1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20

Госць прыходзіць на золкім світанні

Ён усміхнуўся і закрыў вочы. Трэба было ўцякаць.І ўсё ж яму не ўдалося ўцячы. Два дні ён рыхтаваў схованку эскізаў, малюнкаў і накідаў, а на трэці дзень за ім прыехалі на доўгай чорнай машыне.Пасярэдзіне галоўнай вуліцы быў расчышчаны ад цэглы толькі вузкі праезд для машын, і Доўгі здзіўляўся, чаму ўсе машыны, нават плямістыя ваенныя, нават белыя штабныя даюць ім дарогу. Ён азірнуўся. Поруч з ім, як ідал, застыў чалавек у цывільным. Ля яго ног сядзеў вялізны сабака-сышчык і глядзеў на Антося чалавечымі вачыма. Антось быў упэўнены, што яго заарыштавалі, і, калі машына пад’язджала да вялікай каробкі чатырохпавярховага дома, паклаў руку на ручку дзверцаў.– Но, без глупстваў! – на чысцейшай беларускай мове сказаў ідал.І ў той самы момант сабака пазяхнуў, адкрыўшы вялізную барвяна-ружовую зяпу і белыя, як снег, зубы.У глыбіні зяпы сладастрасна дрыжэў, завіваючыся ў канцы, вузкі ружовы язык.Антось зразумеў, што спробы ўцячы будуць дарэмнымі. Машына, набіраючы хуткасць, вылецела на адну з параўнаўча цэлых вуліц (асобныя будынкі стаялі на ёй, як зубы на выкрышанай сківіцы старога чалавека) і спынілася каля трохпавярховага асабняка, пафарбаванага прыемнай ружовай фарбай.Калі б Антось мог прадбачыць, што праз год гэты асабнячок будуць паспешна перафарбоўваць у шэры з цёмнымі пісягамі колер, што яшчэ праз некаторы час гэты асабняк выплюне на брук шкло са сваіх вокан і кавалкі мяса са сваіх пакояў – ён бы разрагатаўся, але цяпер яму зусім не было смешна.На ганку, дзе замерлі два вартавых з сабакамі, Антось пабачыў пад нагамі мазаічны надпіс: “Калі ласка”, і жорсткая іронія гэтага прывітання прымусіла яго ўсміхнуцца.Яго правялі проста ў зімовы сад. Магутныя пальмы з калматымі ліпкімі стваламі падпіралі шкляны дах вялізнага пакоя. Дзень выпагадзіўся, і вясёлае сонца скакала зайчыкамі па белых сценах, па дрэнных карцінах на іх, купалася праменнямі ў вялізнай чашы вадамёта. Антось сеў і стаў чакаць.Чалавек з’явіўся з-за пальмаў такой нячутнай хадою – быццам мяккія падушачкі былі на яго пятках, – што Антось здрыгануўся.— Дзень добры, шаноўны пане Доўгі. І голас яго быў журлівы, мяккі.– Вы прабачце, я яшчэ дрэнна размаўляю па-руску. Але нічога. Я сяк-так па-руску, вы так-сяк па-нямецку. Згаварымся, дамовімся неяк.Антось зразумеў, што перад ім нейкая вялікая шышка – столькі ўпэўненай, хоць і мяккай уладнасці было ў манерах чалавека. Цывільны касцюм з велымі дарагой пяшчотнай шэрай тканіны мяккімі складкамі аблягаў круглявыя формы гаспадара.Быў ён невысокі, даволі кругленькі, ладны, на мяккім твары як прыклееная сядзела самая лагодная, самая дабрадушная ўсмешка. І шэрыя вочкі масліліся пад вялікімі верхнімі павекамі. І ружовыя губкі былі складзены ў курыную дупку.Нават кароткія валасы на галаве былі нейкія плюшавыя, мяккія.“Аксамітны кот”, – падумаў Доўгі.Ён бы зусім не здзівіўся, калі б гэты чалавек, сустрэўшы сабаку, чуйдух пабег ад яго і залез на дрэва.Гаспадар пяшчотна глядзеў на яго, схіліўшы трохі ўбок галаву.Яны не паспелі праседзець так і хвіліны, калі за спіною Антося з’явіўся хударлявы сівы чалавек у форме палкоўніка.– Прабачце, дарагі пане Доўгі, – узвёўся гаспадар, паважна беручы з рук палкоўніка доўгі жоўты канверт, – я не больш як на пяць хвілін.Яны ўдвух адышлі ў нішу. Аксамітны кот сеў і адчыніў канверт. Да Антося даляталі ўрыўкі размовы. Гаварыў гаспадар, а палкоўнік стаяў перад ім навыцяжку.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20