дарэмна нельга. Абразіцца хлопец: вайна. Не дзіця ж. У свае дванаццаць бачыў, што й летняму хапіла б. Але й свавольства рознага, накшталт “прадзімання макаронаў на камбузе” або “прыносу вядра сухой пары з машыннага аддзялення”, таксама не было. Нельга: “сынок”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15