1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

– Угу.– I з чорнымі вачыма?– А чаму вас гэта так цікавіць? – насцярожана бліснуў на Антося вачыма чалавек. – Вы лепей павінны ведаць. Я... мала ведаю тое падраздзяленне, адкуль ён быў. Я... амаль не ведаю яго ў твар.— Добра, – халодна сказаў Антось. У гэтую хвіліну ён ужо ведаў, што яго хочуць зрабіць ахвярай нахабнай і бессаромнай правакацыі. I не таму, што ў слове гэтага чалавека выразна адчуваўся чужы, нямецкі – так, нямецкі, ён цяпер быў упэўнены ў гэтым, – акцэнт, і не таму, што ён прыйшоў з нейкім дурным паролем, і не таму, што чалавек гэты быў маласімпатычны і верз лухту, і нават не таму, што ён так натуральна жагнаўся.Ён быў упэўнены ў гэтым таму, што Лабацэвіча ён, Антось, сам выправіў разам з сям’ёю ў тыл, таму, што Лабацэвіч паспяхова дабраўся да Масквы, таму, што Лабацэвіч хварэў на сухоты і на вайну яго ўзяць не маглі. А гэты ёлуп, не разабраўшыся добра, не ведаючы нават аблічча Васіля, імем маладога друга, правацыраваць яго, Антося? Не, любы, партызан знойдзем без дапамогі гестапа.Васіль, Васіль, малады дружа, такі лабасты, такі кучаравы – цудоўны лірык, лепшы пейзажыст рэспублікі, у якую брудную кашу яны хочуць затаўчы тваё імя?На хвіліну Антось раззлаваўся, як заўсёды злуецца разумны чалавек, калі яго лічаць за дурня і імкнуцца, зусім па-дзіцячы, падлавіць на пусты кручок.“Не маглі прыслаць лепшага правакатара, – злосна падумаў ён. – Каб мову ведаў добра, каб разбіраўся ў душы людзей гэтай зямлі, каб ведаў нашы звычаі. Такому дурню толькі дурань і можа паверыць. I вярзе адну лухту”.Але ўжо ў наступную хвіліну ён зразумеў недарэчнасць сваёй злосці і замест яе з’явіўся роздум: што рабіць зараз, як выкруціцца з непрыемнага становішча. Згадзіцца – у вокамгненне апынешся разам з карцінамі ў адным вельмі непрыемным асабняку, а адтуль прамы шлях па гасцінцы, за драты.I гэта не раней, як знявечаць у вышэйпамянёным будынку. Або нават проста будзеш боўтацца ў кажамякі на шастку перад гістарычным будынкам ратушы. Прагнаць з кватэры – усё адно канец. Гэта правакацыя, ім трэба ўтапіць яго, а для гэтага прычына падыходзіць. Гэты мярзотнік, што засяроджана глядзіць на “Модлы руін”, проста адсюль накіруецца ў той самы будынак, і праз гадзіну Антося пацягнуць да Ісуса за тое, што ён, Антось, не данёс на “партызана”, які прыходзіў да яго і якога нібыта прасачылі да самых дзвярэй. Трэба ўцякаць. Але часу на гэта і на тое, каб схаваць карціны, яму не дадуць. Як выгадаць час, хоць адны суткі?Твар Антося, грубаваты і кашчавы, з вельмі густымі і чорнымі бровамі, быў непарушальна-абыякавы, і толькі па дрыжачым левым павеку можна было здагадацца, якая цяжкая дума мучае яго.– Ці нельга будзе даць дзень адтэрміноўкі? – спытаў ён. – Я павінен зрабіць тое-сёе.– Нельга, – з незразумелай, настойлівай ласкавасцю сказаў чалавек, – у нас няма часу.– Та-ак, – працягнуў Антось. Ён ведаў: адтэрміноўкі не будзе. А чалавек раптам спытаў:– Вы не ведаеце часам, ці не застаўся ў горадзе яшчэ нехта з мастакоў, каму патрэбна дапамагчы? Іх так цяжка адшукаць.— Не, не ведаю, – суха кінуў Антось. Ён не мог устрымацца ад падазронай непрыязнасці і варожасці да гэтага чалавека.“Нюхае, падла”, – злосна падумаў ён. А чалавек даў яшчэ адно недарэчнае пытанне:– Можа, у вас яшчэ ёсць нешта схаванае? Калі ёсць зброя – бярыце. Які-небудзь там хаця... наган. Гэта карысна.“Вядома, карысна, – падумаў Антось, – толькі для каго. Гэта будзе не проста спроба ўцячы ў лес, а захаванне зброі. За гэта з усіх навакольных кварталаў, з усіх жыхароў пячонкі выцягнуць”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20