1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Антось спрактыкавана адзначыў: “Ваенная”. На дзвярах у яго была толькі адна засаўка, і калі ён бязгучна адхінуў яе, ён пабачыў у цемры пляцоўкі, зусім блізка ад сябе, цёмны твар, на якім насцярожана паблісквалі маціцовыя бялкі вачэй. Чалавек маўчаў.– Вы хто такі?У адказ чалавек прасунуў нагу ў дзверы і павольна пераліўся праз парог.– Вы мастак Антось Доўгі?– Так, я Антось Доўгі. Чаго вам трэба? Невядомы азірнуўся і, нахіліўшыся да вуха прыгаломшанага Антося, таямніча шапнуў:– Да вас госць... з мірскага наваколля. Антось перасмыкнуў плячыма:– Гасцям заўсёды рад. Але я ніколі не быў у наваколлі Міра. I наогул, не разумею...– А вы зразумейце, – пераконваючы, сказаў чалавек. – Я да вас ад Кандрата.– Не ведаю ніякага Кандрата.– Езус-Марыя, – сказаў госць, – нашто вам гэта трэба. Не будзеце ж вы маніць, не будзеце ж вы казаць, што да вас не зайшоў тыдзень таму назад наш чалавек і не папярэдзіў вас, што я зайду, не перадаў вам мой пароль, гэты самы.– Ніхто мне нічога не перадаваў, – раззлаваўся Антось. – Ніякога чалавека я не ведаю. Што за лухта!– Ціха, ціха, пане Антось. Гэты чалавек – ваш знаёмы, з партызанскага атрада. Яго завуць Васіль Лабацэвіч. Ён таксама мастак.У адказ Антось апусціў папяровую штору і запаліў нямецкі парафінавы каганец.– Хадзем за мною, – сказаў ён спакойна. – Я ведаю Лабацэвіча. Сядайце тут.Калі магчыма падзяліць людзей на групы, то начны госць Доўгага ўвайшоў бы ў групу “мітуслівых”. Ён мітусіўся, нават седзячы на месцы. Не паспеў ён сесці, як адразу ўскочыў і падбег да эскізаў:– Авой, якія сабакі! Гэта тут, у руінах? Так? А гэта! Ай-я-яй, якія брылы вісяць. Як цікава! Гэта дзе? Гэта на месцы оперы? Так-так. А Хрыстос, бацюхны мае, які! Гэта іх расстрэльваюць? I ён з імі? А гэта дзе?.. Так-так.Яго бялявае, як смятана, аблічча аж маслілася ад задавальнення. Тоўстыя вусны прыцмоквалі. Антосю даводзілася бачыць на даваеннай сцэне артыстаў, якія дрэнна ведалі беларускую мову, а ігралі кандовых сялян у “Паўлінцы” і ў “Салаўі”. Гэты быў падобны на іх і таму зусім не сімпатычны тып. Ён, як яны, падкрэслена “дзэкаў”, але “у” кароткае яму не давалася, і замест яго вымаўляў нешта падобнае на польскае “l”. Нягледзячы на някепскі запас слоў і падкрэсленую літаратурнасць вымаўлення – чужы, неўласцівы беларускаму чалавеку акцэнт адчуваўся ў яго мове, адчуваўся глыбока-глыбока. I ён падкрэслена жагнаўся пяццю пальцамі, што было зусім ненатуральна ў сорак першым годзе, калі не жагнаўся амаль ніхто, акрамя бабуль, а імя Божае вымаўлялі ўжо хіба толькі ў складанай мацернай лаянцы.Нарэшце ён супакоіўся, сеў. Хітра бліснулі яго шырокія вочы.– А я чуў, што вы кінулі працаваць. Аж вы унь колькі нарабілі. Давядзецца і гэта ўзяць з сабою.– Куды? – непаразумела спытаў Доўгі.– У партызанскі атрад... разам з вамі. Мяне прыслалі па вас. Я думаю, вы даўно хацелі гэтага? Ёсць спецыяльная пастанова нашай партыйнай ячэйкі, каб вывезці славутага мастака і даць яму магчымасць пісаць.Антось неяк падсвядома адзначыў у памяці архаічнае, састарэлае слова “ячэйка”, але яго цікавіла зусім другое. Ён не адказаў на запытанне, ён спытаў сам:— А куды ж падзеўся Лабацэвіч? Чалавек пачухаў патыліцу:– I д’ябла яго ведае. Тыдзень таму даслалі яго ў горад. Няўжо ён не прыйшоў? Х-ах, як непрыемна!– А ён да гэтага ў атрадзе быў?– Ну як жа ж. Вядома. Такі добры хлопец.– Гэта які Лабацэвіч, – рэзка спытаў Антось, – гэта той, тоўсты?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20