1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Памаўчаў і прыбавіў:– I, галоўнае, у Бога верыць. Шчыры каталік. Я раней думаў, што яны, акрамя Бога, нічога не заўважаюць. А цяпер бачу, што іхні езуітызм штука вельмі шырокая. І камуністы сярод іх ёсць і нашы.– Вашы хлопцы малайцы, – сказаў раптам Антось, – узялі яго спрытна.Думкі яго мітусіліся. Гучна стукала ў скроні кроў, і ён сказаў гэта толькі, каб сказаць нешта, каб была адтэрміноўка, каб сабрацца з думкамі.Аксамітны кот усміхнуўся сваім думкам.– Дарэчы, яны на вас трохі злуюцца: вы сапсавалі ім астатак ночы. Скажу вам па сакрэту: у вашага суседа ёсць тры цудоўныя дачкі, і яны м-м… з некаторай прыхільнасцю прымаюць залёты чароўных маладых шалапутаў. Гэтыя вісусы якраз чакалі з машынаю, пакуль птушкі вылетуць з гняздзечка. Тут вы і сапсавалі ім усю музыку.У Антося пабеглі па спіне мурашкі, сцюдзёны холад папоўз аднекуль з грудзей у ніз жывата і застаўся там, пакутлівы і страшны.– Што зрабілі з гэтым чалавекам? – здранцвелымі вуснамі спытаў ён.– Павесілі, – спакойна сказаў гаспадар і прыбавіў: – На жаль, ён маўчаў, як рыба. Вам трэба было згадзіцца пайсці з ім, каб пасля ўсіх вымесці пад мятлу. Але я вас не вінавачу. Калі сумленнаму і гарачаму чалавеку прапаноўваць такое – ён дае волю першаму імпульсу.І раптам пажвавеў, захапіўшыся нейкай ідэяй.– А мы зробім вось што. Мой Гельмут вялікі аматар кіно. Сам робіць здымкі. Я яшчэ папікнуў яго, што ён здымае найбольш узрушваючыя сцэны гэтага допыту. Цяпер бачу, што дарэмна. Пройдзем да яго, гэта тут, поруч.І ласкавым старэчым рухам узяў Доўгага пад руку.Пакуль афіцэр з асабістай аховы рыхтаваў усе прылады, пакуль расцягвалі на сцяне палатно, Доўгі сядзеў з закрытымі вачыма і, толькі калі засакатаў апарат і да экрана пацягнуўся дымны конус святла, адкрыў іх. Ён глядзеў на экран з прагнасцю, ён хацеў упэўніцца ў тым, што ўсё гэта страшны сон, што яго правацыравалі.І ён зноў пабачыў твар свайго старога знаёмага і заўважыў, што ён зусім не непрыемны. Звычайны пухлы вясковы твар. Такіх многа на поўначы Беларусі. Магчыма, новае ўражанне з’явілася ў яго сэрцы таму, што твар начнога госця быў асветлены нейкай дзіўнай унутранай годнасцю. А пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося:– Вось яго прывялі... На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі... А вось яшчэ...Кадры былі цьмяныя, невыразныя. Антось бачыў, як бязгучна рухаліся вусны чалавека і тых, што яго дапытвалі. Усміхаюцца, ашчэрваюцца... Якога д’ябла ён здаўся яму несімпатычным? Хіба мала ёсць людзей, у якіх морда авечая, а душа чалавечая?.. Зноў бязгучна размаўляюць, зноў бязгучна крычаць... Гэта страшна, як у недарэчным сне. Матухна, ратуй мяне, няўжо я зрабіў непапраўнае!!!– Хлопцы пагарачыліся. Але што рабіць? Такая агідная фанабэрыстая пагарда. Сказалі яму, як ён трапіў да нас, – толькі плюнуў. І з гэтага моманту зусім перастаў адказваць.А перад Антосем плылі і плылі кадры, адзін агідней за другі. На працягу дваццаці хвілін на яго вачах з соннага цельпукаватага чалавека зрабілі тое, чаму не было назвы на чалавечай мове. Сціснуўшы зубы, каб не залаяць, Антось учапіўся рукамі ў крэсла. Божа мой, што з ім рабілі, што з ім толькі рабілі! І гэта была праўда, ён зараз ведаў гэта. І хваля агіды да сябе, такое агіды, што страшней за смерць, заліла ўсю істоту Доўгага.– Бачыце, нічога не дабіліся. Вырашылі спісаць. І чаго, дурань такі, лез на ражон? Што даказаў?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20