1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый – усё адно фацэт.Нічога ён супраць яго не меў: служыць, працаўнік, сябра не заложыць, на чужой спіне ў рай не палезе, а ўсё ж… Мо таму, што мінёру ўсё на свеце ўдавалася ў сто разоў лягчэй, чым яму, мо таму, што ён са шчаслівай лёгкасцю, гуляючы, заваёўваў усё, што ён, мічман, браў цяжкай працай. Нават сябрамі людзі яму рабіліся пасля першага слова, а то й пасля першай усмешкі.Усмешка і праўда добрая. Кепскія людзі такой не выціснуць. І вочы адчайдушна-вясёлыя, цёмныя, злёгку міндалевідныя. І чуб хвалісты. Крыху выліцаваты, але вакол рота ніжэй гэтых скул такая цвёрдая прыгожая гульня мускулаў, што скул гэтых і не заўважаеш.Адсюль, пэўна, і насцярожанасць. Адчуванне, што каб давялося сядзець за адной партай, танцаваць на адной пляцоўцы і ўсё такое – гэты гуляючы ўзяў бы верх. Ужо не кажучы пра тое ягонае маляванне. Шмат у якіх сяброў, дый у камандзіраў многіх напісаныя ім партрэты. Дужа жывыя, толькі што не гавораць, і – гэта мічману здавалася містыкай – падобныя з арыгіналам, як два кітайцы адзін на аднаго.– Гляньце, агні цягнуцца да выхаду з бухты, - сказаў Каня.– Ну.– Вясёлкавы які арэол вакол кожнага агня! Ле-едзь прыкметны. А колерам… вось зімой такое кола вакол поўні бывае.Мічману стала ніякавата і нават крыху сорамна.– Агні як агні, - сказаў ён. Бадай што пад вечар будзе вецер. Са снегам.Тут жа ён не пахваліў сябе за сухі тон.– Чаго ж гэта ты, Анатоль, не спіш?– Не спіцца нешта.Ён усміхнуўся так прасветлена і шчасліва, што Дубавец зразумеў: бясссонніца тут і не з’яўлялася. Матросу перашкаджала спаць нейкая вялізная радасць, нейкае лікаванне, што аж распірала яго. І радасць гэтая была з тых, якімі абавязкова неабходна падзяліцца, як бывае неабходна падзяліцца горам. Мічман разумеў гэтую патрэбу ў чужой зацікаўленасці, хаця сам ніколі на такое не пайшоў бы.– Пра дзяўчыну задумаўся? – штучна ўдаўшы гэтую зацікаўленасць, спытаў Сцяпан.Матрос толькі яшчэ шырэй усміхнуўся, непрыкметна схіліўшы галаву.“Чаму гэта людзі, калі яны шчаслівыя, усміхаюцца заўсёды дурнавата, - падумаў мічман. – Вось і гэты. Хаця, што з яго ўзяць? Юнак яшчэ. Амаль дзіця. Я ў яго гады ўжо дзевяць год адплаваў”Ён забыў, што ягонае “плаванне” пачалося, мякка кажучы, супраціўна натуры і здароваму чалавечаму сэнсу.– І добрая хаця дзяўчына? – ён задаваў пытанні толькі таму, што работы ўсё адно яшчэ не было. – Дзе пазнаёміліся хаця?– Ды вы ж сведкам былі… Хаця не… Вы тады ў водпуску былі. Гэта падчас таго лістападаўскага выхаду, калі хворых з Рагвольда здымалі.– Казалі мне нешта такое… Я тады на поўдні ўпершыню быў. У Сачaх… Ну…Анатоль закурыў.– Мы ўжо назад тады вярталіся. Радаваліся, вось-вось база, а там і горад. Драіліся, прасаваліся, усё такое. І раптам загад: ісці на востраў, зняць і даставіць хворых. Ведаеце, як пасыплюцца ўжо няшчасці – падстаўляй торбу. Усе злыя. Камандзір маўчыць. Галоўны мінёр чорта прыпамінае.“Ясна чаму, - адзначыў мічман. – Раней ён, бывала, у выпадку чаго і матам мог. Я гэта до-обра памятаю. Завязаў, бо аднойчы ўпрыцемку не разабраў, дый пусціў да мамы не таго, каго трэба. Нічога добрага з гэтага для яго не атрымалася”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15