1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

Крычалі вярблюды, і тураваў ім віск свінні, якую калолі ля крамы мясніка. Над кішкамі другой свінні ўжо віліся буйныя зялёныя мухі.Пранізліва крычалі ваданосы. На плошчах бегалі, пускаючы змея, дзеці з бруднымі голенымі галовамі. Людзі гулялі ў “шэсць фігур”1 або падбівалі мяч нагой.У трох месцах яны бачылі баі пеўняў і ў двох – сабачыя бягі. І тут і там людзі вішчалі, вохкалі, рагаталі да слёз і ляскалі сябе далонямі па сцёгнах. Толькі што ў адным выпадку над пляцоўкай узлятала пер’е і часам пырскалі цэўкі крыві, а ў другіх, у клубах пылу, сцяліліся над зямлёй, сціснуўшыся ў клубок і заносячы заднія ногі за пярэднія, бегавыя сабакі.Колца гурманаў ля харчэўні збіралася есці пітона. Шан Ян успомніў, як і ён сам, калі яшчэ не быў вярхоўным сянам, рабіў гэта. Пітона марылі голадам. Пасля марозілі на лёдзе і напіхвалі рысам. Кожны з тых, што ўваходзіў у складчыну, купляў мерны кавалак, і ўсе збіраліся ў пэўны час для трапезы. Пітона клалі ў ваду, ён ажываў, а пасля ў той жа вадзе варыўся. Кожны атрымоўваў заказаны кавалак, па даўжыні, і адпаведную колькасць – гэта ўжо ад гаспадара – кубачкаў прасяной гарэлкі. І ўсё гэта было смачна і нядорага. Пад простую добрую бяседу. На хвіліну варухнулася ў ім шкадаванне: а якога чорта было яму лезці да Сяо-гуна? Але тут жа і знікла. Місію сваю ён выканаў. Што зробіш, калі лёсам яму загадана патрасаць царствамі?А горад жыў, і над усім пераклікаліся гукі жалеек і лютняў.…Наступнага дня быў знаёмы яму палац і тыя ж саноўнікі, што асцерагаліся пакуль што радавацца, і цыноўка на ўзвышшы, і заслоны, затканыя аленямі, чаплямі і драконамі.На яго глядзела шафраннае, азызлае аблічча Хуэй-вана. Сядзеў, як бажок хіндаў. І толькі вузкія прыпухлыя вочы выдавалі трыумфуючую радасць чалавека, які задоўга чакаў свайго часу. Два пучкі валасоў пад носам, два, доўгія, на падбароддзі, а між іх вялікі, жорстка прыкушаны рот.– Ты пазбавіўся свайго аленя, Шан Ян2.– Я ведаю. І не разумею, чаму гэта так. Чаму ты раптам узняў руку гневу? Я стварыў табе магутнае царства, якое пераможа свет. Магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц.– Я яшчэ раз спаўзу да цябе з цыноўкі. Хадзем сюды, вялікі Шан Ян. Вы… заставайцеся на месцах. Адзін сотнік са мной…Ён адторгнуў заслону, і з галерэі стала відаць плошчу. На ёй былі расстаўлены ў нейкім невядомым парадку некалькі соцень людзей. Другія, узброеныя, хадзілі між іх. І Шан Ян спачатку не зразумеў, што яны там робяць, гэтыя людзі.– Ты разумееш, чаму я прыняў цябе ў самым далёкім, “Зялёным флігелі”?– Так, – пасля паўзы сказаў Шан Ян, – за ім Плошча Слёз.– І унь там выкапаны ямы. А там слупы. А унь каты з падручнымі, і ў руках іхніх мячы і кліны і іншае. І клешчы… Так, магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц, – ван відавочна здзекаваўся. – Вось жа яно. Няўжо не пазнаеш? Яно ж тваё стварэнне.Шан Ян хацеў ускочыць, але рукі дзінліна ляглі на ягоныя плечы і сціснулі так, што ён на імгненне страціў прытомнасць.– Раю сядзець, – сказаў ван. – Гэта істота двума пальцамі ламае чалавеку ключыцу і шчаўчком прабівае чэрап. Будзеш і далей так – за кожную тваю ўспышку я вазьму лішнюю сотню людзей твайго рода.“Чаму я не ўвёў у розум гуну, каб ён страціў цябе, – падумаў Шан Ян. – Я ж мог пераканаць яго нават забіць сына. Мог!”Ван нібыта адгадаў ягоныя думкі.– Што з таго? Знайшоўся б нехта іншы. Усе мы днямі і начамі думалі над “Шан-цзюнь шу”. Але тут ты маеш рацыю. Ты мог. І ты зрабіў маленькую памылку, што пакінуў мяне ў жывых. Так што не толькі царства, але і я тваё стварэнне. Няўжо не пазнаеш, Шан Ян?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18