1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Самым дзіўным было тое, што гэта не была казка. Людзі ўгадвалі ў гэтай феерыі астраўкі, якія існавалі сёння. Бачылі карпусы механічнага, каланаду педінстытута, на фоне якой вымалёўваўся помнік Скарыне (яго яшчэ не было), нават некаторыя старыя будынкі, якія мастак пакінуў новым дням. Але і яны не вылучаліся з гэтай лазурна-сонечнай гармоніі.Гэта была будучыня людзей, народжаных за дзвярыма, абабітымі цыратай, людзей, якія гулялі ў каменьчыкі на дне двара-студні і боўталіся ў смярдзючай вадзе гарадской рэчкі, пакуль ад сырасці ў іх не вырастала з некаторага месца вярба.За гэта супрацьпастаўленне будучыні сённяшняму дню Антось не атрымаў у патыліцу. Нейкі моташна-сур’ёзны і нудна адукаваны малады пірат з наркамата культуры заявіў, што будучыня горада не Карбюзье, а значыць, зусім не агідная і падступная ерась Антося Доўгага.Доўгі не мог абараняцца. Па-першае, ён не быў архітэктарам і яго спаймалі на чужой дзялянцы, па-другое, ён быў чалавек мяккі і нерашучы, з тыповымі абломаўскімі рысамі ў характары (мастацтва пад увагу не бярэм).Таму, калі пірат пачаў прымушаць яго пакінуць на памяць сваю рэпутацыю ў выставачнай зале, Антось амаль адразу згадзіўся гэта зрабіць. Праз некалькі год яго назвалі б за гэта Тулягам, але тады славутая камедыя яшчэ не з’явілася ў свет. Таму ўсё пайшло ціха.Пірат зусім выкінуў быў над галавою знішчанага чорны сцяг дазволенага разбою, які часам блытаюць з крытыкай, але заступілася грамадскасць. Захапленне выстаўкаю было агульным. Ніхто не ведаў толькі, чаго каштавала Антосю гэта захапленне публікі. Шэсць год працы, працы нястомнай, працы напружанай, працы такой, што сутарга скручвала пальцы, якія трымалі пэндзаль. I гэтага мала. Ён аблазіў увесь горад, ведаў усе яго падваротні, усе закуткі, усе пераходы і тупікі, усе сутарэнні. Таму так добра і атрымаўся, напрыклад, гэты від, дзе на чорным фоне праз акно сутарэння, праз яго вычварныя краты, ледзь малююцца ў закатным небе вежы ратушы.Кожны свой аб’ект ён назіраў з сотні пунктаў, каб выбраць найлепшы, часам драпаючыся па дахах, як хлапчук. Каб хто спытаў яго, адкуль найлепшы від на званіцу царквы Парасковы, ён з закрытымі вачыма адбарабаніў бы: з гары дома нумар дваццаць чатыры па вуліцы Вароўскага. I прыбавіў бы: у сонечны дзень, калі галубоў ганяюць.Пасля шасці год ніводны міліцыянер, ніводны хлопец з крымінальнага вышуку не ведаў так горад, як Доўгі. Таму, спыняючыся на выстаўцы перад якой-небудзь карцінай яго, людзі часам гаварылі:– Няма ў нас гэтага.Антось усміхаўся. Гэта было, толькі для гэтага трэба было адкінуць крышку люка і спусціцца ў ваду рэчкі, закаванай калісь у трубу, спусціцца з рызыкаю загнаць сабе ў нагу якую-небудзь іржавую шпільку.Клалася на чорную ваду чырванавата-попельнае святло, навісалі скляпенні. Не хапала толькі Харона з чаўном, які вязе грэшную душу ў пекла.Антось маляваў і іншае, але яго пераважна лічылі песняром горада.Хутка прыйшла і слава, моцная, грунтоўная слава. Усе ведалі, што Доўгі – адзін з лепшых мастакоў саюза і бадай што лепшы каларыст у краіне.I вось зараз усё гэта было разбурана. Астраўкі будучага “Горада сонца” сталі купаю брудных руін. I ўвесь горад быў суцэльнай руінай. Агнявы шквал адносна пашкадаваў толькі кварталы Старога Месца, што ляжалі ў нізіне. Ды і там замест паловы дамоў былі тло і смурод. Вуліцы Новага горада былі ў ямах, дамы стаялі па пояс у бітай цэгле.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20