1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

– У цябе?.. Ты ж стары!– Хм. Мне пад пяцьдзесят. Мы з табой равеснікі...– Добра, – пасля паўзы сказаў купец, – гэта было і будзе. Чжоўскі ўладар Дань забіў брата Гуаня, а другога, Хо, накіраваў у выгнанне. Усе казалі: “Калі ён так пакараў за правіну нават братоў, то што чакае людзей, далёкіх цару”. І запанаваў парадак між чатырох марэй.– А чаго ён каштуе, парадак, куплены такой цаной? – сумна спытаў Жун.– Добра, няхай звер Шан Ян, – запаляючыся спрэчкаю, сказаў Гунсунь. – Але ж вучэнне шмат у чым вернае? Так?– Для каго вернае? Пабіў мудрацоў, вучоных, паэтаў. Хм. Было... адзін цар спытаў у другога, як ён так самаўладна царыць. Той павёў яго на поле і кіем, моўчкі, стаў збіваць высокія каласы.– Правільна, – узгарэўся раптам купец. – Яны ж пустыя!– Параўнанне тваё кульгае, – з жалем зірнуў на яго Жун Лун. – Так, яны не даюць хлеба. Толькі нікому, чамусьці, не прыходзіць у галаву, што высокі колас даўжэй за ўсіх бачыць сонца. І першы сустракае яго пасля доўгай ночы... А што там! Бачу я, што дарэмна гаварыў з табой. Пераконваць цябе – усё адно, што з дапамогаю адвеса забіваць у зямлю крывы кол.Купец было ўстаў, але філосаф адразу ж затрымаў яго:– Сядзі. Ноччу небяспечна ісці, пачакай заранкі. Гэта ўжо скора. Хаця я і не думаў, што апошняй маёй бяседай будзе бяседа... з табой.І было зразумела, што яму проста страшна ў апошні раз застацца без людзей. Яшчэ жывому, але аднаму. Назаўсёды. І купец невядома чаму сеў.– Для цара вернае вучэнне Шан Яна. Для чыноўнікаў і сотнікаў. Для астатніх яно бізун, плаха, турма. Каб узняцца ў гэтай турме вышэй на адзін ранг, даецца хабар у тысячу даняў1 зярна гэтай казне, што і без таго насмакталася крыві. Адзінаццаць сем’яў не памерлі б з голаду. А чыноўнікі палучаюць у год ад дзвюх тысяч да ста даняў2.– Ну, – пачынаў ужо кіпець Гансунь. – Гэта, калі ўжо казаць, – неабходнасць. Каб чыноўнік сачыў, ці не ўтойваюць хлеба. Сям’я ў пяць чалавек з’ядае ў год дзевяноста даняў, а ім хочацца болей. А адкуль тады багацце дзяржавы? А адкуль моцныя воіны, што нясуць перамогу і пашыраюць межы дзяржавы?!– Дакуль? – вельмі спакойна спытаў філосаф.– Пакуль не падыдзем да грані зямлі і неба.– А нашто гэтая грань? Сеяць на небе рыс?Варожасць не варожасць, а нейкая дзіўная антыпатыя ўсё болей і болей нараджалася ў гэтых людзях, адзін з якіх толькі што ўратаваў другога. Яны былі ў раздражненні і ўсё ж нейкім дзівам адчувалі, што яны не могуць адзін без аднаго ў гэтую страшную, аголеную ад усяго чалавечага ноч. Адчувалі, што ім трэба канчаткова вырашыць нейкую спрэчку, выйграць нейкі бой, адкрыць другому і да канца вырашыць для сябе нейкую велічэзную праўду, ад якой залежала ўсё. І вось адзін, якому б ратаваць рэштку грошай і адкрываць новы гандаль у Вэй, дзе ніхто не гнаў гандляроў, рызыкаваў усім, дзеля Слова. А другі, якому час быў паміраць, нібы дабіваў нешта, як быццам гэта магло даць яму жыццё вечнае.– Ну і заваюем, – цёмная пляма ўсё больш расплывалася па плашчы вучонага. – Каб адно чырвонае сонца на ўвесь сусвет? Так, ці што? Мурамі адгарадзілі нас ад астатняга свету, ад добрых людзей у ім, ад мудрасці і разумных змен. Закасцянелі. Ад іх вам тыя муры дапамаглі. А ці памаглі вам тыя муры ад вандроўных плямён?Купец запальчыва кідаў яму ў твар:– Які б ён ні быў, ён хацеў вялікай дзяржавы. Толькі яе.– Ён зрабіў гэта. Вялікую, страшную, магутную... бедную дзяржаву. Пудзіла ўсіх народаў, а перш за ўсё – свайго. Каменная пачвара, жалезнае пудзіла на гліняных нагах. Бо ногі – гэта народ. І калі-небудзь тыя ногі спатыкнуцца... Вось і прыйдзе час страшнага гневу3.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18