1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

Гэта было не так. Толькі вечная пахмурная паглыбленасць мічмана ў сябе перашкаджала яму заўважыць, што некаторыя – і нават даволі многія – жанчыны азіраюцца на яго на вуліцах горада.Досыць высокі і шырокі ў касцях, велікароты, шыракавокі, брывасты, з магутнымі надброўнымі дугамі, крыху рудаваты, у пшаніцу.Словам, па замячанню таго ж “мастака” Анатоля Кані:– Дурніца, можа, і не прышвартуецца, а разумная… Шкада, што гэтых разумных малавата. Астатніх, мабыць, чорт выпалаў.Каня быў адзін з нямногіх, хто мог прыадхіліць перад мічманам частку душы. Можа, цягнуўся як да земляка. Але Дубавец не йшоў яму насустрач амаль ніколі. Вайна і ўсё астатняе нялёгкае жыццё выхавалі яго ў тым перакананні, што нельга ўголас гаварыць пра свае думкі і пачуцці, нават калі ты “тонкі чалавек”. І нават калі бачыш, што прыгожа (а ён інстынктыўна адчуваў прыгажосць), дык казаць пра гэта апошняя справа.– Гэта што ж палучаецца. Ты, скажам, пусціш кагосьці ў душу, а ён, можа, зусім і не той, каго належыць пускаць.Ён мала давяраў такім людзям і нават крыху недалюбліваў іх.– Можа, таму гэта ўсё і скончылася. Нават ясна чаму. І асвета розная і ўзрост. Старэючы сухар, службіст, без гумару, без умення падтрымаць размову на высокія матэрыі. Цалкам ясна, што не для яе ён быў. Толькі які ж там быў “раман”? Яна не ведала аднаго, што нікога ён больш не жадаў са дня іхняга разрыву.– Адналюбівы, як асёл, - сказаў пра яго неяк мічман суседняга тральшчыка, прыгажун Несцярэнка, і ён пачуў гэта без крыўды.“Ну й няхай, як асёл… Усе лепей, чым ён, певень кахінхінскі”.Ён уклаў у гэтыя словы ўсю пагарду сваю да несцярэнкаўскай пароды мужчын.…Яна тады з’ехала на метэастанцыю, на востраў Рагвольд. Блізка, а нібыта на край свету. За два гады дзве выпадковыя сустрэчы. Абодва разы ён зрабіў выгляд, што не заўважыў яе. Няма чаго таму богу кланяцца, які на нас не зважае. Таксама мне яшчэ… польская панна.Ён быў сухар, але сухар горды і ўпарты.І таму малпа ўвесь час сіратліва вісела ў яго ў каюце.Калі Дубавец быў злосны на няўдалы выхад у мора або, як яму часам здавалася, на несправядлівыя разносы начальства – ён паварочваў яе журботнай мордаю ў кут.Дарыць ён яе не хацеў. Падоранае нельга дарыць. Гэта было адно з тысяч ягоных цвёрдых правілаў. І ўсё ж дарэмна Більдзюкевіч дарыў яму малпу. Ні ёй яна не прыдасца, ні будучаму сыну.І ўвогуле – дарма.Цішыня над бухтаю ўжо не была такая глыбокая. Яе нягуста разрывалі блізкія і далёкія гукі. Даносіліся цені галасоў. Спявуча ныў, выбіраючы якар, шпіль. Лязгаў, бегучы ў ланцужную скрынку, якар-ланцуг. Вось з вухканнем вырваўся з вады і сам якар. На імгненне Дубавец пачуў, як з яго лье. Пасля пачуўся грукат, удары аб корпус карабля: якар замацоўвалі па-паходнаму.Караблі рыхтаваліся да выхаду ў мора.Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.– Вазьміце, таварыш мічман.За ціхім спевам дызеляў, што пачаўся хвіліну назад, Дубавец не пачуў крокаў мінёра Кані. “Карабельны мастак” працягваў яму запалкі.– Дзякуй.Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся да выхаду з гавані.– Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?– У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадобныя яны былі між сабою. І параўнанне тое было невыгаднае для мічмана, а таму ён увесь час думаў над гэтым непадабенствам.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15