1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

– Я багата заплачу.– Такі закон, – выбачаючыся, біўся голас. – Самі ведаеце, чый закон. Я і гандляваць баюся і прымаць людзей. Бо як у законе: “Калі зачыніць пастаялыя двары4, дзе спыняюцца вандроўныя людзі, то тыя, хто самушчаюць сэрцы і сеюць сумненні, не здолеюць вандраваць, – о даруйце, пане! – …і сяляне не пачуюць пра розныя перамены і не будуць глядзець на іх як на ўзор для пераймання… І не будзе даходу шынкам, а калі людзям з корчмаў няма з каго будзе карміцца, то ўсе яны неадменна вярнуцца да земляробства”. …Я і вярнуўся. Я нікога не пускаю. Хіба што праскача дзяржаўны ганец. Злітуйцеся, добры пане.Ён не хацеў болей грукаць. Ён пайшоў прэч, да вёскі, хаця ведаў, што там толькі блохі ды суп з гарахавіння. Але што было рабіць?…І ён абышоў усю вёску, і яму нідзе не адчынілі. Часцей за ўсё ён фізічна адчуваў, як дрыжаць за дзвярыма людзі, а пару разоў яму з-за дзвярэй прыгразілі сякерамі. Раз ён заўважыў над мурам маціцовыя вочы, якія ў імгненнай успышцы месяца цяжка варочаліся за ім, нібы глядзеў, прачаіўшыся, загнаны звер.Праўда, дзве трэці дамоў былога цзуна сустрэлі яго выбітымі дзвярыма і чорнымі праёмамі акенцаў, з якіх выпаралі радзіну або саламяныя цыноўкі.Калі, абышоўшы ўсё, ён стаяў ля весніцаў і думаў, як яму быць, ён раптам пачуў, вельмі здалёк, ляск капытоў. Нехта імчаўся ва ўвесь апор па вялікай паштовай дарозе. Бліснуў схілены цень конніка, ускінуты і развеяны на вятры хвост бунчука. Пасля коннік знік, і толькі тады да чалавека, які схаваўся за ствол дуба, данёсся хрыплы, сарваны, раздзерты ветрам крык вяшчальніка. Адно толькі слова:– …памё-ор!!!Трэба было шукаць, дзе прыткнуцца на ноч. І лепей далей ад дарогі, калі ўжо няма страхі над галавой. Ён пабрыў улева па мінулагоднім шорсткім прасавішчы туды, дзе, як здалося яму, пялёснуўся над зямлёю нейкі вокаімгненны аранжавы водбліск.Ён ішоў досыць доўга, пакуль ногі не вывелі яго на невялічкі адхон. Ніжэй была малая катлавінка: толькі-толькі размясціцца тром людзям з коньмі. А пасярэдзіне гэтай затравелай ужо катлівінкі гарэла невялічкае вогнішча. Такое невялікае, што падарожнік не зразумеў, чаму ён заўважыў яго. І толькі пасля, заўважыўшы вялікую шаўковіцу, што звісала над ямай, зразумеў: аднойчы вогнішча ўскінулася крыху вышэй і адбітак гэтай зыркасці затрапятаў у кроне. Было ясна, што так жа, як ён, можа заўважыць такі выпадковы ўсплёск і іншы, але выбіраць не даводзілася.Ля вогнішча, захутаўшыся ў грубы плашч, сагнуўшыся – спачатку нават здавалася, што ён гарбаты, сядзеў чалавек.– Не бойцеся. Я з раскрытымі далоньмі.– Я і не баюся, – чалавек узняў галаву і зірнуў на таго, хто падыходзіў, вялізнымі чорнымі вачніцамі. – Я не прыкуты да кола існага, узяць у мяне няма чаго, а неба адкрыта кожнаму, і мы не ведаем часу.“Вандроўны вучоны, – падумаў спадарожнік і прысеў побач, не скідаючы ваўнянага, з капюшонам, плашча. – У пенчанай вопратцы. Значыць, не стаіць на дзяржаўнай службе, не атрымоўвае пайка зернем. Жыве літасцінаю. А ў наш час з гэтага не дужа пражывеш”.Абмяняўшыся пытаннямі ветлівасці, абодва працягнулі далоні да агню, і тады на пальцы навічка бліснуў вялізны сыкгнет.– Здыміце, – параіў вучоны. – Не трэба паказваць багацця дарогам.У яго было старападобнае – зусім не старое – аблічча, жоўтае, як лімон, і змаршчакаватае, як печаны яблык, тонкія, у некалькі валаскоў, і доўгія звіслыя вусы. Яму можна было даць і шэсцьдзесят, і сорак, каб не гарачая, дапытлівая жвавасць наўскосых, як ластаўчыны крылы, вачэй. Побач з ім ляжалі два вузлікі, біклага і доўгі кій – гнамон, з насечкамі для пазнання часу. Вось і ўсё.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18