1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

– Добра, – ужо амаль крычаў распалены супраціўленнем Гунсунь. – Раіш слухаць варвараў, якія горшыя ад нас. Вучыцца ад іх – усё адно, што набрацца вошай. Апора толькі на ўласную сілу – вось наш гонар!І раптам, нібы ўсведаміўшы нешта, супакоіўся:– Ты ўсё лаеш. А што прапанаваў бы ты?Твар філосафа крывіўся ад болю, але ён помніў, што галоўнае ў вучоным – вытрымка і спакой. І ён як мага больш вытрымана сказаў:– У сутнасці гэта амаль сістэма цзін цян. Мэн-цзы ў сім-тым быў мудры. Разумееш, схільнасць чалавечай прыроды да дабра, як імкненне вады ўніз. Таму павінна быць добрай і краіна. Без правіцеля нельга, але і ён павінен быць чалавекам і не глядзець на падданага, як разбойнік на ахвяру, не бачыць ва ўсім зла, не душыць праўды простага чалавека, прымушаць без жорсткасці і толькі ў самым крайнім выпадку. Усім даць роўна па сто му зямлі, адмовіцца ад ваенных авантур, ад урадавага самаўладства над балотамі і азёрамі.– Але ж балоты і азёры – гэта соль і жалеза, – з раздражненнем на бесталковасць філосафа ўсклікнуў Гунсунь. – Яны павінны належаць дзяржаве!– Што ж, тады “чорнавалосым”1 гінуць?– Чаму?– А што, хіба не кожны памрэ без солі, хіба не кожны памрэ без жалезнага сярпа і плуга? Тады ўжо хай царства возьме самаўладнае права на паветра і ваду...Купец маўчаў.– ...ну і яшчэ клапаціцца аб удовах, сіротах, бяздомных.– Гэта ад Мэн-цзы. А што ж ад цябе?– Ёсць адно сонца. Але нельга, каб быў адзін кіраўнік, адна вера. Трэба, каб усе былі калі не мудрыя, то адукаваныя, выхаваныя і сумленныя... Вось. І вось чаму – вораг нам сістэма “фацзя”. Да смерці.Абодва змоўклі. Бледная жоўтая стужка на ўсходзе даўно ўжо налілася святлом. Праз нейкую гадзіну павінна было пачаць днець.Купец устаў, паправіў пад плашчом меч.– Спадзяюся, ты ачуняеш, – сказаў ён. – Ты здорава пагрузнуў, але цікава было пагаварыць з табою. Я ніколі такога не чуў.– Не змывай фарбы, – ціха сказаў Жун Лун. – Воіны цябе ўжо ведаюць. Гэта будзе як дакумент. – Дзякуй. Бывай.Вочы філосафа глядзелі пранізліва. Пасля ён заплюшчыў іх. Купец рушыў. І раптам вучоны з незвычайнай, халоднай яснасцю сказаў:– Бывай, Гунсунь Ян, або... Вэй Ян.– Што?! – Купец спыніўся, і на твары ў яго быў непадробны жах.– Бывай, Шан Ян... Так, Гунсунь Ян і Вэй Ян па родных імёнах. Шан Ян па імю, якое даў Сяо-гун, прызначаўшы табе зямлю Шан.Нават пад коркай было відаць, як збялеў твар вялікага правіцеля. Твар дрыжэў кожным мускулам, і мука, як перхаць, абсыпалася на бараду і халат.– Ты ведаў?– Ну, так. Мне трэба было ведаць усіх вас у твар, каб данесці гэтыя твары вярхоўнаму духу, каб той не памыліўся, калі трэба будзе караць. І я рад, што мне пашанцавала хоць перад смерцю, хоць раз убачыць цябе... Па тых самых нябесных меркаваннях... А пра цябе я проста здагадаўся. Яшчэ калі ты хацеў хапаць меч і сячы за мае словы аб быках ля храма... І яшчэ калі крыкнула птушка, несучы звестку аб чыёйсьці смерці. Гэта ж быў дух твайго дабрадзея Сяо-гуна, Шан Ян... І пасля, калі ты пачуў песню і так узганарыўся імем, а тут мяне і стукнула, як перуном, і я звязаў два імя... Але галоўнае, я здагадаўся па схаванай жывёльнай злосці, з якой ты спрачаўся са мною, адстойваючы сваю хлусню. Што было да яе нейкаму купцу? Ты ж іх таксама пакрыўдзіў.Бязгучна засмяяўся:– Гэты воін дурны, як чапля. Іначай ён убачыў бы пад грубым халатам твой абутак. І як цяжка тапырыцца твой халат – і значыць, пад ім кальчуга, я як тапырыцца паяс – і значыць, у ім грошы, і як тапырыцца ад мяча плашч. О-хо-хо.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18