1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

– Хіба ты не бачыш? – сказаў нехта без твару. – Яны паляць сябе. Гар. А ты не пойдзеш з імі?Сэрца Антося споўнілася пякучым салодкім болем. Быць зараз разам з гэтымі, адчуваць, як агонь цалуе цела! Ён жадаў гэтага, як абдоймаў жанчыны.І ён пабег туды, да іх. Ён бег адчайдушна, шалёна, але гар аддаляўся і аддаляўся, і ўжо недзе далёка-далёка спявалі пяшчотныя галасы.“Што гэта я, – падумаў у сне Антось, – нашто мне гарэць?”А слёзы так і цяклі ў яго з вачэй. Ён мог пагарджаць гэтымі людзьмі, мог многіх лічыць тупымі, але гарэць ён павінен быў разам з імі.I тут поруч з ім спыніўся чалавек з белым, як смятана, тварам, тоўстымі вуснамі і мітуслівымі рухамі.– Ты жывы? – здзівіўся Антось.– Жывы, – чалавек падміргнуў, – толькі ты прымусіў мяне есці мышэй.Чалавечак спаймаў мыш, і хутка толькі хвосцік варушыўся ў ягоным роце.– Я жывы. А ты мёртвы. Хіба ты не бачыш? Усе мёртвыя жывыя, і ўсе жывыя – мёртвыя. І так будзе. Гэта я табе кажу – я.І Доўгі з жахам пабачыў, што ён сапраўды мёртвы і паўз яго, па ворыве, да блякла-жоўтай стужкі зары ідуць людзі. Яны ішлі моўчкі, трымаючы на руках дзяцей і вартую жалю зброю: дзедаўскія стрэльбы, бязмены, косы. Яны маўчалі, але з зямлі пад імі плыў невыразны гул:– Мы ідзем. Мы ідзем. Мы загінулі за гэту зямлю. Мы ідзем. І вінныя былі шкодныя начальнікі, злосныя ворагі, хцівыя сябры. Мы ідзем. І голад, і праца, і прыгнёт, і хлусня. Мы ідзем – мы ідзем.Яны ішлі, і ніхто з іх не глядзеў на яго, Антося, бо твараў у іх не было. Але Антось ведаў, што яны ёсць, толькі не для яго.– Братка, – сказаў начны госць, з’явіўшыся ў паветры, – братка, нашто ты мяне прадаў?Антось так горка, так па-дзіцячаму заплакаў у сне, што сон адразу адляцеў прэч. Ледзь пачынала днець. Золкі, паршывы ранак сачыўся ў пакой. У дзверы нехта асцярожна скроб пальцам.За дзвярыма стаяў служачы ўправы. Рука на сэрцы, усмешка да вушэй.– Прабачце, пане Антось, я думаў, што вам гэта будзе прыемна, і прыхапіў газетку... нават дзве. Дазвольце падзякаваць вам.Антось моўчкі ўзяў газеты. З абедзвюх глянуў на яго сам ён, Антось, з шырокай, белазубай, нявіннай, вясёлай і яснай усмешкай.Першая газета была саліднай. Строгія чорныя літары:“Патрыятычны ўчынак аднаго з лепшых мастакоў Еўропы”.Другая называлася “У штыкі”. Там партрэт Антося быў змешчаны поруч з карыкатурай на Сталіна, які ляжаў у халаце на томе канстытуцыі, паставіўшы поруч начнік.Ніжэй інфармацыі было змешчана “Інтэрв’ю”, з якога вынікала, што Антось лічыць лепшымі мастакамі на свеце Гойю і сябе, што ён захапляецца цірольскімі пейзажамі фюрэра і хоча праз газету выказаць яму сваё захапленне, што беларусаў ён лічыць германскай расай, якая калісьці абславянілася, што яму падабаецца тып нямецкай жанчыны і ён зусім не лічыць яе нагу занадта вялікай, што ён жанаты (Уладзя! Дзеці! Што вы будзеце думаць пра мяне, што з вамі будзе?), што ён выявіў жаданне ісці на фронт, але яму адмовілі: мастакі патрэбныя дзяржаве не менш, чым салдаты.Ён не памятаў, колькі ён сядзеў над пакамечанымі газетамі. Зноў стук у дзверы. Зноў сусед.– Пане Антось, хутчэй да нас. Пра вас будзе казаць радыё.Антось пайшоў. Ён вырашыў піць прыніжэнне да дна. Сям’я служачага не ведала, куды яго пасадзіць. Прысунулі да прыёмніка фатэль, паклалі ў вазачку цягучага янтарнага варэння, сунулі ў руку шклянку з чаем. І ўсё заглядалі ў рот.Антось трымаў шклянку ў паветры, не адчуваючы, што пальцам горача.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20