1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

Вучоны таксама неўпрыкмет вывучаў прыбылога. Пад ільняным халатам зялёнага колеру з шаўковымі аплікацыямі нешта тоўстае паддзета, ля паяса цяжкі, нават на выгляд, мяшэчак, падазрона тапырыцца ў адным месцы плашч. Побач напханая саква.“Купец? Толькі што з ім магло здарыцца? Адбіўся ад каравана, калі напалі разбойнікі? Можа быць. Іх шмат. Ведаюць, што гандлярства пры Шан Яне занятак малапачцівы, што ніхто не будзе з пострахам весці следства аб невялікім караване. Багатыя гандляры, вялікія караваны – жах разбойнікаў. Багатым сяк-так дазваляюць гандляваць, бо зусім без гандлю нельга… Але і гэты, мабыць, шкурай і крывёй за Шан Яна. Усе за яго. Так задурылі галовы ўсім у царстве Цінь… Аблічча ганарлівае, вузкае, позірк пякучы, смаляныя доўгія вусы і чорная, з праголенай сярэдзінай падбароддзя, барада. Мускулы моцныя, грудзі шырокія. І, аднак, нейкая вытанчанасць у руках, нейкая няпэўная і моцная ўкрадлівасць… Добра выхаваны чалавек… І, у сваім невялікім коле, сярод прыказчыкаў і рабоў, мабыць, умее часам і ўладу паказаць”. – Чаму такое бязлюддзе ў Лі? – спытаў барадаты.– Тут амаль усе займаліся рамяством, – не адразу адказаў вучоны. – Зямля кепская. А гандляроў, рамеснікаў і лянівых загадана ператвараць у рабоў. Ну, вядома, нябуйных гандляроў, наймітаў і ўсіх рамеснікаў. Разбіваюць вялікія сем’і. Раней на адну сям’ю адзін падатак. А цяпер, калі ў сям’і пяцьдзесят мужчын – значыць, пяцьдзесят падаткаў, а сто – сто. – Я ведаю. Мне, калі я папрасіўся на начлег, толькі адзін адчыніў. Вочы страшныя, і ведаеце, чым ён адказаў мне, вельмішаноўны? Адказаў словамі вялікага Шан Яна, – барадаты паказаў некуды ўгору. – “Калі людзі будуць занятыя са світанку да заходу ў земляробстве, яны палюбяць правіцеля як роднага і будуць ахвяраваць жыццём дзеля выканання яго загадаў…” – “Вось мы і ахвяруем, – сказаў далей той, з сякераю. – Ідзі адсюль. Сёння памёр, надарваўшыся, мой брат. Ідзі!!!” – і ў самога занесеная сякера… Я не спалохаўся, проста не хацелася шуму… У хаце памёрлага.– Як зваць высокашаноўнага? – спытаў вучоны.– Гунсунь Ян.– Вядомае прозвішча, – на хвіліну апусціў вочы вучоны. – Купец. Чаму ж без каня, без каравана?– Караван мой разбіты, – хрыпата сказаў Гунсунь. – І я ведаю, чыя гэта работа, хто нацкаваў іх на мяне. Якая лапа якога моцнага ворага. Па чыёй правіне я павінен кінуць тавары і дом і ўцякаць у царства Вэй. І куды? За паўночны Вялікі Мур? Да сюнну1? Да дзікуноў? Або за Хуанхай2, на не менш дзікія астравы? Да дзікіх заходніх жуанаў? У дзікія джунглі, на поўдзень, да язычнікаў Бай? Хто чакае мяне там? Толькі туды, усходней гор. У Вэй, Хань, Чжао, Чу, Сун, Ці, Янь? Ува ўсе гэтыя царствы, якія змагаюцца? Толькі таму, што яны - адна Паднябесная, а жыць можна толькі ў Паднябеснай, бо яна вышэй за ўвесь дзікунскі свет.– І, аднак, няма дзе ў Паднябеснай прыхіліць галаву абяздоленаму... Ідзі да Хуанхэ, купец. Яе плынню можаш дабрацца ўва ўсе сталіцы3 царстваў. А калі трэба ўцячы яшчэ далей, то можна дабрацца і ў царства Янь, у далёкі горад Цзі4. Там ужо не дастане нічыя рука. Але ўлічы, купец, яны глядзяць адно на адно, як тыгры. Не забывай, Шан там год пераконваў цара, што спачатку трэба напасці і абезгаловіць Чу, пасля Вэй, бо там самыя багатыя жалезныя руднікі. А там ужо прыйдзе чарга астатніх.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18