1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

– Адкуль ты так падазрона інфармаваны? – з недаверам спытаў купец.– Ведаеш пра радцу Лу Іня?– Хто ж пра яго не чуў у сталіцы. Набліжаны цара. А гэта небяспечна.– Нябожчык быў маім сябрам. Дык ты запомні, уздымаецца рука княства Цінь. Не пройдзе і стагоддзя, як падуць усе сем мацнейшых царстваў у Паднябеснай. Па вулках сталіц загрымяць ціньскія баявыя калясніцы. Будуць сячы галовы палонным. І ўсё таму, што шакал і сын шакала Шан навучыў гасудара ціньскага Сяо-гуна і напісаў злашкодную, подлую сваю кнігу. Тысячы палонных жыўцом закапаюць у зямлю5, мы ведаем, што такое войны ў Паднябеснай, ды яшчэ ў наш час, ды яшчэ па навучэнню Шан Яна. Іх закапаюць, але затое выкапаюць прах гэтага ўблюдка. І невядома, каму будзе лепей.– Што ты ведаеш пра яго?– Са збяднелых арыстакратаў царства Вэй (зараз ён падбівае цара супраць сваёй жа радзімы). Пачаў служыць у дваццаць пяць. Прыз тры гады перайшоў да Сяо-гуна і настолькі пераканаў яго сваёй палітычнай праграмай, настолькі захапіў сваімі довадамі, што той споўз з цыноўкі, падпоўз і наблізіўся да яго. І вось дваццаць чатыры гады ён кіруе, і ўсе гэтыя гады няма ад яго ні сну, ні адпачынку, ні дыхання ўсім царствам, а больш за ўсё – Цінь.– Ты вучоны чалавек, о высокашаноўны!– Вучоны. Але зараз вучоным няма нават горкага хлеба. Таму што “калі народ перастане цаніць вучонасць, то ён будзе дурны, а калі ён дурны, то ў яго няма знешніх сувязяў, а калі ён не мае іх, то ён руплівы ў земляробстве і старанны... і тады пустуючыя землі неадменна будуць апрацаваныя...”6. Так, продкі мае былі – “У”, жрацы. Сам я вучоны.Агонь заміраў. У водсветах вуголляў мудры і нібыта асуджаны твар стаў аранжавы, як памяранец. Вучоны сцепануўся і працягнуў рукі да агню.– Я не абрыднуў табе, купец?– Не, – адарваўся той ад сваіх думак. – О, не. Мне ніколі не даводзілася чуць такога. У першы раз... Праўда, я чалавек малавучоны, але трактат Шана я ведаю. Усе гавораць кавалкамі з яго.– Дзіва што! Дваццаць чатыры гады яго дзяўблі ў вушы жыхарам Паднябеснай. То давай пагаворым, купец. Гэта будзе мая апошняя размова з вучнем, хай сабе і такім недасведчаным, як ты. Але хто з нашых не філосаф?.. На жаль, давядзецца, значыць, абмежавацца трактатам Шана. Што ж, можа, мне хаця ў апошні раз дадзена будзе ўкласці ў чыесьці вушы хаця кавалачак праўды.– З чаго мы пачнем, вучонейшы? Мне цікава ўсё. Ты ж ведаеш “Шан”?– Я шмат ведаю. Зашмат для нашага часу.– Можа, пачнем з прынцыпу дзесяцёх паразітаў?Вучоны прыўзняў бровы:– О, у цябе прыродна-жывы розум. З цябе мог бы... Ты ўзяў самую сутнасць. Тое, з чаго пачынаецца ўсё і чым вучэнне Шана “фацзя” імкнецца забіць канфуцыянства і навуку.Ён засяродзіўся і павольна, змейкаю, пацягнуў па траве ружанец з ляпіс-лазуры. Пасля пачаў нараспеў, але інтанацыя была такая, што ясна было: яму брыдка да нудоты:– “У дзяржаве бываюць дзесяць паразітаў: лі7, музыка, Шыцзін і Шуцзін8, дабрадзейнасць з дабрачыннасцю і давер’е, успрыняцце вайныя як чагосьці ганебнага і, адсюль, нежаданне ваяваць, павага да бацькоў, пачытанне старых парадкаў і звычаяў, братні доўг, бескарыслівасць, красамоўства... Калі ў дзяржаве ёсць гэтыя дзесяць паразітаў, то валадар не здолее прымусіць народ ваяваць, дзяржава будзе неадменна расчлянёная і, у канцы канцоў, загіне. Калі ж у краіне няма гэтых дзесяцёх “шы”, вошаў, правіцель можа прымусіць народ ваяваць, а дзяржава неадменна даб’ецца ўладання ў Паднябеснай”. І яшчэ: “Красамоўнасць і востры розум садзейнічаюць беспарадкам... дабрыня і чалавекалюбства – “маці праступкаў”1.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18