1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15

Вока тайфуна

Тое, што зараз, гэта не тайфун, але на душы горш чым, бадай, падчас тайфуна. Змыла б тады за борт – і ўся табе ютрань. І добра было б. Так і пражыў бы, не ведаючы ўсяго гэтага”.…Хмары ўжо заснавалі ўсё неба і цяжарам сваім як быццам прыціскалі караблі да вады. А вада імчала, уздымалася, абурвалася на іх, гарматна біла ў барты, кідала, раўлівымі плынямі імчала па палубах, абкатвала мосцік, з размазху біла людзей, спрабавала цяжка і ўладна цягнуць іх з сабой, не давала выбіраць апошнія тралы.Палуба хілілася, нібы хацела дапамагчы вадзе, скінуць ёй людзей проста ў рэдкія белыя зубы.– Працаўнікі мора, - бурчаў мічман. – Якога яшчэ… Пакутнікі мора, вось гэта будзе вярней.Старлей Сцівен, трымаючыся за тралбалку сінімі лапішчамі (ён не прызнаваў пальчатак) і ненатуральна шырока расставіўшы ногі, чарціў і чарціў і вецер, і мора, і выбарку трала, і тых, хто выбіраў:– Што вы чартаўню нейкую робіце. Антонаў, чорт, не бачыш, змывае!!!Хвалі, перакачваючыся цераз борт, сапраўды змывалі незамацаваныя дэталі, буйкі, канцы.– Гады! Падлюгі! – грымеў Сцівен. – Засмецілі з гэтай ус… вайной мора, а ты тут ары. Дав-вай, хлопчыкі! Давай наваліся.Ніхто не звяртаў увагі на чартыханні старлея. Гэта быў неабходны акампанемент да работы, і большасць здзівілася б, каб ён раптам спыніўся.“Брыда тое, што я падумаў у тое імгненне”, - сам сабе сказаў Дубавец.Ён бачыў, як Каня (цёмная сасулька чуба падала з-пад мокрай шапкі на яго барвяны ад напругі лоб), увесь заглыбіўшыся ў тое, што рабіў, адным ударам кувалды выбіваў кліны разакоў так, што яны ляцелі на шкафут. Бездапаможна павіснуўшы на тралчастцы (“карова на плоце” – дасціпнічаў Сцівен), разак, перавярнуўшыся, сасклізваў па ёй. Яго хапалі рукі другога мінёра і кідалі са звонам у скрынку. За разакамі, здзёртыя на хаду, ляцелі буйкі. І ўсё гэта было як жудасная, адчайдушна-вясёлая, да надрыву пякельна цяжкая пад гэтымі валамі гульня. Слізгаючы па палубе, учапіўшыся ў вялікія буі і ланцугі, матросы цягнулі іх ад кармы, як чарада мурашак.– Сідарэнка, ты што гэта мору кланяешся?!– Гэта ён думае, што на катку.– Куды цягнеш? У ёлупа й вочы не туды глядзяць.– Сука ты, а не матрос.– Моркву носам не капай, хлопцы!Раздзёртыя ветрам галасы, потныя і мокрыя твары, надрыўны, гудлівы, як ліра, спеў лябёдкі, гмахі свінцова-цяжкай вады, ляск ланцугоў, што выцягвалі з клюза.І мора нічога не магло зрабіць з імі.Каня наводмаш біў кувадлай, крычаў нешта, выскаляючыся.“Зубы прадае, - думаў Дубавец. – Цацкі яму. Не трэба, вядома, каб нешта з ім здарылася. Але хай бы ён пры ёй рэкнуў або зрабіў нешта такое, каб на дзверы паказала, каб ужо аніяк не выправіць”.Ён разумеў, што несправядлівы, і злаваўся таму яшчэ больш. І ўсё мацней і мацней тлела ў ім нянавісць.…Тральшчык-напарнік пачаў разыходзіцца.– Бэнц, хлопчыкі! – крыкнуў Сцівен. – Парадачак. Канец скора! Даматвай з гэтага чорта апошнія кішкі.– Мо абрыў? – бадай што толькі з пачуцця супярэчання выказаў меркаванне Дубавец.– А шут з ім, - сказаў старлей. – Да сябе выберам, і хай яго чарты. Выбарка не выбарка, а нібы гладдзю вышываем. Усё ў норме, нібы ў вышэйшай матэматыцы… Ну, як у цябе, Пятровіч, з тым візітам, што шэфы? Фіціль вялікі быў?– А нічога, - буркнуў мічман. – Сяк-так адсекся ад начальства.– Ну й добра, - сказаў Сцівен. – Вось яшчэ некалькі хвілін, і за кармой будзе чысценька.Калі карабель застопарыў ход, мічман раптам адчуў на твары магільны, вільготна-льдзісты павеў. Узняў вочы, і відовішча, якое адкрылася ім, прымусіла яго сцепануцца. З норду, ад берага, устаўшы між морам і небам, імкнулася на іх белая, плотная – нідзе ані прасвету, - уся нібыта суцэльная сцяна.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15