1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Бліскавічная думка асяніла яго.– Пачакайце тут, я зараз.I, спакойна адхінуўшы занавеску, выйшаў у маленькі калідорчык. Справай хвіліны было прайсці адтуль у суседні разбіты пакой і, па разваленых чорных сходах (Антось быў спрытны, як котка), спусціцца ў ніжні паверх дома, таксама разбіты. Там ён бязважкімі, як у самнамбула, крокамі прайшоў па купах бітай цэглы і спыніўся за ўламкам мура.Поруч быў парадны ганак яго дома, і тое, што ён пабачыў за ім, зусім не здзівіла яго.Трохі наводдаль, хаваючыся ў цемры, распрасталася доўгая цёмная машына, а ля параднага стаялі тры нерухомыя постаці.– Зараз ужо хутка, – сказала адна постаць па-нямецку.– Закурым, Гельмут? – азваўся прыемны хрыпаты бас.Чыркнула запальніца. Немцы яшчэ не вельмі трымаліся правіл светамаскіроўкі. Мігатлівы агеньчык асвятліў на хвіліну бляху фельдпаліцая, пасля адзін гестапаўскі пагон, пасля чыйсьці твар з рэзкімі ценямі ля носа.Антось аж закалаціўся ад халоднай ярасці. “Па маю душу прыехалі. Нават не хаваюцца. І машына, бач, распласталася, як жаба. Ну не, няма дурных. І размаўляюць голасна. Гаспадары... упэўненыя... на дурасць нашу спадзяюцца”.Можна было б уцячы, але ў кватэры засталіся карціны, плён гэтых жахлівых месяцаў. Усё рабілася нявартым без іх: голад, штодзённая небяспека, вылазкі ў горад і гета.А голас гулліва сказаў:— А птушка ў гняздочку. І яны засмяяліся.Антось зразумеў з поўнай яснасцю, што яму трэба рабіць. Вы думалі спаймаць мяне, а спаймаю вас я, пасмяюся над вамі я.– Ніхт шыс’н. Іх бін камрад.Яны не выявілі здзіўлення, калі Антось расказаў ім усё. Але ён мог бы пабажыцца, што пабачыў на твары фельдпаліцая выраз прыкрасці і расчаравання.Калі ён вярнуўся ў пакой, чалавек сядзеў ля самаробнага мальберта і, сцягнуўшы пакрывала, разглядаў чарнавы накід “Загібелі горада”: агонь, які сцелецца па зямлі, палаючыя галавешкі, што птушкамі ляцяць кудысь, чорная мітусяніна людзей на пераправе.– А яны за такое не пахваляць. – І ён абвёў рукою накіды і малюнкі, нагрувапічаныя ў найбольш сухім кутку.– Якая мне справа, – буркнуў Антось. – Я фатограф жыцця.Дапытлівая дзіўная ўсмешачка блукала на тлустых губах начнога госця. Антось не мог утрымацца, такая гэта была неталенавітая правакацыя, такое відавочнае жаданне коткі пагуляць са спайманай мышшу.– Неабдараваны вы чалавек. І справу ведзяцё бяздарна. Начальства – яно за гэта не пахваліць.І накінуў зноў пакрывала. Чалавек са здзіўленнем глянуў на яго. Ён стаяў спіною да дзвярэй у той момант, калі яны адчыніліся. Наступнае адбывалася, можа, якую долю хвіліны і зроблена было па-майстэрску: дзве рукі на запясцях начнога госця, дзве рукі на локцях, лёгкі штуршок у локці, і вось постаць яго сагнулася наперад, павісла, як на прэнчу. Доўгі не заўважыў і ценю здзіўлення на яго твары, калі руля “вальтэра” ўціснулася госцю паміж лапатак.– Марш!– Не чапайце мяне, не буду скардзіцца, – агрызнуўся арыштаваны.У адказ ss-ман злёгку штурхнуў яго нагою пад жыжыкі, і той, нахіліўшыся, як быццам яго ванітавала, выплыў разам з канваірам у цемру пляцоўкі.Другі афіцэр скінуў з мальберта пакрывала. У вачах яго загарэлася амаль пяшчотнае захапленне, веі павільгатнелі.– О-о! Прыма.Антось чуў, як яны спускаюцца па сходах. Вось адпусцілі, напэўна, рукі, вось сядаюць у машыну. Роў матора. Зараз нехта з іх дасць няўдаламу Відоку поўху – за дурасць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20