Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны – не, нават дзіцёнка – з’явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?...Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.– Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.– Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец...– Я ведаю, – вельмі спакойна сказала яна, – купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць... высока... непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя... Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.– І, да таго ж, я наогул бачыла вас... раней.– Дзе? – шчыра здзівіўся я.– Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне... Часта... А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое... як быццам вы жылі калісьці, даўно... і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі... даўно-даўно.Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне – адвечны рэаліст – супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.– Я вас бачыла, – зноў паўтарыла яна. – Але хто вы! Я не ведаю вас.– Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст.Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма.– Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі?– Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі.Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся.Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: “У доме павешанага не размаўляюць пра шворку”.