1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

А ў голас сказаў:– То што?– Лаяўся больш так, прывычка… Таму што справы былі сур’ёзныя. Матарыста аднаго з кавасакі кінула хваляй – клетку грудную памяла. Ну і жанчына: цяжкі выпадак апендыцыту… Добра, пайшлі. А тут не мора – вадзяное пекла: ваду нясе, пену з валоў зрывае. Дыхаць амаль немагчыма, не паветра, а ледзяны перасолены суп.“Бач ты, паeзію развёў, - з іроніяй падумаў Дубавец, ¬ напэўна, цябе, пяюна, бабы слухаць любяць”.– Падыходзіць наш “Тайфун” да месца высадкі, і мы ўсе бачым: не толькі караблю – шлюпцы падысці да берага не ўдасца, такі накат. Валы б’юць, назад са скал сплываюць. Зялёныя, каламутныя, шкляныя. А там чакаюць. Паміраюць, можа. Тады старлей вырашыў: няхай двох са шлюпак дабіраюцца да берага проста так.– Ножкамі? – спытаў мічман.– Гэ-э, ножкамі. Дзе ножкамі, а дзе й турманам. Таму што як нападдасць хваля, як адвесіць ляшча ў кармавы абвод, дык пасля хоць месяц задраты бегай. Ад трусоў і то балюча.У абодвух былі іранічныя твары, ды і ў словах гучала іронія. Гаварыць аб такіх звычайных рэчах, калі небяспека мінула і забылася, было чамусьці сорамна.– Пакуль да берага ракам далезлі – выгляд у нас быў, нібы нас праз земнаснарад прапусцілі. А назад яшчэ горш. Нясём іх на руках. Ну, ясна, кожны канцом абвязаўся, так што цягнуць. І то, пакуль дабраліся, насёрбаўся я салоных гуркоў па глотку і яшчэ вышэй. І, верыце, таварыш мічман, сіняк ад шыі да кіля цэлы месяц не сходзіў.– Марна. Гэта ж не кожны дзень такое, - сказаў Сцяпан. – Запомні першы запавет падначаленага: с… на берасцень, не будуць біць кожны дзень.Каня ўсміхнуўся і раптам сказаў, нібы прызнаваўся:– Я ж амаль не магу, калі вада ледзяная. Іншы плыве, і нічога, а ў мяне адразу сутаргі. І такія, што ўзвыў бы, як шэры на каляды. І ногі, і рукі, і ўсё…– А дзяўчына?– Ну, даставілі мы іх на карабель. Я й не разгледзеў яе амаль. Веі толькі. Цень на палову шчакі. А потым яна мне ліст напісала з падзякай… Я адказаў.– Сустракаліся?– Ды разы тры.– І як, цікава ёй з табою?– Думаю – так. А пра мяне й казаць няма чаго. Асвета мая крыху падкачала – нічога, дацягну. Мне ж дваццаць два толькі.“Усё яшчэ наперадзе, - падумаў мічман. – І тут табе, малец, сто ачкоў дадзена перад іншымі. Што ж, памагай бог”.– Харошая жанчынка. Засмяецца, дык і ў мяне ад смеху ўсё нутро хвалюецца. Я, таварыш мічман, каб убачыў што нехта яе пакрыўдзіў, я б таму свінюку за гэта такога чуба даў, што ён бы лысы з бальніцы выйшаў. І то – толькі праз месяц. Дужа добры чалавек. І ведае шмат, хаця тут чаго ж здзіўляцца… Метэаролаг… Станцыя іхняя на Рагвольдзе.Невядома чаму, але Дубавец раптам адчуў сябе так, нібы нехта выліў яму за шкірку спачатку конаўку гарачай, а пасля конаўку ледзяной вады. Усёй падсвядомасцю ён быў ужо ўпэўнены ў адказе, нейкім невядомым інстынктам ведаў яго і ўсё ж спытаў, не мог не спытаць:– Ну, а завуць як?– Яўгенія… Жэня… Аўгіння па-нашаму… Антонаўна.Нешта апусцілася ўнутры ў Дубаўца. Адчуваючы незямны, нечалавечы холад і пустату, але ўсё яшчэ без надзеі спадзеючыся на нешта, ён глуха сказаў:– Метэаролаг з Рагвольда… Т-так… Прозвішча часам не Арсенцева?– Угу. А вы што, ведаеце яе?– Здаецца, не ведаю. Але чуў неяк… Так, здаецца, я пра яе калісьці нешта чуў.Ён хацеў сказаць яшчэ штосьці, і ён баяўся сказаць, баяўся, што сарвецца, зарыкае ад ярасці і болю.Выручылі яго званы гучнага бою. Яны крычалі нібы не над тральшчыкам, не над свінцовай бухтай, над якой бляднела перадсвітанне, не над рабрыстымі голымі сопкамі, а нібыта ў вушах, у грудзях, у галаве.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15