1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

– Бедныя Сем царстваў... Бедная Паднябесная... І ўсё гэта кара за грахі нашых душаў... Мы вялікі, таленавіты народ. І мы страшны народ. Бо варта Шан Яну, ягонаму гаспадару Сяо-гуну, або прынцу-спадчынніку Хуэй-вану, або іншаму мярзотніку даць кліч баявых калясніц, і ўсе мы, нават самы мудры, самы добры, хапаем бамбукавую дзіду і ідзем таптаць справядлівасць, святасць, праўду і чысціню... У-у, які вецер!.. Узгоркі, здаецца трэснуць ад ветру... Дорага заплаціць за гэта калісьці мой народ... І... твой народ... Гансунь Ян.Ён мармытаў і далей нешта зусім бязладнае, а пасля змоўк. Ці то заснуў, ці то знепрытомнеў.Гансунь Ян паляжаў хвіліну, гледзячы ў высокія і халодныя вочы зорак, якія міргалі яму, і адразу ж праваліўся ў сон.Спаў ён мала, як звер, і прачнуўся адразу, свежы, нібы наліты сілай і яснасцю. Усё тыя ж вялізныя вочы паўдзённых зорак глядзелі на яго з вышыні. Усё так жа гарэла вогнішча. Усё тая ж была ноч.Вучоны ўжо зноў сядзеў ля агню. Стары – а можа, старападобны – твар ягоны быў яшчэ больш бяскроўны. Веі самкнёныя. Вусны амаль бязгучна варушыліся, як на малітве. Але ён адчуў, што абудзілі яго не зноў ажыўшае вогнішча і не гэты шэпт. Ён не ведаў – што. Але ён адчуваў уначы набліжэнне чагосьці варожага. Яно набліжалася неадольна і няўхільна....І сапраўды, праз хвіліну здалёк даляцеў спярша няясны, а пасля акрэслены, грозны і дзікі матыў. Недзе вялі яго дзесяткі грубых галасоў. І ён хутчэй здагадаўся - бо адтуль далятаў акрамя пагрозных галасоў, яшчэ і нейкі невыразны пошчак – што гэта было. Уначы ўсяўладна гучала “Песня баявых калясніц”. Сто разоў хадзіў пад ёй чалавек. Нёс, як бунчук. А яна плаціла гордаю ўпэўненасцю. Ён смутна, шостым пачуццём, як заўсёды пазнаеш знаёмае, пазнаў словы, мабыць, першага прыпеву:Ў агні мільгаюць бронзавыя спіцы, Ад сцягаў лёг на свет пагрозны цень.Ляціце, баявыя калясніцы!Ён блізіцца, распраў і смерці дзень.– Якая суровая... Якая велічная... Якая гордая і прыўкрасная музыка, – прашаптаў ён.Вучоны глядзеў на яго і не пазнаваў. Па-ранейшаму былі вытанчаныя і нават спешчаныя рухі рук. Рук філосафа. Але ў вачах гарэў агонь – ці, можа, гэта быў водбліск вогнішча, – але ноздры раздзімаліся, бы ў каня, што пачуў гул сурмаў.“Божа мой, што зрабілі з людзьмі”, – падумаў Жун Лун, а ўголас сказаў:– Ты не падобен на гандляра, – і дадаў іранічна: – Што, тваё імя сапраўды Гунсунь Ян?– Так, – з гонарам сказаў той. – Клянуся маці, небам і сваім жыццём. Стары адвёў вочы і задумаўся над нечым. Пасля вусны ягоныя таргануліся.А ўначы ўжо досыць ясна аддавалася:Хай валадар уладарна свісне –Ўраз бунчукамі зямля расцвіце...Вэй, Хань і Чжао, як вошай, расціснем,Конскім хвастом іхні прах размяцем.– Іерогліф “чжань”, – задуменна сказаў філосаф. – “Чжань”. “Вайна”. Колькі ў накрэсленні гэтага “цзыра”, знака, прыгажосці з пункту гледжання каліграфіі. Але якая за ім мярзота і дрэнь!– Якая гордая музыка, – паўтарыў Гунсунь, і раптам твар ягоны перакрывіўся грымасаю непаразумення, і ў чымсьці нават жаху. – Што такое? Музыка... Песня... Няўжо вайна? Забаронена спяваць у дні міру. Музыка забаронена... Толькі пад час вайны. Такая. Дваццаць год не спявалі.І зноў паўтарыў:– Вайна.– Ты нібыта падазраеш горшае? – пранікліва сказаў Жун Лун. Зусім ужо блізка, на шляху, гучала песня:Як стрэлы ў сэрцы ворагаў ляціце,Куды нясе крывавай бітвы Бог.Ляціце, баявыя калясніцы! –

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18