1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

І ніхто не мог заўважыць, што адзін пакой на чацвёртым паверсе застаўся амаль цэлым, што ўсходы праходзяць зусім ля яго (прайсці па карнізе якіх пяць крокаў і ўлезці ў акенца былой спіжарні), што адсюль лепяцца ўверх уламкі вінтавых усходаў на гару, якая засталася цэлай (пажартаваў агонь) і адкуль быў добры агляд.Ніхто не мог заўважыць таму, што акенца выходзіла не на суседнія будынкі, а ў вузкі, падобны на калодзеж, унутраны двор будынка.Тут і ўладзіў Доўгі свой барлог: прыцягнуў мізэрныя прыпасы, кажух, палітон, лямец, але галоўнае – тры гранаты, адбіты кулямёт з бляшанкамі, аўтамат і пісталет. Шчыліны ў сценках так-сяк заторкнуў анучамі.Тут і адседжваўся ён ужо шосты дзень пасля забойства гэбітскамісара. Выходзіць было небяспечна – немцы пачалі вельмі сцерагчыся. Трэба было пачакаць і пасля, калі падумаюць, што ён пакінуў горад, выйсці на сваю апошнюю справу: дабрацца неяк да аксамітнага ката і скруціць яму вусы. Можа, хоць тады пакіне яго пякучы боль сумлення, такога хворага і пакутнага, можа, хоць тады супакоіцца ў магіле чалавек з непрыемным азызлым тварам, якога ён аддаў на пакуты і смерць.Проста перад вачыма, праз часткова зашклёную ім дзірку ў сцяне, Антось бачыў, як на пятым паверсе пагойдваецца на ўламку арматуры дзіцячы ложачак. Думкі былі ліхаманкавымі, хворымі:“Хто ж цябе асудзіў на смерць, маленькі чалавек? Шкада вялікіх, але яны награшылі сваё, гэтыя здаровыя дзядзькі... У многіх з іх пасля першага пацалунка не было нічога вартага ў жыцці. У цябе не было і гэтага... Дзяцей шкада, сабак таксама шкада... Вы ўсё разумееце, а выказаць не можаце... Сорам людзям.Столькі зрабілі, а ў душах Залатая арда гуляе па стэпе... Жыццё, жыццё”.Цяжкі сон зваліў яго ў душны змрок, хоць ён выспаўся. Яшчэ не пачынала днець.І зноў лягла перад вачыма раўніна. І была яна бясконцай, як чалавечая туга, і спявалі галасы на выжарах, і густы попел укрываў слоем зямлю.Са здзіўленнем пабачыў Антось, што яго ногі і ногі яго спадарожніка не пакідаюць у попеле слядоў. Галасы спявалі-спявалі, але Антось не мог ісці да іх, бо ў яго была іншая мэта: спадарожнік вёў яго на суд.І многія цягнулі да яго рукі, але ён ішоў на суд, яму трэба было спяшаць. Спадарожнік і ён апынуліся ў нейкім вялікім пакоі, насустрач ім устаў з-за стала нехта малады, ружовы і ясны.– Вось гэты чалавек выдаў мяне, – і Антось зразумеў, што спадарожнік яго – той самы госць, што з’явіўся на золкім світанні.– Тады арыштуй яго, – сказаў трэці.– Ён зрабіў гэта незнарок.– А хто гэта ведае?– Гэта наша спрэчка. Мая і яго. Ён апраўдаўся перада мною.– А ты залез у яго сумленне? Можа, ён спужаўся і хацеў абяліць сябе. Ты ведаеш, чаму ён зрабіў гэта?– Я ведаю. Я сведак.– Ты мёртвы.– Але ж я... – абурыўся Антось.– Вы самі разумееце, што справа патрабуе дадатковага расследавання, – халодна і нечакана ясна сказаў чалавек.У цемры ляглі на плячо Антося рукі і голас начнога госця сказаў:— Братка, цяпер я з табою. Замілаванне, гарачая пяшчота заліла сэрца Антося. Ён хацеў пацалаваць гэтыя цёплыя рукі і... прачнуўся.У каробцы дома ліліся, недзе пад ім, чалавечыя галасы. Доўгі схапіўся за аўтамат, хутка падпоўз да самай вялікай шчыліны, выдзер з яе анучу, забітую снегам.Пабачыў проста пад сабою дзіўна кароткія з вышыні постаці некалькіх салдат і афіцэра. Паміж іх стаяў нехта ў цывільным.– Тут? – спытаў афіцэр.– Прынамсі, тут яго ўчора бачылі нашы хлопцы, – сказаў цывільны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20