1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Антось вылаяўся ў думках. Трэба яму было ўчора вылазіць са сховішча ў сутарэнні суседняга дома за лямцам. Халодна, бачыце, было. Вось зараз табе цёпла будзе.Але такія думкі прыйшлі да яго толькі на хвіліну. Ён прыпомніў сон, словы начнога госця, і нейкі незразумелы ўзлёт хмелем закружыў яго галаву.Усё было зроблена на гэтай зямлі. Заставалася даражэй прадаць сваю нікому не патрэбную шкуру. Каб той, трэці ў спрэчцы, маўчаў.Ён пабачыў, як салдат недарэчна вялікімі – у параўнанні з кароценькім тулавам – крокамі пабег кудысьці. І тады Доўгі выставіў шкло з расколіны і, дзе толькі было магчыма, выцягнуў анучы і лямец са шчылін. Халодны снежаньскі вецер задудзеў у дзюркі. Адразу стала халодна шчакам.Антось умацаваў на сошках кулямёт і, адклаўшы кавалак дошкі, прасунуў рулю ў расколіну над падлогай.Няхай ён спаймаўся, як лісіца ў пастку, затое пазіцыя была добрая. Толькі вузкім праходам між муроў маглі падысці да яго цытадэлі тыя, за якімі пабег салдат. І гэты праход ляжаў перад ім як на сподку. Вось і яны з’явіліся. Паўрота салдат.“На мяне аднаго, – радасна падумаў Антось, – значыцца, страшны я”.Ён пачакаў, пакуль яны ўціснуліся ў пастку, якую ён прыгатаваў ім, і, прыладзіўшы плячо да ручкі, націснуў гашэтку.Кулямёт выплюнуў палову жалезнай стужкі. У вузкім калідоры курчыліся і стагналі раненыя, нерухома ляжалі забітыя. Калі град куль пачаў біць па сценах яго сховішча, Антось з пяшчотай пагладзіў кажух сваёй зброі.“Яны змайстравалі добрую безадмоўную штуку, – не тое што чортаў “максім”, які даводзілася вывучаць у грамадзянскую. І вады не патрабуе, і сальнік не цячэ, і непаладак не бывае. І стужка жалезная, а не брызентавая: перакосаў не будзе”....Бой цягнуўся амаль чатыры гадзіны. Сухая трасканіна аўтаматаў, гучныя ад рэха стрэлы пісталетаў. Антось змяніў ужо адзін ствол, у спешцы забыўся, што за яго трэба брацца шапкай. Рукі былі папечаныя, але болю ў запале бойкі ён не адчуваў. Двойчы яны здолелі прарвацца проста ў каробку пад ім, і двойчы ляцела ўніз граната, глуха ахаючы, разбіваючыся на стогалосае рэха.У горадзе, чуючы перастрэлку, гаманілі людзі:– Чаго гэта стрэлы?– Партызана ловяць. Кажуць, таго самага...– Адзін?– Адзін.– Кажуць, мінамёт павезлі.– Не, жывым узяць хочуць.– Маці божая, дапамажы яму.Антось не ведаў гэтага. Не ведаў нават, што яго хочуць узяць жывым. Ён наогул не думаў. Думкі яго былі простымі: трэба было як мага больш балюча ўкусіць. Нават калі яны пусцілі дзве міны і ўламкі цэглы забарабанілі па мурах – ён не спужаўся. Жыццё было страшнейшым.Два разы яго зачапіла, і ён машынальна закруціў драпіны анучамі.У самым запале бойкі кулямёт змоўк, неяк вінавата кашлянуўшы. А яны былі тут, у двары. Палезлі на ўсходы.Трэці і апошні раз ахнула граната... Паўза... Зноў бягуць.Гэта была дурасць, шалёны ажыятаж, народжаны баявой ярасцю. Антось ненавідзеў іх, але прызнаваў, што яны добрыя салдаты. 3 такімі прыемна мець справу.І аўтамат хутка зрабіўся непатрэбным. Нават пісталетныя патроны знікалі непрыкметна, як жыццё. Рукі і калені Доўгага каталіся па гільзах, ён мятаўся ў розныя бакі і страляў, страляў, страляў.Напэўна, некалькі хвілін знікла прытомнасць ад гучнага шчаўчка па галаве. Апрытомнеўшы, ён падумаў, што аслеп на адно вока, і толькі потым здагадаўся, што акравак скуры з ілба звісае на шчаку. Горш за ўсё было тое, што яны былі ўжо тут: на верхніх прыступках усходаў, нават на сценах суседніх будынкаў, нават насупраць, па той бок двара-калодзежа.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20