1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Таму Антося не ўзялі, толькі cтаршыня ўправы паглядзеў на яго вільготнымі мігдалевіднымі вачыма і сказаў з дакорам і невыразнай пагрозай:– Мы не прымушаем вас, але думаем... вы яшчэ пашкадуеце. Глядзіце...Хутка “славянскія арыйцы” пакінулі глядзець сваімі блакітнымі вачыма ў вочы жонак і пачалі непрыемна часта глядзець гэтымі вачыма на прыцэлы трафейных аўтаматаў. Пачалі лётаць у паветры колы цягнікоў. Уражаныя такой няўдзячнасцю, акупанты пачалі ва ўдвая большай колькасці паліць вёскі, а “арыйцы”, якіх ледзь не ашчаслівілі такім прызнаннем іхніх заслуг, – здымаць з веялак колы, а з танкаў, пакінутых за непатрэбнасцю, гарматы, ставіць гарматы на вышэйпамянёныя колы і гахаць з гэтых гармат па сваіх дабрадзеях.Так яно ўсё колам і пайшло.Пра мастакоў у гэтых непрыемных абставінах, вядома, забылі. Таму Антось спакойна дажыў да дажджлівых і чорных лістападаўскіх начэй другой ваеннай восені.Ён быў нават шчаслівы тым незразумелым шчасцем галоднага і халоднага мастака, які робіць патрэбную справу і больш чым калі-небудзь адчувае сябе змагаром за душу людскую, каб не адсутнасць сувязі з партызанамі і не тое, што некалькі раз ён заўважаў: за ім пільна сочаць. Відаць, падазронымі здаваліся яго бясконцыя блуканні па горадзе і тое, што ён адмовіўся тады выехаць у Германію.А Антось зрабіўся такі нахабны, што прабіраўся нават у самы страшны раён горада: гета. Тое, што ён пабачыў там, толькі замацавала яго ўстойлівую і пагрозліва-спакойную нянавісць. Ён дапускаў, што ў начальніка другога ўчастка аховы парадку ў гета і ва ўсіх ахоўнікаў могуць быць асабістыя прычыны на нелюбоў да яўрэяў, але асабістыя прычыны зусім не падстава для знішчэння многіх тысяч людзей.Больш за ўсё абражала яго не жорсткасць гэтага, а нейкая асаблівая, разлічаная подласць, на якую часам бывае здатны чалавек. Грошы на пабудову гета і на ўтрыманне юдэнрата былі ўзятыя з саміх яўрэяў у колькасці трыццаці тысяч чырвонцаў. За гэта ім дазволілі насіць на рукаве жоўты круг з зоркаю – “могн довід”.I асабліва брыдкім было тое, што нават камісарскі старшыня юдэнрата быў з яўрэяў і размаўляў цалкам спакойна з людзьмі, якія насілі сталёвыя каскі з мёртвай галавою і бляху ў выглядзе паўмесяца на шыі.Часам Антосю хацелася закрычаць:– Ды што ж вы, сволачы, глядзіце. Біце яго. Калі ў авечкі вырастаюць ваўчыныя зубы – яна горш за ваўка.Яго здзіўляла абыякавая пакорлівасць гэтых людзей. Але дапамагчы ім ён не мог. Ён мог толькі рызыкаваць. I таму ў страшныя дні, калі пасля начных “акцый” у гета разгарнулася чатырохдзённая бойня, – адзіным сведкам яе быў Доўгі. Ён сядзеў на гары дома над плошчаю, на якой рабілася агіднасць, і калеючымі пальцамі рабіў замалёўкі ў блакноце. Ён ведаў, што калі-небудзь гэтыя штрыхі будуць лямантаваць аб злачынстве галосней за стрэлы.Пасля ён доўга плакаў, плакаў не над знішчанымі, а над уніжэннем чалавечым, над тым, што чалавека можна давесці да такога асвінення.I гэтымі ўнутранымі слязьмі плакала яго душа і праз тры дні пасля бойні, калі здарыўся пералом у яго жыцці.Была ноч, тая асаблівая, бязлітасная ноч, якая бывае толькі позняй восенню ў знішчаным і цёмным горадзе. Набліжаўся золкі і пахмурны світанак, і, як заўсёды, ад гэтага было асабліва цёмна. Антось толькі што скончыў чарговую работу і з жахам думаў пра тое, што давядзецца класціся ў халодны, як магіла, ложак і саграваць яго ўласнай цеплынёю, калі ў дзверы нехта пастукаў, пастукаў даволі гучна. Гэта было само па сабе непрыемна: сябры ў той час не стукалі, а скрабліся. Адначасова недзе за кутом заспяваў, забурчэў матор машыны.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20