1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

Цягнуўся горкі дым. Стралялі ў агні бамбукавыя пеналы, у якіх захоўваліся світкі.– Я пакінуў толькі світкі гаданняў, медыцыны, аптэкарскай справы і земляробства. Я думаю, гэта мудра. Астатняе будзе спалена1.Усё было скончана. Чорны кніжны дым цягнуўся над вялікім полем, дзе сям-там варушылася, варушылася, варушылася зямля.І тады ён устаў. Ён усё зразумеў, яшчэ не ведаючы і не думаючы, што будзе з ім. Ведаў, што ўсё гэта чакае і яго, але чакае стакрот, бо гэта ён запісаў ўсё гэта каліграфічнымі “цзырамі” ў раздзеле “Узнагароды і пакаранні”, бо кожную страту ён перажыў на сабе, і гэта яшчэ чакала і яго. Бо найгоршае пакаранне прымяніў бы ван, пусціўшы яго зараз на волю. Толькі ў яго не стане на гэта мазгоў. І толькі б не паказаць яму гэтага, толькі б не даць яму ў рукі яшчэ і гэтую смяротную пакуту.“Выпусціў звера. Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі загоніць яго назад, у клетку?! Хто назаўсёды заб’е яго?!”Ван устаў:– Можна было б пакрысе зрабіць усё гэта і з табой. Закапаць – і выкапаць... ну і гэтак далей. Але я зраблю з табой справядліва.Усмешка на яго азызлым твары была як крывая трэшчына ў жоўтым гарбузе.– Ты ўсё жыццё рупіў пра баявыя калясніцы. Дзеля іх было ўсё, што ты ўбачыў за час вандроўкі і тут... Дык вось.Шчыліна раскалолася далей.– Я загадаю ўсяго толькі разарваць цябе на часткі баявымі калясніцамі. Павольна, але ўсё ж гэта літасць.Шан Ян сплюнуў яму пад ногі. Адкуль узялася сліна, ён не ведаў. Ён убачыў, як закрылася шчыліна, убачыў міжвольную павагу ў вачах дзінліна і сказаў:– Яны ўжо ўсе мёртвыя. Што ты можаш зрабіць з адным мною? Рабі што хочаш.Ён разумеў, што гэта толькі адчай, што гэта толькі помста вану, што ўсё застаецца па-ранейшаму, бо жывы трактат і ўсё гэта будзе цягнуцца і цягнуцца, але ён не хацеў, каб сабаку перамог яшчэ горшы сабака.Таму яго хапіла толькі на гэта. Таму на плошчу між равучых натоўпаў ён ішоў са схіленай галавой і бязвольна абвіслымі рукамі, увесь у бездані свайго чорнага апошняга адчаю, ведаючы, што зныня і давеку ён – сімвалічны сябар усёй сволачы зямлі і люты вораг усіх людзей на ёй. І сволачы будуць, не ведаючы і не памятаючы аб ім, напускаць на Людзей усіх змей, якіх ён вырасціў у сваім гадзючніку. І ніхто, ніводны Чалавек не памяне яго дабром і не даруе. Бо няма за што. Ці з лобнай плошчы, ці проста з неба дакучліва, абрыдліва да нуды, вякала ў вушах ягоных славутая “Песня баявых калясніц”:Ляціце, аж пакуль апошні...“Не, не, досыць ужо гэтага! Досыць!” Але галасы ўрываліся ў вушы:Хто з намі выйсці рызыкне на бой,Гнілую печань не пакажа сонцу,Не захрыпіць пад нашаю нагой.Ён матляў галавой, але не мог прагнаць гэтай жудасці.І разарвем сусвет мы, як рапуху,Калі ўпадзе ён перад намі ніц,За ногі прывязаўшы і за рукіДа баявых крывавых калясніц.І ён быў амаль удзячны, калі гэты матыў прагнаў народ, пачаўшы крычаць і кідаць гразь.“Слабыя бараны, – думаў ён. – І гэта я прыдумаў і запісаў чорнай тушшу раздзел дваццаты “Як аслабіць народ”.“Баявыя калясніцы. Веліч. Якая веліч? Вось такая веліч? Каму яна патрэбная, тая веліч? Хіба што веліч сапраўднага, праўдзівага, добрага і сумленнага, таленавітага ў сваёй справе чалавека. Але тады гэта ўжо не веліч – хіба праз стагоддзе – а годнасць. Я забіў тую годнасць”.Яго яшчэ сяк-так абаранялі, але нешматлікіх паплечнікаў, якія яшчэ засталіся пакуль што ў жывых і якіх вялі за ім, білі бамбукавымі кіямі па галовах, дзерлі на іх валасы, і жанчыны драпалі ім твары кіпцюрамі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18