1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

Шан Ян пайшоў, але раптам спыніўся, бязмерна ўражаны, бо гэты чалавек больш за ўсіх ненавідзеў яго, меў на гэта права і ўсё ж...– То чаму ж ты тады...– Не па святасці і ўсёдараванню. Хутчэй па пякельнай, апошняй нянавісці. Вось ты ўцякаеш. Скажам, у Вэй, на сваю радзіму, з прынцам якой ты паступіў так вераломна. Або ў Хань.– Тамтэйшыя ваны мае вучні.– Вось я й баюся, што яны твае вучні, – са з’едлівай усмешкай сказаў Жун Лун.– Буду жыць. То што твая нянавісць?– Хачу, каб ты жыў, каб дайшоў да канца свайго кола, каб усе, выхаваныя табой, здрадзілі табе, каб адракліся дзеці, каб ты пракляў сваё смярдзючае вучэнне, як дваццаць год праклінае яго твой народ. А можа, пракляне і чэрава, якое спарадзіла цябе і твае думкі пяцьдзесят адзін год назад. Табе ж пяцьдзесят адзін, Шан Ян?Вялікі канцлер у гневе падступаў да жоўтага, як бледны лімон, знясіленага чалавека, што сядзеў на траве ў пляме крыві. Вочы ягоныя гарэлі ад гневу, але не маглі сустрэцца са спакойным агнём вачэй філосафа. А той кідаў яму страшныя, як старадаўні праклён, словы:– Ты не ўбачыш, як твая радзіма тупасцю насмерць зраніць цябе. І ў гэтым самы вялікі мой жаль. Але гэта будзе. І нашчадкі праклянуць цябе, і ніхто, акрамя мярзотніка, адкрыта не скажа, што любіць цябе. Але – і ў гэтым твой самы вялікі праклён – многія з іх возьмуць на ўзбраенне думкі твае, трактат твой, сістэму тваю – і тысячы год людзі будуць гарэць, захлынацца ў пякучым масле, жывымі зыдыхацца пад зямлёй. І сляза кожнага дзіцяці, кожнай жанчыны, кожнага безабароннага старога кожны раз, яшчэ і яшчэ, пракляне цябе ў аднадумцах тваіх, і разам з імі, і на ўсе вякі.– Змоўч! – Шан адскочыў і рвануў з ножнаў лёгкі і моцны меч ханьскай работы. – Вось я табе зараз, сабака…– Сячы, – спакойна, нясцерпна і пранізліва гледзячы яму ў вочы, сказаў філосаф Жун Лун, – мне будзе лягчэй… Я не буду патрабаваць ад цябе падзякі. Ты бачыш, я зрабіў гэта з дабрыні. Я хацеў, каб ты ўбачыў законны крах тваёй думкі, справы, тваёй нелюдзянай ідэі. Каб уся яна сваім цяжарам лягла на цябе ж, дробячы твае косці, каб паспытаў ты сам, на якую пакуту ты вырак свой народ… З часам твая смярдзючая атрута разбэсціць і канфуцыянцаў і многае яшчэ ў Паднябеснай. Ты зрабіў аднастайнай думку ўсіх людзей Цінь і, можа, у будучыні думку ўсёй Паднябеснай. Ты стварыў дэспатыю. То не крыўдуй, калі яна раструшчыць цябе.Ён не мог вытрымаць гэтага позірку і з грукатам кінуў меч у ножны.– Ладна, жыві, – ён павярнуўся ісці і спыніўся зноў. – Толькі… перад тым, як здохнеш… скажы мне яшчэ, чаго ты хочаш?Пагарда і разуменне таго, што няма чаго тут і пагарджаць, гарэлі ў наўскосых, як ластаўчын хвост, вачах філосафа. Бязмерна гнеўнае і, у той жа час, бязмерна ласкавае сваім шкадаваннем аблічча мудраца спачувальна затрэслася.– І ты… не зразумеў гэта з усіх маіх слоў? Тады штo табе дапаможа, скуты подлым сваім часам, няшчасны чалавек? Тады слухай. Роўнасць усіх перад небам і справядлівым, не такім, як прыдумалі падобныя табе, законам, любові, права на праўду і ўзняццё голасу за справядлівасць.– Ты вучоны, – здзекліва, хутчэй ад незразумелай боязні, чым па ахвоце, сказаў Шан Ян. – І ты не можаш знайсці на ўсё гэта адно паняцце, адзін іерогліф – цзыр?Жун Лун пахітаў галавою:– Я ведаю гэты цзыр. Але табе гэта не дапаможа, бо сутнасць гэтага цзыра табе незразумелая. Ты душыў гэтую сутнасць, як мог, але яна незнішчальная. Але затое і табе засталося пазнаваць гэтую сутнасць ну месяц, ну два, як пашанцуе, год.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18