1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

– Куды ж вы зараз падзенецеся, таварыш Доўгі?– Не ведаю, – сказаў Антось, – я не думаў пра гэта.– Пойдзеце на вёску?

Антось цяжка варухнуў сківіцамі:– Я застануся тут. Тут усе ведаюць маю ганьбу... Усе будуць ведаць і апраўданні....Ён сядзеў у руіне насупраць афіцэрскага казіно і бачыў чырвоны ліхтар глыбока ў пад’ездзе. Часам пад’язджала машына з сінімі фарамі, часам няшчыльная штора, хістаючыся, кідала ў ноч пакаёвае жоўтае святло. Рука Антося раз-пораз намацвала ў цемры, поруч з сабою, нейкую круглую рэч.Страшэнна захацедася спаць; дрыжыкі беглі па скуры. Але спаць было нельга. Прайшоў афіцэр. У яго кабур з пісталетам. Дрэнная, ненадзейная рэч пісталет. Б’е на кароткую адлегласць, і трэба добра страляць, каб трапіць... І другі з пісталетам... І трэці.“Здабыча” з’явілася зусім нечакана. Наўскос перасек вуліцу ладны, як цацка, зграбны афіцэрык у бліскучым плашчы. За ім, на адлегласці некалькі крокаў, дыбаў салдат з аўтаматам. Збочылі ў завулак.Антось нячутна, як кот, перабег да пралому і накруціў на руку вусце меха, у якім ляжаў, завязаны зверху, цяжкі круглы камень.Дзейнічаў, як яму здавалася, разважліва і халодна. Прапусціў паўз сябе, пабачыў патыліцу пад пілоткай і з сілай жмякнуў па гэтым, круглым, сваім самаробскім кісцянём. Салдат бязгучна ўпаў тварам на брук. У той самы момант Антось моцным рыўком садраў з яго аўтамат.Пабачыў твар афіцэра, які, павараціўшыся, непаразумела глядзеў на тое, што адбывалася. Кінуўся на яго. Схапіў за правы бок, мацаў рукамі, шукаючы пісталета. Пісталета не было.Наступны момант ледзь не каштаваў яму жыцця. Не паспеў ён прыпомніць, што немцы носяць кабур на левым баку, часам проста пад падхвінай, як афіцэр ачуняў і схапіў яго за глотку доўгімі халоднымі пальцамі левай рукі. Правай адарваў руку Антося ад сваіх рэбраў і ўдарыў яго ў пераноссе.Ледзь не ўпаўшы, Доўгі завішчаў ад злосці і перапуду і, замест таго каб стрэльнуць, што зрабіў бы на яго месцы кожны разумны чалавек, – пачаў пхаць немца ў жывот руляю аўтамата. Немец павараціўся і кінуўся бегчы ад гэтага азвярэлага чужога чалавека, на бягу хапаючыся рукою за кабур.Разумеючы, што гэта канец, перапуджаны больш за немца, Доўгі паляцеў за ім, размахнуўся аўтаматам і апусціў сваю зброю на спіну ворага. Той заверашчаў, як заяц, калі яго кіпцюрыць сава, і наддаў хутчэй. Антось, не памятаючы сябе, бег за ім і малаціў яго аўтаматам па спіне. Напэўна, ён выбег бы за ім да самага казіно, але немец запнуўся аб цагліну на дарозе і ўпаў. Ліхаманкава перакруціўся на спіну, Антось пабачыў яго збялелы твар і з сілаю апусціў зброю проста туды, у гэтыя белыя вочы.Апусціў раз-другі-трэці.Уначы, калі над руінамі нізка навісаюць пашматаваныя кудлатыя хмары, па горадзе ідзе начны госць.Ён заўсёды адзін. Брудная вопратка на ягоным целе. І твар ягоны не бачны ў цемры. І пісталет у яго ў кішэні, а аўтамат вісіць на пятлі пад курткай і выпірае з-пад яе.Уначы па горадзе ідзе начны госць. Ён ідзе руінамі, спрытна выбіраючы блытаны, але верны шлях. Нырае ў сутарэнні, паўзе між брыламі, спускаецца ў люкі, мінаючы патрулі.І ніхто не ведае яго прыстанак, дзе ён забудзецца на гадзіну моцным і трывожным сном.Госць ідзе. Госць прыходзіць на золкім світанні. І ён адчыняе дзверы, і тыя, у пакоі, не бачаць, хто стаіць за імі, у цемры. Толькі злёгку рыпяць, быццам самі адчыніўшыся, дзверы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20