1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

Ён перасунуўся з лужынкі крыві на сухое.– Бывай, Шан Ян. Я зрабіў што мог. Ты таксама. А адплата – яна не пачакае. Існуе Хуэй-ван. Ведаеш прыказку: “Той, хто накапіў тысячу залатых, не будзе сядзець на ганку”1. І ты разумееш, што ты нарабіў, і гэта будзе самая страшная кара твая… Я не ўбачу, але я веру… Іначай не было б неба… і чалавечнасці… і вечнай справядлівасці… Я задаволены апошняй ноччу свайго жыцця, сваёй…Філосаф пачаў мармытаць нешта незразумелае. І раптам сказаў ясным, крынічна-чыстым голасам:– О, які далёкі шлях! Ідзі. Цяпер я засну. Навекі. Свабода.Калі ўдалечыні сціхнулі крокі, ён скурчыўся, каб не так дрыжэць. Яго буйна калаціла: не грэлі рэшткі крыві. Паступова дрыжыкі сціхалі. Ён яшчэ мацней падцягнуў калені да падбароддзя, як ва ўлонні маці.І заціхнуў.…Шан Ян ішоў і думаў над гэтай яраснай слоўнай сечай, над гэтым чалавекам, які рыхтаваўся паміраць, як загнаная ў хмызы хворая, канаючая жывёла, – так, ва ўсякім разе, яму здавалася. Ён узважыў слабыя цені першых сваіх сумненняў і разумеў, што не апусціў мяча толькі праз іх.Ён не ведаў яшчэ, чым кончыцца гэты запеклы вечны бой.Палыхала заранка. Травы былі нібыта залітыя крывёй. І цягнуліся з-за далягляду, веерам, тонкія чырвоныя аблокі.Збіралася ўставаць сонца.Праз месяц ён быў выдадзены галавою Хуэй-вану суседнім правіцелем, сваім вучнем.– Я кепска б засвоіў твае ўрокі, каб не зрабіў з іх вываду, Шан Ян, – нібы просячы прабачэння, з нявіннаю ўсмешкай сказаў “вучань”.І амаль тое самае паўтарыў пры сустрэчы ўладар царства Цінь Хуэй-ван, сын чалавека, які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго, як самога духа Неба і, як духа, у кепскія для дзяржавы часы, нават крыху пабойваўся. Сын чалавека, пры якім вялікі Шан Ян быў другім – а часам нават і першым – кіраўніком дзяржавы.Ён ведаў Хуэй-вана і ведаў, чаго ад яго чакаць. Гэты хацеў правіць адзін і не пацярпеў бы сведкаў свайго другараднага пры бацьку становішча. Чым мог дапамагчы яму вялікі Шан Ян? Усё, што ён мог сказаць, было ўжо сказана ім у ягоным трактаце. І лепей трымаць побач з сабою мёртвы трактат, чым жывога чалавека.Шан Ян не спадзяваўся. Ён ведаў фізіялагічны жах цара перад небяспекай. Заўсёды, калі быў набег на чужыя землі або ўварванне ворагаў, калі рыхтавалася і выбухала змова або, наадварот, секлі галовы – гэты стараўся быць не ў цэнтры землятруса, дзе дрэвы ўзлятаюць угору, а на краёчку яго, дзе ледзь варушыцца сітняг. Ён заўсёды адседжваўся. А пасля прыходзіў і зноў сядаў на сваё законнае месца і выжываў інтрыгамі тых, што насмельваліся дзейнічаць, весці войска, прымаць законы, і адсюль у яго і была жорсткасць. І рэдкая нават для старажытнага азіята крывадушнасць.І, аднак, Шан, як кожны чалавек, спадзяваўся на нешта. Хіба не яго дбаннем было створана магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц? Хіба не ён кіраваў паходамі і распрацоўваў тактыку? Хіба не ягоным дбаннем жыхары Цінь лічылі, што адзіны вялікі занятак – вайна? Ну і земляробства, як грунт для вядзення вайны. Аб усім гэтым ён думаў, калі чжун вэй, камендант сталіцы з соценнай вартай, на чале якой стаяў той самы паршывец дзінлін, які ледзь не спаймаў яго тады, вялі яго ў палац Сына Неба.Вялікі горад Сяньян – народу ў ім было столькі і штурханіна была такая, што летапісец казаў: надзеўшы раніцай новую вопратку, вечарам вяртаешся дадому ў лахманах – гэты вялікі горад жыў пакуль звычайным вячэрнім жыццём. Нават на чарапічных дахах было поўна народу: туды не дасягаў вулічны пыл.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18