1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18

Вялікі Шан Ян

І ляжа свет каля сталёвых ног.Філосаф зябка сцепануўся і падкінуў у агонь сушняку. Полямя ўскінулася, і дрыготнае барва заскакала ў кроне шаўкавіцы.– Што ты робіш? – Купец паімкнуўся растаптаць агеньчык нагой. – Нас убачаць з дарогі.Пошчак на шляху сапраўды на хвіліну змоўк, а пасля перайшоў у тупат мяккай хады. Ехалі па прасянішчы. Гунсунеў твар нібы скурчыўся з холаду.– Што ты нарабіў, Жун Лун! Неба! Сюды... яны едуць сюды.– Ты часам не крымінальны злачынец? – нядобра ўсміхнуўся вучоны. – Рэзаў? Краў? Бацьку забіў?.. На маці данёс?.. Хаця па законах Шан Яна апошнія два злачынствы дапушчальныя.– Не, Жун Лун... Клянуся табе, не.Стары, здавалася, раздумваў аб нечым, скосу паглядаючы на купца. Пасля ўсмешка пагарды з’явілася на ягоных вуснах.– Будзь так, – сказаў ён.Выцягнуў з тарбінкі яшчэ вузлік. Развязаў яго. У ім была мука. Выцягнуў бутэльку з гарбузіка. Выліў з яе на руку нешта чырвонае і цягучае.– Давай твар... Давай рукі.Вымазаўшы Гунсуню твар і рукі гэтым, клейкім, ён пачакаў хвіліну – купец адчуў, што твар ягоны сцягвае: сок сохнуў хутка, амаль як лак – і, пачакаўшы, размеранымі дакладнымі рухамі сыпануў на твар і рукі некалькі шчопцяў мукі ці, можа, кааліну, хто ведае. Пасля так жа размерана і паспешна запхнуў усё назад у хатулёк.– Да іх толькі сто пяцьдзесят сюняў , не больш, – спрактыкаванае вуха купца па гуку ацаніла адлегласць. – Што рабіць?– Да іх яшчэ сто пяцьдзесят сюняў, – спакойна адказаў філосаф. – Пасохні крыху і накінь капюшон. І чакай. І маўчы, што б ні было.Крокі сціхнулі.Першы вырас над імі, здавалася, да неба, магутны коннік на цяжкім, як слон, кані.“Падманлівае ўражанне – цяжкасць такіх, – падумаў купец. – Конь для пагоні, калі нельга або няма часу знайсці падмену ні ўцекачу, ні праследавацелю. Жылісты. Здатны няспешна праскакаць адлегласць, на якой падуць два, часам нават тры скакуны. Добрая паўночная парода з царства Янь. Тым часта даводзіцца мераць вынослівасць сваіх коней з конямі сюннугунаў”.Конь быў гарбаносы, як дзікі. І, як дзікі, сядзеў на ім коннік у шлыку і ў панцыры са шкуры насарога, каравай, бугрыстай, страшнай, наймаверна тоўстай нават на вока. Шчыт быў прытарочаны да сядла злева, бронзавы меч – справа.Пасля з’явіліся па баках – і ззаду – коннік са знакам сотніка і бунчужны з бунчуком. Пасля цені шматлікіх коннікаў абкружылі ўсю катлавіну. Заблішчэла зброя, зачарнелі твары, укрытыя грывамі конскага воласу, конскімі хвастамі замаячылі ў небе бунчукі.А пасля такі ж конскі хвост, завязаны ля наканечніка дзіды, матлянуўся наперад і нечакана спыніўся амаль ля аблічча філосафа. Навязаны ля вялізнага наканечніка дзіды, падобнага формаю і велічынёй на ліст фікуса. Наканечніка, скутага ў царстве Чу, у славутых майстэрнях мястэчка Цань і насаджанага на дрэўца па таўшчыні сапраўды падобнага на не такое ўжо і маладое дрэўца.Філосаф не адхіснуўся. Ён спакойна глядзеў на воінаў, зацягнутых у латы са скуры акулы, на каня, на насарожы панцыр, на аблічча чалавека над ім. Праваленае ў шчаках, пасечанае, са складкай неймавернай жорсткасці ля рота, з кароткімі цёмнымі вусамі, гарбаносае.А над ўсім гэтым бязлітасна-халодныя і толькі ледзь раскосыя вочы. Халодныя, як крыга, блакітныя вочы.“Пракляты дзінлін”1, – з халоднай нянавісцю падумаў купец.– Хто такія? – спытаў сотнік.Філосаф марудзіў, гледзячы яму ў вочы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18