1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Подпіс: ЛістРэзалюцыя сінім алоўкам:“Скажыце обер-лейтэнанту, што ён дурань. Ён піша данясенне, а не крымінальны раман. Болыш фактаў і менш фантазіі. Гэта не мог быць адзін чалавек. Справу радавога перадаць у трыбунал. Ён так добра ведае чужую мову, што яму самае месца на Усходнім фронце, калі не пад аўтаматамі сяброў за абураючае галавацяпства. На обер-лейтэнанта Ліста накласці спагнанне”.Урывак з рапарта начальніка фельдпаліцыі гебітскамісару Вестфаль:“...Сабраныя намі факты дазволілі нам выявіць з доляй пэўнасці месца сховаў мяркуемага злачынца. Гэта кварталы Старога Места. Вырашана ачапіць іх дзвюма ротамі салдат і пачаць прачэсванне. Аперацыя пачнецца заўтра, 28 лістапада”.Антось бачыў іх як на далоні. Невялічкія зялёныя фігуркі, развярнуўшыся ў ланцуг, павольна і метадычна ныралі ў каробкі будынкаў, затрымліваліся там і крочылі далей. Была ў гэтых рухах энергія мурашак, якія шукаюць матыля, каб аб’есці яму крылы.Доўгі ляжаў на даху касцёла, за брандмаўэрам і лаяў сябе апошнімі словамі. Як ён мог так далёка адысці ад сховішча, дзе яго ніколі не адшукалі б, дзе засталася зброя. Ён адчуваў сябе моцным з таго дня, як адбіў у іх кулямёт. Хай сунуцца! Ёсць стужкі, ёсць два запасныя ствалы! І вось з-за ўласнай дурасці яго заспелі на мяжы свайго царства і адрэзалі ад усяго, што рабіла яго моцным. “Вальтэр” з чатырма наборамі патронаў. І ўсё.Трэба было ўцякаць. І гэта ў той час, як яны самі ішлі на яго і заставалася толькі знішчаць і знішчаць.Дах поруч з ім быў прадаўлены, дажджавая вада набралася ў яміну. Антось прагна глытнуў нясмачную ваду і глянуў у гэта самаробнае люстэрка. Зарослы, страшны, азызлы ад недасыпання і голаду глянуў на яго ўласны твар. І таму, што ён так ненавідзеў гэты твар, так пагарджаў ім – Антось не баяўся. Заб’юць зараз, заб’юць потым – якая розніца. “Потым” толькі таму і лепей, што можа яшчэ пару разоў бахнуць з пісталета камусьці ў пячонкі.Ён змераў вачыма адлегласць да пакарожанай пажарнай лесвіцы. Пасля выбраў асабліва нахабнага з праследавацеляў, прыцэліўся і стрэліў.Знаёма падскочыў угару ствол пісталета. Чалавек схапіўся далонню за рот, пахістаўся на нагах, стаў на калені.“Хацеў мяне паставіць, – злосна падумаў Антось, – стой зараз сам”.Стрэліў другі раз, трэці. Пасля асцярожна падпоўз да лесвіцы і, намацаўшы нагамі прыступак, саслізнуў па шчэбні, хапаючыся рукамі за ўцалелыя прыступкі, каб прытармазіць рух.Павіснуў на руках. Саскочыў. 3-за рога будынка паспеў заўважыць, што ланцуг зялёных фігурак размыкаецца налева, імкнучыся, відаць, адцясніць яго на роўны пляц былой кірмашнай плошчы.“Эге, – падумаў ён грубавата, – таксама, відаць, не нагою смаркаецеся”.Ён перабег за кут дома, стрэліў яшчэ тры разы (нехта ўпаў, але Антось не ведаў, забіў ён яго ці проста прымусіў легчы). Пасля намеціў у пяцідзесяці кроках ад сябе вялізны мур, які адзін толькі і застаўся ад былога будынка, і пабег да яго. За спіною адразу захлопалі стрэлы, але Антось ведаў, што ворагі занадта блізка і таму ім цяжка трапіць у яго, калі ён пятляе. У яго быў яшчэ адзін козыр: яны не ведалі так каменных джунгляў Старога Места, як ён. Таму на палове дарогі ён ускочыў у купу бітай цэглы і, калі трэснуў стрэл, сагнуўся ў спіне і як нырнуў за нагрувашчаныя каменні.Калі аблава, пастрэльваючы зрэдку ў напрамку купы, дабралася да яе – за купаю выявілася сточная канава, якая вяла да вялізнага мура. Абзадачаныя гэтым, але не вельмі раззлаваныя (уцякач бег якраз на другі ланцуг, які чакаў яго на Зялёнай вуліцы), яны рушылі следам.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20